Добрым делом и теплым словом

Общество

“Паважаная рэдакцыя! Піша вам пенсіянерка з в. Саўкова, інвалід ІІ групы, Галіна Марцінаўна Муха, — так пачынаецца ліст, які прыйшоў да нас у першыя студзеньскія дні новага года. — Хачу выказаць падзяку сацыяльнаму работніку Наталлі Іванаўне Міцкевіч, якая пражывае ў в. Чыжэвічы, за дабрыню, увагу, спагадлівасць і цеплыню ў адносінах да нас, пажылых людзей. Дай Бог ёй здароўя на доўгія гады!”

На двары кружацца сціплыя студзеньскія сняжынкі. Неба зацягнута шэрым павуціннем аблокаў, а ў хаце Галіны Марцінаўны Мухі — цёпла і ўтульна: напалена печ, зелянее фікус, на стале па-навагодняму прыбраная невялічкая ёлачка. За гэтыя немудрагелістыя хатнія зручнасці жанчына і ўдзячна Наталлі Іванаўне Міцкевіч.

— Дзякуй, што прыехалі, — кажа Галіна Марцінаўна. — Я без сваёй Іванаўны ну зусім, як без рук! Яна мне і вады прынясе, і брыкету, і печку распаліць, і ежу, калі трэба, згатуе. Нават і масаж на спіне калі-нікалі зробіць або лекамі намажа, бо самой жа, вядома, нязручна. Зараз я жыву адна. Міхаіл, мужык мой, ужо амаль 15 гадоў таму памёр.  Дзеці раз’ехаліся па розных гарадах. У кожнага свае справы, свае праблемы. А адной мне вельмі нязручна: левая рука амаль не падымаецца — карова на ферме пабіла. Даўно ўжо гэта было. З той пары цяжка мне і хадзіць. Таму і вырашыла скарыстацца дапамогай сацыяльнага работніка. Каб аформіць гэтую паслугу, звярнулася спачатку да загадчыка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ “Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Святланы Чарніковіч, потым — да інспектара Алы Грыбок. І ўжо год, як дапамагае мне мая Іванаўна.

Н. І. Міцкевіч і Г. М. Муха за кубачкам духмянага чаю
Н. І. Міцкевіч і Г. М. Муха за кубачкам духмянага чаю

Галіне Марцінаўне 71 год. Усё жыццё яна адпрацавала спачатку на свінагадоўчай ферме, потым на цялятніку.

Наталля Іванаўна Міцкевіч у сістэме сацыяльнага абслугоўвання з 2001 года. За гэты час зарабіла рэпутацыю працавітага, выканаўчага, уважлівага, адказнага работніка.

— Спачатку, — расказвае жанчына, — цяжка было. Я ж па адукацыі аператар пастэрызацыі і ахалоджвання малака, і працавала раней на масласырзаводзе. А тут — работа з людзьмі. Зусім усё па-іншаму. Зараз у мяне на абслугоўванні 10 чалавек з вёсак Перавоз і Саўкова. Жыву я ў Чыжэвічах. Вясной ды летам на веласіпедзе ез-джу, зімой падвозіць мужык: ён працуе ў Саўкове на ферме. Раніцай прый-дзеш да каго-небудзь са сваіх падапечных і тут жа даведаешся, каму што ноччу балела, хто як спаў. І гора сваё раскажуць, і радасць. Зусім, як дзеці! Я ўжо без іх і сумую. У гэтай вёсцы абслугоўваю яшчэ аднаго дзядулю, Мікалая Данілавіча Рылу, якому больш за 80 гадоў. Вядома ж, сумна жыць аднаму ў хаце, пагаварыць няма з кім.

— А я за 15 гадоў прывыкла да адзі-ноты, — зноў уступае ў размову Галіна Марцінаўна, — то навіны па тэлевізары пагляджу, то кнігу святую пачытаю. Ведаеце, я ж прымала ўдзел у будаўніцтве царквы ў імя святога апостала Іаана Багаслова, што стаіць на нашых могілках. Зараз да нас прыехаў новы святар,  айцец  Сяргей Мархотка. Ой, удзячны мы яму! Такі добры і шчыры святар! А ў нашай царкве ёсць камень з адбіткам нагі Багародзіцы. Яго знайшлі яшчэ да рэвалюцыі. Калі ў гэты адбітачак наліць вады, а потым яе прылажыць на хворае месца — дапамагае! Так, здароўе ўжо не тое, што было. Калі ціск падымецца, вызываю хуткую дапамогу. Бывала, трапляла ў бальніцу і ў Капыль, і нават у Бараўляны. Тады ўжо Наталля Іванаўна прыязджала кожны дзень, даглядала маіх курак. Вясной і летам  яна дапамагае  садзіць і палоць агарод,  восенню — выбіраць бульбу. Бачыце, печка якая прыгожая? Гэта мая Іванаўна яе пабяліла! Яна і шторы памые, і папрасуе. І да аўталаўкі, якая прыязджае да нас два разы на тыдзень, яна ж ходзіць. …Ды і наогул, — уздыхае бабуля, — у вёсцы зараз не так шмат жыхароў засталося. Нават пагаварыць не заўсёды ёсць з кім. Але да мяне заўсёды патэлефануюць Ганна Дзіткоўская ды Ганна Муха. Дзякуй ім за гэта!

— Наталля Іванаўна, — звяртаюся да сацыяльнага работніка, — вы так наробіцеся за дзень, а хто ж вам дапамагае дома?

— Усю работу па гаспадарцы выконвае муж. Я гатую ежу ды кацёл распальваю. У вольную хвіліну люблю пачытаць, асабліва раёнку — ад пачатку і да канца прачытаю! Цікава паглядзець які-небудзь фільм на жыццёвую тэму. Маю дваіх дзяцей і нават аднаго ўнука. Справа, якой я займаюся, вельмі падабаецца. Бабулькі ды дзядулькі мае — вельмі ўдзячныя людзі.

Дарэчы, пачуццё ўдзячнасці ўласціва і Галіне Марцінаўне. Пра што б яна не гаварыла, каго б не ўспомніла — заўсёды знойдзе за што падзякаваць.

— Калі ласка, — просіць бабулька, — напішыце, што мы вельмі ўдзячны дырэктару ААТ “Піянер-Агра” Аляксандру Рыгоравічу Макарчуку, які заўсёды дапаможа з тэхнікай на ўборцы бульбы або для іншых сельскагаспадарчых патрэб. Ніколі не адмовіць!

Дзіяна Ткачэнка

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *