Першы зімовы экзамен

Общество

Доўгачаканая класічная зіма са снегападамі і маразамі прыйшла-такі ў Беларусь. Але ў сукупнасці з прыемнымі воку пейзажамі ды вясёлымі забавамі для дзяцей прынесла пэўныя клопаты як для многіх арганізацый, так і для насельніцтва. Асаблівую заклапочанасць гэты перыяд выклікае ва ўдзельнікаў дарожнага руху. Ці ёсць праблемы з абслугоўваннем дарог раёна і вуліц горада – пра гэта наша гутарка са спецыялістамі адпаведных служб.

Заўсёды напагатове

Першым даў тлумачэнні інжынер па бяспецы руху філіяла КУП “Мінск-аблдарбуд” ДРБУ-124 Андрэй Леус:

– Цяпер на абслугоўванні ДРБУ-124 знаходзіцца 778,3 кіламетра дарог і ўсе без выключэння расчышчаны. Да зімы мы падрыхтаваліся  загадзя. Для гэтага нарыхтавалі пясчана-солевую сумесь для апрацоўкі дарожнага пакрыцця. У да-дзены момант яе маецца 4103 тоны.

Для ачысткі дарог у нас выкарыстоўваецца 7 адзінак трактароў, на якія навешаны адвалы, задзейнічаны 3 пагрузчыкі і столькі ж аўтагрэйдараў. Працуюць 4 МАЗы са спецыяльным абсталяваннем для раскідвання процігалалёднага матэрыялу, але ў іх таксама маюцца адвалы, і, пры неабходнасці, яны могуць быць выкарыстаны для расчысткі дарог.

– Андрэй Мікалаевіч, ці ёсць вызначаны графік, паводле якога ажыццяўляецца расчыстка дарог?

– Як такога графіка няма, але ў нас арганізавана кругласутачнае дзяжурства, ёсць адказны дзяжурны са складзе ІТР (працаўнікі, якія здзяйсняюць арганізацыю і кіраўніцтва вытворчым працэсам на прадпрыемстве), які можа прымаць рашэнні, засноўваючыся на сітуацыі.

– У апошні час надвор’е часта прыносіць сюрпрызы. Што вашай службе дапамагае прадпрымаць своечасовыя крокі?

– У нас увесь час вядзецца маніторынг надвор’я паводле даных інтэрнэту і зводак РАНС, нашай абласной структуры. Ёсць і свой метэапост, дзе самастойна можам вымяраць вільготнасць, тэмпературу, ціск, таўшчыню снежнага покрыва, вызначыць кірунак ветру. Таксама існуе «Парадак арганізацыі і правядзення работ па зімовым утрыманні аўтамабільных дарог», дзе апісана ўся тэхналогія дзеянняў. Да таго ж, усе вадзіцелі ў гэты перыяд папярэджаны, што іх могуць падняць нават сярод ночы на расчыстку і падсыпку. У такім працоўным рэжыме ў нас і прайшоў перыяд Каляд і Новага года.

Каб было камфортна вадзіцелям і пешаходам

Што робіцца для бяспекі дарожнага руху ў горадзе, паведаміў начальнік участка шматгаліновых паслуг КУП “Капыльская ЖКГ” Аляксандр Шыдлоўскі:

– Тэхніка, а таксама работнікі, замацаваныя за прыдамавымі тэрыторыямі, імкнуцца своечасова рабіць ачыстку вуліц (агульная працяглась – 41,9 км), тратуараў і двароў. З наяўных 11 адзінак тэхнікі пакуль задзейнічаны толькі восем. У прынцыпе снег прыбіраем ўвесь час. У залежнасці ад інтэнсіўнасці ападкаў робіцца і ачыстка тратуараў.

– За вашай службай замацаваны і некаторыя вуліцы аграгарадкоў. Як там падтрымліваецца парадак?

– У нас падпісаны дагаворы з гаспадаркамі, на тэрыторыі якіх знаходзяцца гэтыя населеныя пункты, паводле якіх снег з вуліц  прыбіраецца сіламі сельгаспрадпрыемстваў.

– Ці ўсе вуліцы паспяваеце прыбіраць належным чынам?

– На  дадзены момант (18 студзеня, серада – С. Л.) наша тэхніка прайшла па ўсёй замацаванай тэрыторыі. Калі паступае інфармацыя, што дзесьці неабходна паправіць становішча, выязджаем і даводзім вуліцу да належнага стану.

– Месцамі назіраецца галалёдзіца, як на праезнай частцы, так і на тратуарах. Як змагаецеся з ёй?

– Для гэтага выкарыстоўваем пясчана-солевую сумесь, і ў залежнасці ад умоў надвор’я робім яе рознай  кансістэнцыі. Праезная частка апрацоўваецца па меры неабходнасці. Таксама на вуліцах горада, дзе маюцца тратуары, ёсць і пясок. Калі ўтварыўся галалёд, у любы момант работнікі ЖКГ могуць апрацаваць гэтыя пешаходныя дарожкі.

Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *