Газеты: па старонках мiнулага

Пошта "СП"

Упэўнены: СМІ ў інтэрнэце ніколі не змогуць замяніць друкаваныя выданні. Больш таго: асаблівы гонар адчуваеш, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы гартаеш пажоўклыя ад часу газеты Вялікай Айчыннай вайны. Да цябе праз рукі нібы прыходзіць святое пачуццё памяці і ўдзячнасці нашым дзядулям і бацькам, што змагаліся за наш сённяшні шчаслівы дзень.

газета

Адразу заўважу, што ў Вялікую Айчынную вайну на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі выходзіла больш за 160 газет падпольных партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў. Асаблівым поспехам карысталіся газета-плакат «Раздавим фашистскую гадину» і сатырычны лісток «Партызанская дубінка». Ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму газеты дапамагалі глыбока патрыятычным словам  змагацца з ненавіснымі захопнікамі. Ужо з канца 1941 года падпольшчыкі выпускалі лістоўкі і бюлетэні – пераважна на пішучых машынках ці самаробных друкарскіх станках. А ў снежні 1941 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б стварыў першую ў сталіцы нелегальную друкарню, якая выпускала перыядычны лісток «Вестник Родины». На пішучай машынцы і гектографе з красавіка 1942 г. Магілёўская падпольная арганізацыя «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі» выдавала газету «За Родину». У маі надзвычай цяжкага 1942 г. выйшаў першы нумар газеты «Звязда» – органа Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б.  У прыфрантавой паласе з чэрвеня 1942 г.  выдавалася газета «Віцебскі рабочы». 15 снежня 1942 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снежні 1942 г. – студзені 1943 г. 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў. У такіх умовах выдаваўся і «Калгаснік Капыльшчыны». У Маскве быў наладжаны выпуск партатыўных друкарскіх машын, якія сканструяваў механік фабрыкі «Палесдрук» Ф. Пільціенка. У тыле ворага выдавалася шмат газет.

У ваенных СМІ змяшчаліся творы Янкі Купалы («Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю»), Якуба Коласа («Адпомсцім», «На абарону», «Душою і сэрцам мы з вамі, героі»,  «Фашысцкім бандытам»),  П. Броўкі,  К. Крапівы, А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Астрэйкі, П. Глебкі і іншых аўтараў. Цэлы зборнік вершаў А. Астрэйкі «Слуцкі пояс» у 1943 г. быў выдадзены ў друкарні слуцкай газеты «Народны мсцівец». Актыўна змяшчаліся ў газетах ваеннага часу партызанскія песні, прыпеўкі, фельетоны і інш.

А першы беларускі часопіс «Народный мститель» быў выдадзены 208-м партызанскім атрадам імя I.В. Сталіна яшчэ ў лютым 1942 г. Сярод найбольш сталых выданняў можна адзначыць: кіраўскі «Кіравец», гомельскі «Альманах партизанского творчества», бешанковіцкую газету «За Савецкую Беларусь»,  бярэзінскую – «Путь партизана»», капыльскую – «Калгаснік Капыльшчыны».

Сатырычнае выданне «Раздавим  фашистскую гадину» выходзіла на беларускай мове ў Гомелі,  Навабеліцы,  Мінску з  сакавіка 1942 да мая  1945 г. (да студзеня  1942  г. на рускай мове). Выдавалася і як агітплакат, і як газета-плакат, і як сатырычны часопіс. Рэдактарамі выдання былі Мчавускі і К. Крапіва. І менавіта гэтае сатырычнае выданне стала бацькам рэспубліканскага часопіса «Вожык», які пачаў выдавацца ў Мінску са жніўня 1945 г.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог,  краязнаўца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *