«Прыгажосць роднага краю»

Культура

Менавіта так называлася мерапрыемства, якое сабрала разам аматараў народнай творчасці, удзельнікаў народнага клуба майстроў “Скарбонка” ў раённым Цэнтры культуры.

Майстар-клас дае Святлана Астрэйка

Шмат увагі ў нашым раёне надаецца захаванню і развіццю народнага мастацтва. З гэтай мэтай праводзяцца розныя мерапрыемствы народнай творчасці, дзе майстры дэманструюць сваё мастацтва, а гледачы маюць магчымасць убачыць гэтую прыгажосць і выказаць словы павагі і ўдзячнасці. Таму яшчэ да пачатку свята ў фае і танцавальнай зале РЦК разгарнулася выстава майстроў Капыльшчыны, на якой для прысутных праводзіліся майстар-класы па розным відам народнай творчасці.

На раённым свяце майстроў вітала начальнік аддзела культуры Наталля Царкова:

— Вы працуеце ў розных жанрах і відах народнай творчасці, але ўсіх вас родніць чуйнасць да хараства, імкненне ствараць прыгожае вакол сябе. А падобныя сустрэчы даюць магчымасць працягваць цудоўныя традыцыі па дэманстрацыі сваіх твораў, абменьвацца вопытам, знаёміцца з аднадумцамі і новымі відамі рамёстваў.

Затым пачалося ўзнагароджанне, падчас якога лепшыя майстры народнай творчасці з рук Наталлі Іванаўны атрымалі Ганаровыя граматы ад аддзела культуры райвыканкама і каштоўныя падарункі. Такога гонару ўдастоіліся майстры па вышыўцы Аліцыя Завора, Марыя Ганчар, Валянціна Біруля і Ірына Шваюк, умельцы па карунка- і бісерапляценні – Валянціна Берасневіч, Валянціна Макаед і Любоў Петрачэнка, майстры па дрэве – Іван Васілевіч і Аляксандр Філіпенка, па фларыстыцы – Яніна Холад, па лепцы з цеста – Валянціна Мяцельская, а таксама па кулінарнай справе – Валянціна Шыманская.

Здымак на памяць

Прыемна адзначыць, што на змену майстрам старэйшага пакалення прыходзіць моладзь, людзі адукаваныя, якія засвойваюць тэхналогію і мастацкія асаблівасці не толькі ад продкаў, але і з літаратуры ці сродкаў масавай інфармацыі. Вялікай увагі на выстаўцы заслугоўвалі работы сямейных калектываў Ганчар з в. Пацейкі і Чаркас з в. Быстрыца. Прыкладам для пераймання для Марыі Ганчар і Хрысціны Чаркас сталі іх матулі, якія змаглі прывіць дзяўчынкам любоў да прыгожага. Дарэчы, работы Машы Ганчар неаднаразова экспанаваліся на раённых і абласных мерапрыемствах, па выніках якіх толькі за бягучы год Маша двойчы стала дыпламантам абласных свят дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” у г. Клецку і па вышыўцы і пляценні паясоў “Умельцы” ў г. Узда.

А  якія  цудоўныя  рэчы атрымоўваюцца са звычайнага дрэва? Работы Віталя Грыцкевіча з в. Сл.-Кучынка і Уладзіміра Гарбуза з в. Руднае – гэта сапраўдная прыгажосць. Калі гэтыя майстры займаюцца фігурнай разьбой, то ў руках Івана Васілевіча з Капыля ажывае жывёльны свет. Толькі за бягучы год майстар прыняў удзел у двух пленэрах разьбы па манументальнай скульптуры ў г. Нясвіжы і на Гомельшчыне.

Народны ансамбль народнай песні “Спадчына”

У кожнай справе, каб яна атрымалася добрай і прыгожай, трэба мець талент, натхненне і вялікую ахвоту. Такімі асаблівасцямі валодаюць майстры па карункапляценні, умельцы, якія займаюцца пляценнем з бісера, а таксама мастак Юрый Дудараў, у калекцыі якога каля 200 работ. У асноўным Юрый Віктаравіч піша пейзажы, у першую чаргу мясціны Капыльшчыны і нацюрморты.

Упершыню на свята прыехалі майстры з аг. Пясочнае. Стружкавую мазаіку прадстаўляла майстар Святлана Астрэйка, у руках якой быццам расцвіталі жывыя кветкі. Такія вырабы ўпрыгожаць любы інтэр’ер памяшкання.

З новым відам мастацтва – аплікацыяй па тканіне —  прысутных знаёміла Ганна Стасевіч, мастацкі кіраўнік Песачанскага СДК.

Асаблівай увагі на выставе заслужылі работы Наталлі Валогі з в. Мажа, якая займаецца модульнай арэгамі. Як кажуць, спрытнасць рук — і са звычайнай паперы атрымоўваюцца цікавыя вырабы, трэба толькі мець цярпенне.

Падчас мерапрыемства цудоўны музычны настрой для прысутных стваралі народны ансамбль народнай песні “Спадчына” пад кіраўніцтвам Валянціны Зарамбоўскай і салістка Вольга Даманская. Правядзенне свята майстроў яшчэ раз даказала, што ў нас на Капыльшчыне шмат таленавітых людзей. Ва ўсіх іх ёсць любімая справа, а галоўнае – залатыя рукі, якія ствараюць прыгажосць. А прыгажосць і майстэрства жывуць разам, трэба толькі азірнуцца.

Таццяна БОХАН

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *