Кожны яе ўрок непаўторны

Чалавек і яго справа

У жыцці сустракаешся з рознымі людзьмі: добрымі, таленавітымі, працавітымі. А бывае і так, што ўсе названыя рысы зіхацяць рознымі прамянямі ў адным чалавеку. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Людміла Уладзіміраўна Лазоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 1 г. Капыля”. Сустрэча з гэтым таленавітым педагогам становіцца кожны раз адкрыццём нейкага новага вострава або адразу цэлага акіяна на бязмежнай карце, якой з’яўляецца Беларуская мова.

Вось былы вучань пачатковай школы ўпершыню адчыняе дзверы ў свет Вялікай навукі. Што яго чакае тут? Сустрэчы з ведамі. Дапамагае расквеціць сустрэчы з роднай мовай менавіта Людміла Уладзіміраўна. Кожны ўрок педагога становіцца для хлопчыкаў і дзяўчынак адзіным і непаўторным. Менавіта таму пры выбары прадмета для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні вучні аддаюць перавагу беларускай мове. Неаднойчы выпускнікі Людмілы Уладзіміраўны мелі самыя высокія балы на тэсціраванні, станавіліся пераможцамі творчых конкурсаў, алімпіяд.

Сапраўдны настаўнік вучыць здабываць веды самастойна. Толькі ў гэтым выпадку ён з’яўляецца прафесіяналам, Настаўнікам з вялікай літары. І ўжо сёння вучні Людмілы Уладзіміраўны могуць самастойна вандраваць па бяскрайніх прасторах Беларускай мовы, не баючыся трапіць на нябачныя рыфы памылак. Урокі беларускай літаратуры дапамагаюць юнакам і дзяўчатам пазнаць незнаёмы свет, дзе ім давядзецца ўпэўнена крочыць. Літаратурныя творы становяцца добрым матэрыялам, па якім Людміла Уладзіміраўна дае ўрокі жыцця.

Кожны вучань для настаўніцы — адзіны і непаўторны. Гэта замацаванае правіла прываблівае да яе і бацькоў, якія ўдзячны не толькі за веды па мове і літаратуры, але і за добрае выхаванне сваіх нашчадкаў. Людміла Уладзіміраўна дапамагае мамам і татам убачыць сыноў і дачушак па-новаму, адкрыць нябачныя на першы погляд таленты.

Кожны чалавек (і асабліва маленькі) знойдзе ў Людмілы Уладзіміраўны Лазоўскай тое, што дапаможа яму дасягнуць жыццёвай мэты. І гэта – сапраўдны прафесіяналізм, сапраўднае майстэрства.

Сваё жыццёвае і педагагічнае крэда Людміла Уладзіміраўна адзначыла так: “Добразычлівасць у адносінах да вучняў, упэўненасць ва ўласных сілах, шчырасць, якая дапамагае адкрываць нязведаны свет сэрцаў іншых і самой станавіцца лепшай. Адказнасць за сваю працу і дзяцей, якія вераць у цябе.”

Дзіяна ТКАЧЭНКА,

намеснік дырэктара ДУА “Гімназія №1 г. Капыля” па НМП

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *