Новае аб Цішку Гартным

Культура

Цішка Гартны вярнуўся на Капыльшчыну. Не, сам ён, на жаль, ужо ніколі не зможа пераступіць парог былой гарбарні, дзе некалі працаваў і ў будынку якой зараз месціцца Капыльскі краязнаўчы музей. На радзіме знакамітага земляка адкрылася выстава “Цішка Гартны. Пясняр змагання і свабоды”. Матэрыялы, прадстаўленыя на выставе, складаюцца з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

На стылізаваных пад рукапісы пачатку ХХ стагоддзя банерах надрукаваны фотаздымкі Капыля, Вількаміру (цяпер горад Укмерге ў Літве), Мінска канца ХІХ –  пачатку ХХ стагоддзяў, самога Цішкі Гартнага, яго бацькоў і роднай хаты. А пасярэдзіне музейнай залы ўзвялічваецца барэльеф пісьменніка. За шклом музейных стэндаў сустракаюць наведвальнікаў выставы мастацкія творы “Зялёны шум”, “Сокі цаліны”, фотаздымкі ў старадаўніх рамках і нават камізэлька светла-карычневага колеру, якая памятае свайго знакамітага гаспадара.

Адкрывае выставу Валянціна Шуракова, дырэктар Капыль- скага краязнаўчага музея. І тут жа перадае слова Лідзіі Макарэвіч, дырэктару ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры». Лідзія Міхайлаўна нагадвае ўсім прысутным пра заслугі Цішкі Гартнага, пра подзвіг, якім стаў увесь жыццёвы шлях гэтага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча. Слова бярэ наступны госць, Андрэй Унучак, загадчык сектара гістарыяграфіі і метадаў гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук. З яго вуснаў капыляне пачулі пра некаторыя малавядомыя старонкі бія- графіі Гартнага. А вось Анатоль Бутэвіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык, падрыхтаваў падарункі і Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры, і Капыльскаму краязнаўчаму музею. Аказваецца, менавіта Зміцер Жылуновіч мог стаць першым песняром, якому ў далёкім 1923 годзе было б прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі. Але, але… Вось копіі дакументаў, што сведчаць аб гэтым намеры тагачаснага ўрада Беларусі, і перадаў Анатоль Іванавіч. Знакаміты архітэктар, Аляксей Сергачоў,які нарадзіўся ў г. Капылі, прадставіў і вырашыў перадаць у фонд музея свае каляровыя малюнкі з відамі роднага горада. Цікава, што сваякі Аляксея Сяргеевіча памяталі Цішку Гартнага, яго бацькоў. А сам ён некалі жыў недалёка ад таго дома, дзе нарадзіўся пісьменнік.

Вельмі падрабязнай была экскурсія, якую правяла Паліна Саўгень (на здымку), аўтар навуковай канцэпцыі экспазіцыі. Усе жадаючыя, для каго гісторыя роднай краіны з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю, могуць наведаць выставу на працягу ўсяго студзеня.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *