Сугучна алімпіядзе

Актуально Спорт

З 27 па 29 ліпеня ў г. Капылі праходзіла штогадовая спартакіяда дзяржаўнага аб’яднання “Белвтормет”, прымеркаваная да 90-годдзя ўтварэння дзяржаўнай сістэмы па зборы і перапрацоўцы лому, адходаў чорных і каляровых металаў. У спартакіядзе прынялі ўдзел 10 каманд  дзяржаўнага аб’яднання: ААТ “Белвторчермет”, прыватнае прадпрыемства “Брествторчермет”, “Могилеввторчермет”, “Витебсквторчермет”, “Гродновторчермет”, “Гомельвторчермет”, ААТ “Белцветмет”, “Палессеэлектрамаш” (г. Лунінец Брэсцкай вобласці), “СИТОМО” (г. Кобрын Брэсцкай вобласці) і “Тэхнапрыбор» (г. Магілёў).

Каманда-пераможца з А. Анашкам (у цэнтры)

На працягу трох дзён каманды ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах і спаборніцтвах. У першы дзень у аг. Мажа, дзе быў разбіты лагер, спартыўныя дружыны вітаў генеральны дырэктар ДА «Белвтормет» Аляксей Анашка. Пасля ўдзельнікі спартакіяды прадстаўлялі візітныя карткі, выносячы на суд журы і мудрагелістыя кулінарныя стравы, і нумары мастацкай самадзейнасці, і, нават, цэлыя касцюміраваныя прадстаўленні. Больш за ўсё спадабалася прысутным шоу ААТ “Белвторчермет” з усходнімі танцамі і завадной музыкай. Увогуле, для журы было вельмі складана назваць лепшага, таму кожная каманда была адзначана ў асобнай намінацыі.

Адборачны тур па валейболе

Наступныя два дні на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу г. Капыля адбываліся сапраўдныя спартыўныя баталіі па лёгкаатлетычным мнагаборстве (скачок у даўжыню з месца, эстафета 4х100 м), падніманні гіры, валейболе, стрытболе, настольным тэнісе, перацягванні каната. Самымі відовішчнымі сталі гульні па валейболе і стрытболе, дзе прадстаўнікі каманд дэманстравалі выдатную, амаль прафесійную падрыхтоўку. Гарачую падтрымку адчувалі і ўдзельнікі фіналу па перацягванні каната.

Па выніках спаборніцтваў у агульнакамандным заліку мацнейшай сёлета стала каманда «Гомельвторчермета» (17 ачкоў). Другое месца заняло ААТ «Белвторчермет», а трэцяе — «Гродновторчермет».

Стрытбол

Генеральны дырэктар Аляксей Анашка ўручыў камандам-пераможцам медалі, граматы  і памятныя прызы. Удзельнікі раз’язджаліся ў выдатным настроі. У наступным годзе спартакіяда ДА «Белвтормет» пад свае сцягі зноў збярэ ў Капылі аматараў здаровага ладу жыцця. Падтрымка раённай улады, выдатная арганізацыя спаборніцтваў з боку супрацоўнікаў аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, відовішчныя ландшафты нашай зямлі прыйшліся даспадобы ўдзельнікам спартакіяды.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара




 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *