ГЕНЕРАЛЬНАЯ РЭПЕТЫЦЫЯ ПЕРАД ВАЖНАЙ ПАДЗЕЯЙ

Галоўныя падзеі

Выбары-2010

У мінулы аўторак актавая зала СШ № 2 г. Капыля ператварылася ў імправізаваны выбарчы ўчастак. Розніца была толькі ў тым, што за дзеяннямі ўчастковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Камсамольскага гарадскога ўчастка для галасавання №19 назіралі дзесяткі вачэй.

У ролі гледачоў выступілі старшыні і сакратары ўчастковых камісій, назіральнікі, якія там будуць працаваць падчас выбараў, а таксама старшыні сельскіх Саветаў Капыльшчыны. Праходзіла, так бы мовіць, генеральная рэпетыцыя важнай палітычнай падзеі. Такая вучоба спатрэбілася, каб дасканала засвоіць усе патрабаванні Выбарчага кодэкса і выключыць узнікненне прыкрых памылак у ходзе выбараў.

Самымі строгімі экзаменатарамі выступілі старшыня раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Іван Бабко і сакратар Сяргей Цвірко. Не менш уважлівымі і дасведчанымі аказаліся і гледачы, якія трапна прымячалі недакладанасці ў дзеяннях членаў участковай камісіі. А тым было няпроста, паколькі даводзілася “разруліваць” такія мудрагелістыя сітуацыі, што дапамагчы магло толькі дакладнае веданне Выбарчага кодэкса.

Гэтыя дзве гадзіны, якія ішло мерапрыемства, безумоўна, будуць карыснымі для прысутных і паспрыяюць таму, каб важная палітычная кампанія прайшла на высокім арганізацыйным узроўні і не выклікала ніякіх сумненняў у тых, хто будзе ўважліва назіраць за ёй.

Маргарыта САКОВІЧ

НА ЗДЫМКУ: ідзе ўмоўнае галасаванне.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *