Фестывалю “Маладзечна” – 20 гадоў

Галоўныя падзеі

На сцэне маладзечанскага амфітэатра
На сцэне маладзечанскага амфітэатра

7—8 чэрвеня ў г. Маладзечна  адбыўся ХІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Фестывалю “Маладзечна” — 20 гадоў!”, у якім прыняла ўдзел і дэлегацыя Капыльскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алай Раеўскай. Сёлета фестываль прысвячаўся адразу тром юбілейным датам — 20-годдзю музычнага мерапрыемства, 75-годдзю Мінскай вобласці і 625-годдзю г. Маладзечна.

Яшчэ 12 гадоў таму пры падтрымцы прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі фестываль у гэтым маляўнічым горадзе набыў статус шырокамаштабнага культурнага свята. На працягу двух дзесяцігоддзяў галоўная мэта форуму застаецца нязменнай — прапаганда беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, беларускай мовы і літаратуры. Гэты нацыянальны праект уключае разнастайныя мерапрыемствы для ўсіх катэгорый гледачоў.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў маладзечанскім амфітэатры. Словы прывітання ўдзельнікам і гасцям свята выказаў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які таксама агучыў пасланне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Шчыра адгукнуўся аб фестывалі губернатар вобласці Барыс Батура. “Шмат аўтарытэтных людзей садзейнічалі таму, каб гэта яскравае свята жыло і набывала ўсё новых і новых прыхільнікаў. Словы асаблівага прызнання, падзякі за высакародную дзейнасць у гэтым напрамку заслугоўвае народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг. За невялікі тэрмін існавання фестываль паспеў набыць шырокую папулярнасць і стаць адной з самых прыкметных падзей у культурным жыцці Беларусі, — падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама. — Але галоўная мэта нашага фестывалю ў першую чаргу ў тым, каб вы самі пачулі голас роднай зямлі, які так цёпла і пранікнёна гучыць у беларускай песні”.

У рамках правядзення фестывалю адбыўся Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, дзе сваё майстэрства дэманстраваў 21 удзельнік з розных куткоў краіны. Ужо ўвечары ўшаноўвалі лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў. Журы, якое ўзначаліў прафесар Міхаіл Фінберг, гран-пры фестывалю прысудзіла Валерыі Грыбусавай з Магілёва. Першае месца заняла Наталля Кірыенка з г. Жодзіна, два другія — у Ксеніі Жук з Мінска і ў Андрэя Чабана з Віцебскай вобласці. Трэція — у Ягора Шаранкова з Гомельскай і ў Андрэя Цямчыка з Брэсцкай вобласці. Ва ўрачыстай абстаноўцы міністр культуры Барыс Святлоў на сцэне амфітэатра пад бурныя апладысменты гледачоў уручыў маладым выканаўцам дыпломы конкурсу.

Працягам культурнага вечара стала прэм’ера канцэрт-най праграмы “20 гадоў разам з Маладзечнам”. Пад акампанемент Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга сваё майстэрства гасцям свята дарылі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Алеся Дзержавец, Яна Старцава, Юрый Вашчук, Руслан Мусвідас, Дзмітрый Качароўскі і многія іншыя.

На працягу двух дзён не сціхала музыка амаль у кожным куточку горада. Мерапрыемствы праходзілі ў парку культуры і адпачынку імя Перамогі, на цэнтральнай плошчы, у Палацы культуры г. Маладзечна, на музычным падвор’і Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага, а таксама ў доме культуры п. Чысць. Для ўдзельнікаў культурнага свята былі прадстаўлены выставы народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, дзіцячая канцэртна-гульнёвая праграма “Маладзечна — мой горад дзяцінства”.

У абстаноўцы фестывалю прыгожы старажытны горад набываў нейкую адметную прыцягальнасць, якая кожнаму надавала асаблівы, святочны настрой.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

Удзельнікаў фестывалю вітае Барыс Батура
Удзельнікаў фестывалю вітае Барыс Батура
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў
Дэлегацыя Капыльскага раёна
Дэлегацыя Капыльскага раёна


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *