У раённым краязнаўчым музеі працуе выстава мастакоў Святланы і Уладзіміра Швайбовічаў, прымеркаваная да 740-годдзя Капыля

Культура

Святлана і Уладзімір Швайбовічы

У  зале прадстаўлены палотны і малюнкі ў разнастайных жанрах: пейзаж, партрэт, нацюрморт, монатыпія.  Першымі наведвальнікамі выставы сталі сябры і калегі, якія сказалі шмат цёплых слоў у адрас сям’і Швайбовічаў. Галоўнае, што адзначалі ўсе прысутныя, — арыгінальнасць тэхнікі і прафесіяналізм творцаў.

Увогуле, менавіта сорак гадоў таму, калі Капыль рыхтаваўся да свайго 700-годдзя, вызначыўся лёс тады яшчэ маладых мастакоў-афарміцеляў. Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава ў 1973 годзе, па ініцыятыве Капыльскага райкама партыі, Святлана і Уладзімір былі размеркаваны ў Капыль, дзе ў той час адкрыўся філіял Мінскага мастацка-вытворчага камбіната Мастацкага фонду БССР. Дзякуючы карпатлівай рабоце творчых людзей населены пункт стаў набываць свой эстэтычны выгляд: непаўторны інтэр’ер і экстэр’ер устаноў і будынкаў, пано,

На выставе

вітражы, аб’ёмная пластыка — усё гэта стваралася на вачах у капылян. Але каб ажыццявіць тую ці іншую задумку, кожны праект дружнага калектыву філіяла павінен быў прайсці праз строгі кантроль Рэспубліканскага мастацкага савета ў г. Мінску. І капыльскім мастакам-афарміцелям гэта ўдавалася. Пра іх высокі прафесіяналізм гаворыць і такі факт: іх работы не раз экспанаваліся на выставах афарміцельскага мастацтва ў сталіцы краіны. У 1993 годзе Святлана Канстанцінаўна і Уладзімір Піліпавіч былі прыняты ў Саюз мастакоў Рэспублікі Беларусь як мастакі-афарміцелі.

Святлана Швайбовіч многа гадоў удзельнічала ў выставах жанчын-членаў Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. Яе непаўторныя карціны экспанаваліся ў перасоўнай рэспубліканскай, шматлікіх абласных выставах настаўнікаў выяўленчага мастацтва. І заўсёды аўтар твораў адзначалася за арыгінальную тэхніку і прафесіяналізм. Паралельна з асноўнай работай яна выкладала ў раённым Доме піянераў, а затым у Дзіцячай школе мастацтваў, дзе працуе і зараз настаўнікам выяўленчага мастацтва вышэйшай катэгорыі. Штогод яе вучні паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Уладзімір Швайбовіч захапляўся маляваннем эскізаў алоўкам — партрэтаў, пейзажаў. Прычым, сюжэты часта былі выпадковымі. Асаблівае месца на выставе займаюць работы, з героямі якіх  ён сустракаўся на вакзалах падчас паездак, у чэргах, на вуліцах, бачыў з тэлевізійнага экрана. Шмат партрэтаў у экспазіцыі — гэта калегі “па цэху” і простыя капыляне. Такіх малюнкаў у калекцыі Уладзіміра Швайбовіча назапасілася каля тысячы.

Бясспрэчна, што выстава, якая будзе працаваць на працягу месяца, не пакіне раўнадушнымі нікога з наведвальнікаў. Тым больш, што многія работы цесна звязаны з капылянамі і горадам, які для Святланы і Уладзіміра Швайбовічаў даўно ўжо стаў сваім, родным.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *