Жніво пачалося

Экономика

Хлебаробы СВК “Мажа-Агра” аднымі з першых на Капыльшчыне распачалі ўборку азімага рапсу.  У брыгадзе “Вусава” на КЗС-1218 працуе  Аляксандр Улашчык.

Дастаткова аднаго камбайна, каб справіцца з уборкай гэтай культуры,  таму што з 200 гектараў пасля зімоўкі “выжыла” толькі 27. Але і над імі давялося папрацаваць. Спачатку падкармілі азотнымі ўгнаеннямі, пасля папоўнілі недахоп бору, а таксама ўнеслі аміячную салетру, мікраэлементы. Дзейнічалі згодна з рэкамендацыямі вучоных, якія даследавалі стан рапсу на тэрыторыі нашага раёна. Шкада, што не ўдалося ўратаваць усе пасевы. Плошчы з загінуўшымі раслінамі давялося перасеяць ячменем.

Наогул, як сцвярджае кіраўнік гаспадаркі Мікалай Гурыновіч, сёлета яравыя культуры ўзялі верх над азімымі, і плануецца па ўраджайнасці іх значнае пераўзыходжанне. Праўда, ліўні і моцныя вятры палажылі не адзін дзесятак гектараў пасеваў. Адным словам, уборка 1662 гектараў збожжавага кліну будзе зусім няпростай. На гэта настроены і экіпажы ўсіх шасці камбайнаў, якія ў дзень нашага прыезду яшчэ раз аглядвалі свае машыны, звяртаючы асаблівую ўвагу на ўшчыльнікі і сцеблапад’ёмнікі. Страт не павінна быць – гэта галоўная задача на ўборачную кампанію.

Месцазнаходжанне СВК “Мажа-Агра” паблізу Капыля стварае дадатковыя кадравыя праблемы. Але падчас жніва і гэта пытанне вырашана станоўча. У складзе некаторых камбайнавых экіпажаў, звенняў па дапрацоўцы збожжа – прадстаўнікі Капыльскага СПЛ, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, арганізацый горада. Па ініцыятыве РК ГА “БРСМ” на зернетаку будзе працаваць маладзёжны атрад.

Па словах Мікалая Гурыновіча, сёлета на жніве мяркуюць задзейнічаць значна больш людзей, чым летась. Гэты факт прымусіў адмовіцца ад дастаўкі абедаў з Капыля, а арганізаваць кармленне ўдзельнікаў уборачнай кампаніі ўласнымі сіламі. Прыведзена ў парадак сталовая, вырашана пытанне з кадрамі, на развозку абедаў і падвячоркаў выдзелена два аўтамабілі, на мехдвары праведзена рэканструкцыя душавой. Адным словам, клопат пра чалавека павінен кампенсаваць тыя цяжкасці, з якімі давядзецца сустрэцца падчас масавай уборкі. Вельмі ж непрадказальная сёлета нябесная канцылярыя.

Марыя ШЭІНА

НА ЗДЫМКУ: камбайнер А. М. Улашчык і кіраўнік сельгасучастка №1 В. А. Чаркас на ўборцы рапсу.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *