Надзейная ахова

Праздник

Сваё прафесійнае свята 29 кастрычніка адзначылі супрацоўнікі Капыльскага аддзялення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Кісялёў віншуе са святам ветэрана службы Мікалая Турэйскага

З года ў год калектыў службы якасна выконвае галоўную задачу — забеспячэнне надзейнай аховы аб’ектаў па складзеных дагаворах, раскрыццё злачынстваў і ахова грамадскага парадку ў зонах і на маршруце патрулявання.

У штаце аддзялення  сёння працуе 64 чалавекі, з якіх 15 — міліцыянеры, 49 — вольнанаёмныя работнікі. Супрацоўнікі раённага аддзялення Дэпартамента аховы “на выдатна” нясуць сваю службу, за што неаднаразова былі адзначаны ў ліку лепшых сярод аналагічных аддзяленняў аховы Мінскай вобласці. Такія высокія паказчыкі невыпадковыя: калектыў пастаянна праводзіць трэніроўкі, у тым ліку сумесныя вучэнні са спецыялістамі аддзела па надзвычайных сітуацыях і нарадамі міліцыі.

За 9 месяцаў бягучага года супрацоўнікі аддзялення здзейснілі 526 выездаў па сігнале “Трывога”, з іх 52 — на спрацоўванне трывожных кнопак, падчас якіх затрымана 15 парушальнікаў. За бягучы год службай раскрыта 5 крымінальных спраў, з іх дзве — з выкарыстаннем службовага вышуковага сабакі. Таксама супрацоўнікамі аддзялення затрымана 192 пешаходы-парушальнікі і перададзены работнікам аддзялення ДАІ для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

“За 61 год існавання сістэмы аховы служба прайшла няпросты і дастойны шлях, — сказаў падчас віншавання калектыву, ветэранаў службы са святам начальнік Капыльскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксандр Кісялёў. — Сёння Дэпартамент аховы — гэта залог грамадскай стабільнасці, устойлівага развіцця краіны, здароўя і спакою нашых жыхароў. У барацьбе са злачыннасцю, часта рызыкуючы сваім жыццём, вы не раз даказвалі вернасць грамадзянскаму доўгу, вернасць прысязе. Упэўнены, вы здольны выканаць любыя пастаўленыя перад вамі задачы!” Словы ўдзячнасці за прафесіяналізм і годнае выкананне сваіх абавязкаў прагучалі таксама ад намесніка начальніка Капыльскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўніка Уладзіміра Рудакоўскага.

Пасля афіцыйнай часткі віншаванні з прафесійным святам асабіста ад Аляксандра Кісялёва атрымалі і супрацоўнікі аддзялення, якія знаходзіліся непасрэдна на баявым пасту.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *