«Старыца-Агра» – надзейнае звяно

Рэальная эканоміка

Улічваючы тое, што адкрытае акцыянернае таварыства “Старыца-Агра” – сельгаспрадпрыемства шматгаліновае, вялікую ўвагу ў ім надаюць як жывёлагадоўлі, так і раслінаводству. Для ўтрымання больш чым 7000 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1300 кароў, неабходна дастатковае забеспячэнне кармамі, у тым ліку і збожжам.

Уладзімір Рудакоўскі

Закладка грунтоўнага падмурка пад ураджай пачалася з восені папярэдняга года: было пасеяна больш чым 2000 га азімых, пераважна пшаніцы. Частка палеткаў была занята трыцікале, але яна дрэнна перазімавала, таму каля 400 га давялося перасеяць ці падсеяць.

Аднак нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, якія паўплывалі на ўраджай, у ААТ “Старыца-Агра” сёлета з улікам кукурузы атрымана 16 908 т збожжа – самы лепшы паказчык па валавым намалоце ў раёне, сярэдняя ўраджайнасць склала 67,9 ц/га. Улічваючы сітуацыю з азімымі, стаўку зрабілі на зерне кукурузы, якой пасеялі  каля 1000 га. Сяўбу гэтай культуры распачалі ранняй вясной на пясчаных участках так званай “уздзенскай” зоны. І ў выніку – добрая аддача. Так, намалочана каля 7500 т зерня.

Як і ў папярэднія гады, сёлета нядрэнна ўрадзіў рапс: сабрана па 40 ц/га, намалочана 1800 т.

Дзяржзаказ па пастаўках харчовай пшаніцы на Барысаўскі і Слуцкі камбінаты хлебапрадуктаў таксама выкананы. У запасе яшчэ ёсць каля паўтысячы тон дабраякаснага зерня для рэалізацыі. Сельгаспрадпрыемства поўнасцю забяспечыла сябе фуражным збожжам, каб рыхтаваць добрыя камбікармы і атрымліваць прадукцыю ў жывёлагадоўлі.

Галоўны аграном Аляксандр Логіш з экіпажам у складзе Аляксандра Стоша і Сяргея Рыбака

– Сёлетняя ўборачная ў нашым сельгаспрадпрыемстве прайшла ў аптымальныя тэрміны, – адзначае дырэктар ААТ “Старыца-Агра” Уладзімір Рудакоўскі. – Вялі яе 13 камбайнавых экіпажаў, сярод якіх было шмат тысячнікаў. Усе свае заданні яны выканалі і перавыканалі. У ліку лепшых можна назваць экіпажы, дзе старшыя камбайнеры Аляксандр Рончык, Віктар Дарашэвіч, Міхаіл Дарашэвіч, Сяргей Рыбак і іншыя.

Сёлета ААТ “Старыца-Агра” не страціла свае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне і па вырошчванні бульбы. Як і планавалася, накапана яе звыш 10 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць склала 401 ц/га. Нават не вельмі спрыяльныя ўмовы надвор’я не пашкодзілі добраму ўраджаю.

– Вырошчванне бульбы – працэс для нас традыцыйны, – гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Рудакоўскі. – Сёлета яна займала 250 га. Створана спецыяльнае звяно. Так, на пасадцы нядрэнна працавалі механізатары Віктар Дарашэвіч і Анатоль Вярэль. Апрацоўваў палеткі Алег Бялько. Выкопваць дапамагалі вучні мясцовай і гарадскіх школ, але стаўка  рабілася на механізаваную ўборку, дзякуючы якой работы праведзены на 70% плошчаў. На трох імпартных камбайнах працавалі  Віктар Дарашэвіч, Аляксандр Рубіс і Аляксандр Жарнасек.

На сарціроўцы бульбы

Частка бульбы была рэалізавана адразу ж, працягваецца продаж і зараз па неблагой цане – 2,5-3 тыс. рублёў. Заключаны кантракт на пастаўку ў Расійскую Федэрацыю, згодна з якім ужо 5,5 млн расійскіх рублёў паступіла на рахунак гаспадаркі. Таксама заключаны дагаворы з Мінскай абласной клінічнай бальніцай, РУП “Кастрычніцкі”, пачалі напрамую працаваць з магазінамі г. Мінска.

Рэалізоўвацца бульба будзе і пазней. А для яе захоўвання ў сельгаспрадпрыемстве створаны належныя ўмовы: у сховішчах падтрымліваецца неабходны мікраклімат, працуе сістэма вентыляцыі, працэс кантралюецца з дапамогай камп’ютара. Паколькі ААТ “Старыца-Агра” з’яўляецца элітгаспадаркай па вырошчванні насення, то тут таксама маецца для захоўвання і наступнай рэалізацыі каля 2 тысяч тон элітнага насення культуры.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *