Перамагла дружба

Спорт

У дзяржаўнай установе адукацыі “Мажскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад–пачатковая школа” ў чарговы раз прайшло мерапрыемства “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”. Месцам правядзення спаборніцтваў была абрана спартыўная зала Капыльскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Адкрыццё спартакіяды

Мэта спартыўнага свята – арганізацыя вольнага часу ў сям’і, умацаванне здароўя дзяцей і іх бацькоў, прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё спартыўных навыкаў і пачуцця сяброўства.

Спартакіяда складалася з 11 конкурсаў, у якіх дзве каманды “Ну, погоди!” і “Алые паруса” сустрэліся, каб выявіць, хто мацнейшы. Сярод гледачоў — вучні і выхаванцы пачатковай школы і дзіцячага сада, якія падтрымлівалі кожны сваю каманду рознакаляровымі плакатамі. У зале панавала вясёлая атмасфера. Кожнае спаборніцтва суправаджалася радаснымі воклікамі, гучнай падтрымкай.

Каманда «Ну, погоди!» - пераможца

Пасля сямі конкурсаў журы падвяло папярэдні вынік, у якім каманда “Ну, погоди!” значна пераўзыходзіла “Алые паруса”, а пасля ўсіх  выпрабаванняў даказала свае моц і непахіснасць у агульным камандным заліку. У асабістым заліку другое месца занялі сем’і Чаркас, Кульбіцкіх, Міцько і мнагадзетная сям’я Чумак, якая прымае ўдзел ужо некалькі год запар. На першым месцы п’едэстала гонару — сем’і Захарчэня, дзве Чаркас і Пярэська.

Падчас спаборніцтваў

У склад журы ўваходзілі старшыня Капыльскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства “Чырвоны крыж” Ніна Жук, старшыня Капыльскага сельвыканкама Вольга Купрыенка, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Мажскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад–пачатковая школа” Мая Ясючэня і намеснік дырэктара Таццяна Цырына, якія напрыканцы спартыўнага свята ўручылі ўдзельнікам граматы і падарункі.

Гледачы падтрымліваюць каманды

Трэба адзначыць, што арганізатарамі цудоўнага спартыўнага свята сталі настаўнікі пачатковых класаў Юлія Рэбянок і Ірына Капарыха. Дзякуй ім за гэта.

Павел ШЭІН

Фота аўтара




 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *