Работник детской библиотеки Светлана Пукач свою дальнейшую профессию связала именно с этим учреждением

Актуально Культура

Хто ён, наш малады сучаснік? Аматар наведваць дыскатэкі і клубы ці геймер, які гадзінамі не падымаецца з-за камп’ютара? Ёсць і такія, але гераіня нашага расказу — самастойная мэтанакіраваная дзяўчына. Яе праца і захапленні звязаны з цудоўным светам кніг.

— Наша Святлана… — менавіта так падчас размовы называла дзяўчыну намеснік дырэктара бібліятэкі па рабоце з дзецьмі Валянціна Камінская. І далей працягвала: — Святлана Пукач працуе ў нас ужо тры гады. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на працягу першых двух гадоў яна лічылася маладым спецыялістам. Затым вырашыла застацца працаваць у нашай бібліятэцы. У яе абавязкі ўваходзіць абслугоўванне чытачоў у чытальнай зале і на хатнім абанеменце, састаўленне актаў па спісанні літаратуры.

IMG_5186

Святлана вельмі спакойны і далікатны чалавек, — дадае Валянціна Дзмітрыеўна. — Яна ніколі не адмовіць, калі звернешся да яе з якой-небудзь просьбай ці даручэннем. На працягу гэтых трох гадоў станавілася ўдзельніцай спартыўных спаборніцтваў, канцэртных праграм, турзлётаў. І да ўдзелу ў кожным ставіцца з высокай адказнасцю. Трэба адзначыць, што падчас правядзення разнастайных дзіцячых мерапрыемстваў Святлана праяўляе і артыстычныя здольнасці. Да таго ж яна валодае добрай памяццю, што дазваляе ёй хутка і якасна запамінаць ролі. Ведаеце, не любіць наша Святлана сядзець без работы. Калі атрымліваецца так, што няма дзяцей-чытачоў, яна заўсёды знойдзе сабе занятак: то фонд падправіць, то часопісы падшые. Калі трэба — праявіць ініцыятыву, але зробіць гэта вельмі далікатна, з павагай да калег.

Пасля заканчэння Лясноўскай СШ вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Чаму? Вось як адказвае дзяўчына:

— Мне падабаецца працаваць з кнігамі і з дзецьмі: і тыя, і другія заўсёды не перастаюць здзіўляць, з імі адначасова і цікава, і спакойна. Ёсць у маім жыцці людзі, якім я вельмі ўдзячна: гэта класны кіраўнік Браніслава Іванаўна Кавалеўская, якая навучыла быць сапраўдным чалавекам, гэта супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі Валянціна Дзмітрыеўна Камінская, Святлана Аляксандраўна Усс і Валянціна Дзмітрыеўна Хартановіч, якія дапамаглі зрабіць першыя прафесійныя крокі. І, канешне,  дырэктар  раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Таццяна Пятроўна Серая, якая заўсёды дасць добрую параду, дапаможа вырашыць складаныя пытанні.

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *