На полях ОАО «Мажа-Агро» прошел районный конкурс профессионального мастерства «Лучший пахарь»

Актуально Экономика

Удзел у ім узялі механізатары з адзінаццаці сельгаспрадпрыемстваў Капыльскага раёна.

Уменне араць зямлю шанавалася з даўніх часоў. І хаця на змену вясковым конікам прыйшлі магутныя трактары, а прымітыўны плуг змянілі шматкорпусныя агрэгаты, добра заараныя палеткі, як і раней, — аснова будучага багатага ўраджаю.

IMG_6748

Спаборніцтвы такога кшталту не праводзіліся на Капыльшчыне амаль дзесяць гадоў, аднак яго арганізатары ўпэўнены: конкурс патрэбны, каб папаўняць навыкі і ўдасканальваць майстэрства механізатараў. Не лішнім будзе і азарт, які ўзнікае падчас вызначэння лідараў і мабілізуе ўдзельнікаў спаборніцтва, нацэльвае іх на пос-пех і высокую рэзультатыўнасць. Да таго ж, прыклад лепшых заўсёды мае паслядоўнікаў.

Удзельнікаў мерапрыемства, арганізаванага ўпраўленнем райсельгасхарчу, райкамам прафсаюза работнікаў АПК, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, шчыра вітаў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ладыга.

Анатоль Ладыга адкрывае спаборніцтвы
Анатоль Ладыга адкрывае спаборніцтвы

— Мы рады, што на нашай капыльскай зямлі ёсць такія механізатары, як вы, якія могуць дастойна паказваць свае здольнасці, уменні і навыкі на лепшых узорах тэхнікі беларускай вытворчасці, — адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў спаборніцтваў, Анатоль Міхайлавіч. — Жадаем, каб кожны з вас прадэманстраваў, чаго ён варты.

Удзельнікі конкурсу аратых
Удзельнікі конкурсу аратых

Пра важнасць механізатарскай працы гаварыла і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч. Яна пажадала канкурсантам паспяховага выступлення і сумленнай барацьбы. Пасля кароткага інструктажу, падчас якога яшчэ раз былі нагаданы асноўныя патрабаванні і параметры ацэнкі выступлення, адбылася жараб’ёўка.

Па ўмовах конкурсу механізатары працавалі на трактарах маркі «Беларус-3022» або «Беларус-2522» з плугам ППО-8-40. Поле было разбіта на невялікія ўчасткі плошчай 80 сотак. Хутка яно пачало нагадваць мурашнік. Самая адказная работа — у лінейных суддзяў, якім неабходна было рабіць замеры і заносіць у спецыяльныя папкі адзнакі па 11 паказчыках якасці ворыва. Напрыклад, адзін з галоўных — яго глыбіня. Яна павінна быць 20 см, дапускаецца хібнасць у 1 см. За кожны сантыметр недабору або перавышэння здымаюцца два балы. Каб дасягнуць агульнай сумы ў 265 балаў, механізатарам неабходна прадэманстраваць ювелірнае майстэрства.

Валерый Прахарэня віншуе з перамогай Уладзіміра Карсюка
Працуюць лінейныя суддзі

У якасці лінейных суддзяў выступалі галоўныя аграномы і інжынеры гаспадарак. Напрыклад, работу механізатара ААТ «Піянер-Агра» ацэньвалі спецыялісты з ААТ «Старыца-Агра» і г. д. Пад увагу таксама браліся раўнамернасць ворыва па глыбіні, прамалінейнасць хода агрэгата, якасць заворвання раслінных рэшткаў. Неабходна было пры развароце «ўпісацца» ў адведзеныя межы, своечасова пачынаць заглыбленне плуга і даставаць яго з зямлі. Нельга было забывацца і на тэхніку бяспекі.

Безумоўна, не ўсім канкурсантам удалося паспяхова, без штрафных балаў справіцца з заданнем. Магчыма, ад хвалявання, якое заўсёды прысутнічае падчас спаборніцтваў, а хутчэй — ад таго, што ў гаспадарках не надаецца вялікай увагі рэгуліроўцы агрэгатаў, дакладнаму выкананню механізатарамі ўсіх патрабаванняў тэхналогіі пры вядзенні ворыўных работ. А гэта ўжо віна спецыялістаў агранамічнай і інжынернай службаў, якія не могуць наладзіць належны кантроль за работай сваіх падначаленых. Аб гэтым гаварыў Валерый Прахарэня, начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду, аналізуючы вынікі спаборніцтва. «Нягледзячы на ўсе недахопы, якія былі выяўлены, я думаю, што такія конкурсы вельмі патрэбны, — адзначыў Валерый Міхайлавіч. — І перш за ўсё таму, што механізатары, вярнуўшыся дамоў, раскажуць пра спаборніцтва сваім таварышам і пастараюцца больш не дапускаць такіх памылак».

Валерый Прахарэня віншуе з перамогай Уладзіміра Карсюка
Валерый Прахарэня віншуе з перамогай Уладзіміра Карсюка

Конкурс закончыўся, і механізатары выставілі тэхніку на лінейку гатоўнасці. Для іх наступіў перапынак, падчас якога знайшлося месца і абмеркаванням свайго выступлення, і пошукам памылак, а таксама прычын, якія не дазволілі выступіць больш паспяхова. А вось членам журы давялося не адзін раз абысці ўсе палеткі, каб супаставіць сваё меркаванне з ацэнкамі лінейных суддзяў і вызначыць лідараў. У гэты час гучаў канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» раённага Цэнтра культуры.

І вось пачалася цырымонія ўзнагароджвання. Начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерый Прахарэня павіншаваў канкурсантаў з завяршэннем спаборніцтва, адзна-чыўшы асноўныя недахопы ў рабоце механізатараў, якія былі выяўлены падчас яго. Вядома ж, у кожнай справе патрэбны прафесіяналы. Але не менш важным з’яўляецца жаданне вучыцца рабіць сваю справу так, каб за яе не было сорамна.

На гэты раз сваё майстэрства пацвердзілі механізатары-пераможцы Уладзімір Карсюк з ААТ «Семежава» (І месца), Ігар Цвілевіч з СГФ «Руднае» ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» (ІІ месца) і Аляксандр Шчэрба з КСУП «Доктаравічы» (ІІІ месца). Ім уручылі Ганаровыя граматы Капыльскага райвыканкама і каштоўныя падарункі ад РК прафсаюза работнікаў АПК.

Вельмі задаволены застаўся сваім выступленнем Ігар Цвілевіч. Чытачы нашай газеты яго ведаюць як неаднаразовага пераможцу раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых сярод маладых удзельнікаў жніва. Як бачна, і з трактарам механізатар спраўляецца не горш. Пытаюся: «У чым сакрэт поспеху?» У адказ Ігар усміхаецца: «Відаць, у тым, хто з дзяцінства марыў працаваць на зямлі. А яшчэ прывучаны сваю справу заўсёды выконваць як след».

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *