«Важна захаваць стан эмацыянальнага пад’ёму, калі ўсё па плячы»

Маладзёжная палітыка Чалавек і яго справа

Наталля ГАРБАЦЭВІЧ,

начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама:

«Важна захаваць стан эмацыянальнага пад’ёму, калі ўсё па плячы»

Візітная картка:

Родам з Капыля. У 2002 годзе закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя  М. Танка. Працавала настаўніцай у Ляшнянскай, Семежаўскай СШ, гімназіі №1 г. Капыля. З 2006 па 2012 год — першы сакратар райкама ГА “БРСМ”, у красавіку 2012 г. прызначана начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама.

– На пачатак 2012 года ў раёне пражывае звыш 6000 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года (з іх 2198 – у горадзе і 4343 – у сельскай мясцовасці). Колькасць навучэнскай моладзі ва ўзросце ад 14 гадоў склала 1125 чалавек, працоўнай – 4876.

У раёне, як і ў рэспубліцы, значная ўвага надаецца развіццю маладзёжнага руху, стварэнню і функцыянаванню грамадскіх аб’яднанняў моладзі. У ліку самых шматлікіх можна назваць ГА “БРСМ” і “БРПА”, РАС ДТСААФ, арганізацыю выратавальнікаў-пажарных, клубы юных інспектараў дарожнага руху.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце з’яўляецца патрыятычнае выхаванне маладых грамадзян, фарміраванне ў іх палітычнай культуры, стымуляванне свядомага, адказнага і актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці раёна і вобласці. Гэта шматлікія агітпрабегі, акцыі, сустрэчы з ветэранамі, спартакіяды і г. д.

Пры арганізацыі вольнага часу моладзі сумесна з аддзеламі культуры, адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму аддзел па справах моладзі і грамадскія аб’яднанні імкнуцца максімальна рэалізаваць творчы патэнцыял моладзі, надаюць шмат увагі прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Немалаважным напрамкам з’яўляецца арганізацыя работы з маладымі сем’ямі. Ужо традыцыйнымі сталі конкурсы “Супермама”, “Супертата”, на лепшае вясковае падвор’е, спартландыі.

Рознапланавую дзейнасць у сельскіх населеных пунктах раёна арганізоўвае маладзёжны перасоўны шматпрофільны цэнтр, у рабоце якога задзейнічаны разнастайныя службы, установы, спецыялісты.

Напрыканцы дазвольце павіншаваць з адным з самых яскравых святаў – Днём моладзі. Вы маладыя і энергічныя, верыце ў свае сілы і ў тое, што аднойчы свет зменіцца і стане такім, якім бы вам хацелася. Вельмі важна захаваць гэты стан эмацыянальнага пад’ёму, калі ўсё па плячы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *