Камбайны — на прысядзiбных участках

Галоўныя падзеі

Гаварыць пра поўнае заканчэнне ўборкі збожжавых і зернебабовых можна толькі тады, калі будуць убраны збожжавыя на прысядзібных участках вяскоўцаў. У некаторых сельгаспрадпрыемствах гэта работа ўжо ідзе поўным ходам, а нехта плануе завяршыць яе да бліжэйшых выхадных.

Такія планы, прынамсі, у сельгасфіліяле “Крыніца”. Ужо да чацвярга збожжавыя з палеткаў вяскоўцаў былі ўбраны ўсюды, акрамя Слабада-Кучынкі. Але і тут з самай раніцы распачалася работа. Такая адказная справа была даверана камбайнаваму экіпажу ў складзе Аляксандра Коршука і Васіля Трыгубовіча. Чаму адказная? Бо, як тлумачыць Васіль, трэба ўмець спрытна кіраваць камбайнам на такім маленькім кавалку зямлі, каб пры гэтым не пашкодзіць ні яблыні, ні якія-небудзь пабудовы ці агароджу…

…Тры праходы камбайна па ўчастку — і на разасланую поліэтыленавую плёнку сыплецца пшанічны ручай. Гаспадары Ніна Рыгораўна і Уладзімір Антонавіч Дубовікі з задавальненнем набіраюць поўныя прыгаршчы зерня. “Добрая пшанічка вырасла, — гаворыць Ніна Рыгораўна. — Будзе чым курэй карміць. Нам цяпер ніякіх клопатаў: чакай сваёй чаргі, прыедзе камбайн, абмераюць участак, абмалоцяць, а нам застаецца толькі грошы ў касу заплаціць”.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *