В Копыльском районном краеведческом музее открылась выставка «Дакрананне»

Галоўныя падзеі Культура

Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў у Капыльскім раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Дакрананне» беларускага мастака і педагога Алеся Квяткоўскага. На яе адкрыццё прыехаў сам аўтар з жонкай Вікторыяй і сынам Севярынам.

Мастак Алесь Квяткоўскі нарадзіўся ў Валожыне ў 1952 годзе. З пяцігадовага ўзросту пачаў вучыцца маляванню ў студыі Рэспубліканскага палаца піянераў у Мінску. Пазней, з 1978 па 2003 год, ён узначальваў студыю выяўленчага мастацтва «Квецень». Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, манументальным мастацтве. У актыве мастака больш за 30 персанальных выстаў. Каля 150 работ знаходзіцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях у Беларусі і за яе мяжой. Палотны майстра можна знайсці нават у Індыі.

Алесь Квяткоўскі з юнымі мастакамі ў ваколіцах Дусаеўшчыны
Алесь Квяткоўскі з юнымі мастакамі ў ваколіцах Дусаеўшчыны

Асаблівы гонар – паказаць свае творы на Капыльшчыне, бо карані мастака тут: у XIX ст. у в. Дусаеўшчына жыў яго дзед Адольф Іосіфавіч Квяткоўскі, хата якога і зараз знаходзіцца ў добрым стане. Таму перад адкрыццём выставы Алесь Квяткоўскі разам з педагогамі і навучэнцамі Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў накіраваўся ў названую вёску, дзе і прайшоў раённы пленэр.

Творца правёў майстар-клас, падчас якога прапанаваў кожнаму юнаму мастаку выбраць месца для напісання карціны. Як адзначыў мастак, у кожнага чалавека свая фантазія, дзе замест аблокаў могуць быць абраны коні, а дрэвы – незвычайнага колеру. Таму мастак ужывае свае асабістыя прыёмы дзеля апісання таго, што адбываецца навокал.

Вікторыя Квяткоўская
Вікторыя Квяткоўская

Пасля некалькіх гадзін творчага працэсу ўсе адправіліся ў музей. Тут удзельнікамі сустрэчы сталі першыя наведвальнікі і госці.

Алесь Квяткоўскі расказаў пра выставу, пра тое, якія карціны прадстаўлены ўпершыню. Побач з ім была жонка Вікторыя, работы якой таксама знаходзяцца ў экспазіцыі. Акрамя таго, яна з’яўляецца аўтарам музыкі на вершы знакамітых беларускіх паэтаў, таму падчас сустрэчы Вікторыя выканала некалькі песень, якія спадабаліся ўсім прысутным.

Дырэктар ДУ «Капыльскі раённы краязнаўчы музей» Валянціна Шуракова падарыла Вікторыі Квяткоўскай кветкі ў знак удзячнасці за прыемную сустрэчу.

Дусаеўшчына вачамі мастака
Дусаеўшчына вачамі мастака

Напрыканцы мерапрыемства Алесь Квяткоўскі падарыў музею карціну «Дусаеўшчына», на якой пакінуў свой подпіс. На памяць ён паставіў  аўтографы ўсім жадаючым на паштоўках – рэпрадукцыі гэтай карціны.

Трэба адзначыць, што кожная работа Алеся Квяткоўскага – гэта асабісты светапогляд на незаўважальную нам сутнасць у свеце прыроды і лю-дзей. Таму кожную карціну можна разумець па-свойму.

Выстава «Дакрананне» будзе працаваць  да пачатку ліпеня. Прыходзьце, вам спадабаецца!

Павел ШЭІН

Фота аўтара



1 комментарий по теме “В Копыльском районном краеведческом музее открылась выставка «Дакрананне»

  1. Вікторыя Ільлінская (сапраўднае Квяткоўская):

    Дзякуй вялікі і ад мяне і ад Алеся. Удакладню толькі,што карціны і музыку я ствараю пад сваім творчым псеўданімам Вікторыя Ільлінская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *