З сяўбой рапсу справіліся ў аптымальны тэрмін

Актуально Экономика

Як лічаць спецыялісты, аптымальны тэрмін для сяўбы азімага рапсу — да 25 жніўня. З гэтай задачай паспяхова справіліся земляробы КСУП “Доктаравічы”, якія першымі ў раёне завяршылі сяўбу важнай сельскагаспадарчай культуры. Азімы рапс сёлета заняў 210 гектараў.

Механізатар Іван Монак і галоўны аграном Рыгор Загорцаў

Сёлетні ўраджай азімага рапсу парадаваў аграрыяў: сабралі 28,7 цэнтнера з гектара (сярэднераённы — 24,3), прыплюсаваўшы 3 цэнтнеры да мінулагодняга паказчыка, паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Рыгор Загорцаў. Сваю ролю сыграла захаванне тэхналогіі сяўбы. “У гэтым годзе культура добра выйшла з зімоўкі. Паўплывала таксама і прымяненне рэгулятараў росту, немалаважна, што зрабілі дзве падкормкі”, — адзначыў спецыяліст.

Але гаспадарцы па сілах дасягнуць больш важкіх паказчыкаў. “Летась сеялі гатунак Зорны. Пры захаванні ўсяго тэхналагічнага ланцужка з яго максімальна можна атрымаць каля 35 ц/га, — тлумачыць Рыгор Загорцаў. — Сёлета закупілі насенне ў ААТ “Старыца-Агра”. З набытым гатункам Капітал на нашых землях можна рэальна сабраць 35-40 цэнтнераў з гектара. Пасля сяўбы маслічнай культуры будзе праведзена хімпраполка, каб росту рапсу не перашкаджала зелле, будуць унесены рэгулятары росту”.

Ля вёскі Ужа на трактары  МТЗ-3022 з камбінаваным пасяўным агрэгатам АПП-6 сяўбу азімага рапсу вёў Іван Монак. Па ўсім было відаць, што зямля ўжо крыху перасохла: за клубамі пылу амаль не было відаць тэхнікі. З гэтай работай вопытны механізатар спраўляўся на “выдатна”, праходзячы па 50 га ў дзень.

Аляксандр Шчэрба на ўзворванні глебы.

Паралельна з сяўбой у гаспадарцы займаюцца звозкай саломы, подкошваннем траў на зялёны корм і інш. Яшчэ адным важным момантам у гэты час з’яўляецца ворыва. Да надыходу маразоў неабходна ўзараць 1100 гектараў пад азімыя, яшчэ 800 — пад яравыя. Асноўную работу выконваюць тры адзінкі тэхнікі з чатырох- і васьмікорпуснымі абаротнымі плугамі. У гаспадарцы падлічылі: каб паспець выканаць гэту работу, неабходна ўзворваць каля 75 га ў дзень. Ля в. Вуглы вёў ворыва адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Аляксандр Шчэрба. У дзень на МТЗ-3022 з 8-корпусным абаротным плугам праходзіць па 22-24 га, перавыконваючы даведзенае заданне.

Напрыканцы жніўня выйдуць у поле камбайны, каб пачаць уборку кукурузы на зерне і закладку сіласу. Кукурузныя палеткі сёлета занялі плошчу ў 300 га. Крыху пазней КСУП “Доктаравічы” пачне сяўбу азімых збожжавых.  Гэта работа будзе праведзена на 910 гектарах.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *