Навіны рэгіёна: Пацейкаўскі сельскі Савет

Новости

в. Пацейкі

Мадэрнізацыя фермы працягваецца

Ідзе рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Пацейкі”на 600 галоў. З ходам будаўнічых работ пазнаёміўся старшыня Мінабл-выканкама Барыс Батура, які наведаў ААТ “Прагрэс 2010”. Была дадзена станоўчая ацэнка і пастаўлена задача паскорыць тэмпы работ і завяршыць будаўніцтва да верасня бягучага года.

в. Жавулкі

Урок мужнасці

Па ініцыятыве бібліятэкара Пацейкаўскай сельскай бібліятэкі А. Мазоль рыхтуецца ўрок мужнасці “Жавулкі — сястра Хатыні” для моладзі і навучэнцаў Пацейкаўскай ДАСШ. Ён адбудзецца 5 лютага, у дзень, калі 70 гадоў таму адбылася трагедыя: фашысцкімі акупантамі былі спалены 512 мірных жыхароў.

в. Печураны

Сустрэліся з вяскоўцамі

У  доме сацыяльных паслуг в. Печураны прайшла чарговая сустрэча прадстаўнікоў сельвыканкама з мясцовымі жыхарамі. Старшыня сельскага Савета Генадзь Лопух расказаў пра сітуацыю ў раёне, выслухаў пажаданні і скаргі грамадзян. Медыцынскія кансультацыі дала загадчыца Душаўскага ФАПа Ж. Вайтовіч. Акрамя таго вяскоўцы мелі магчымасць набыць медыкаменты.

в. Траянава

Пазбавілі ад клопатаў

Сіламі членаў таварыства паляўнічых і рыбаловаў, участковага інспектара міліцыі і ў прысутнасці прадстаўніка мясцовай улады на полі паміж Траянавам і Пацейкамі быў праведзены адстрэл бадзяжных сабак, зграя якіх ужо не адзін месяц дастаўляла шмат клопатаў мясцовым жыхарам. Як паведамілі ў Пацейкаўскім сельвыканкаме, сітуацыя  застаецца на кантролі.

в. Душава

Ішла Каляда

Тэатралізаванае каляднае шэсце па вуліцах вёскі адбылося напярэдадні Нараджэння Хрыстова. У свяце, арганізаваным работнікамі Душаўскага сельскага Дома культуры, актыўны ўдзел прынялі члены падлеткавага клуба “У коле сяброў”, які працуе пры ўстанове культуры. Юнакі і дзяўчаты стукаліся ў вясковыя дамы, каб павітаць гаспадароў песнямі і жартамі і павіншаваць іх са святамі.

Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.