Знайшла сваё прызванне

Чалавек і яго справа

Сапраўдная сямейная дынастыя жывёлаводаў ёсць у вёсцы Кацельнікі. І наша гераіня — Іна Мікалаеўна Зінькевіч — уваходзіць у яе склад.

Іна Зінькевіч
Іна Зінькевіч

Больш за 40 гадоў адпрацавала даяркай яе маці. Сама Іна, будучы яшчэ вучаніцай чацвёртага класа, ужо бегала на ферму, каб дапамагчы маме даіць кароў (уручную!). Да нядаўняга часу была аператарам машыннага даення на МТФ “Кацельнікі” малодшая сястра Іны Мікалаеўны. А сама жанчына сёлета адзначае 25-годдзе з таго дня, калі ў яе працоўнай кніжцы з’явіўся запіс аб прыёме на работу ў калгас “Пралетарый” (цяпер ААТ “Душава”). І  нават нягледзячы на тое, што летась атрымала магчымасць выйсці на заслужаны адпачынак, не кідае работу, якой прысвяціла ўсё сваё жыццё. Старэйшая дачка Эдзіта таксама абрала прафесію жывёлавода: разам з маці яны дояць 200 кароў. Летась на МТФ “Душава” прайшла рэканструкцыя, была пабудавана новая даільна-малочная зала. Тут жа слесарам працуе і муж Іны Мікалаеўны — Міхаіл Анатольевіч.

У свой час Іна Мікалаеўна атрымала прафесію швачкі, але пасля таго, як выйшла замуж і ў маладой сям’і пайшлі дзеці, вырашыла вярнуцца ў родную вёску і прадоўжыць матчыну справу. І ў гэтым, як аказалася, яе прызванне.

У Зінькевічаў чацвёра дзяцей — усе дарослыя, маюць свае сем’і, аднак не забываюць бацькоў, часта наведваюць, і тады ва ўтульным вясковым доме нібы святлее ад дзіцячага смеху трох унукаў, якіх вельмі любяць бабуля і дзядуля. У спраўных гаспадароў прыгожы і дагледжаны двор, з ранняй вясны да позняй восені радуюць вока яркія кветкі, якія вельмі любіць Іна Мікалаеўна. А доўгімі зімовымі вечарамі, ухадзіўшыся па гаспадарцы, жанчына з задавальненнем вяжа для сваіх унукаў абноўкі.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *