Наш гонар і слава

Культура

Мне заўсёды імпануюць людзі сціплыя, творчыя, інтэлігентныя. І вось зараз хочацца расказаць менавіта пра такіх. Гэта пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч і член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Леаніда Падвойская, якія знайшлі час прыехаць у Навасёлкаўскую СШ.

Такая творчая сустрэча з пісьменнікамі і іх творамі настройвае на пазітыўны лад, паднімае прэстыж кнігі і чытання. Дзеці ўжо на наступны дзень беглі ў бібліятэку, каб узяць кнігі, якія падарылі госці. Гэта “Зерне да зерня”, “Хто мы, адкуль мы”, “Маладзік над заснежаным шляхам” А. Марціновіча і кнігі “Максім” і “Алёна” з цыкла “Предтечи зверя” Л. Падвойскай.

Леаніда Іванаўна – гэта пачынаючы пісьменнік. Яна піша ў вольны ад працы час і калі надыходзіць натхненне… А вось Аляксандр Андрэевіч выступаць у друку як журналіст пачаў яшчэ школьнікам. З-пад яго пяра выйшлі ў свет 39 кніг. У свой юбілейны 2011 год (яму  споўнілася 65 гадоў) пабачылі свет 4 кнігі: “Григорий Булацкий: Перекрестки судьбы”, “Серенада под осенью столетий: Признание в любви Беловежской пуще”, “Нежность звездного неба: Историческая повесть”, “Свяці, зорка, свяці”: Дзецям пра Максіма Багдановіча; нарысы”.

Алесь Марціновіч на працягу не аднаго дзесяцігоддзя раскрывае нацыянальную гісторыю праз асобы знакамітых беларусаў і іншых народаў, якія плённа працавалі на карысць нашай Бацькаўшчыны. Яны стваралі славу і гонар яе. Гэта мастакі, вучоныя, пісьменнікі, кампазітары і іншыя, якія жылі і тварылі на Беларусі. Гісторыя Беларусі ў асобах – гэта вяршыня творчасці пісьменніка. Гэтая серыя заснавана ў 2007 годзе, дзе праз эсэ, нарысы, апавяданні прасочаны лёсы больш як 300 знакамітых суайчыннікаў і тых, хто нарадзіўся ў іншых краінах, але звязаў свой лёс з беларускім краем. Гэта кнігі “Зерне да зерня”, “Хто мы, адкуль мы”, “У часе прасветленыя твары”, “Птушкі з пакінутых гнёздаў” і інш.

Марціновіч вядомы чытачу як старанны даследчык, тонкі знаўца дзіцячай псіхалогіі, аўтар мастацка-пазнавальных твораў для дзяцей: “Святая Еўфрасіння”, “Златавуст з Турава”, “Сімяён, сын Полацка”, “Як Гурка ворагаў граміў”; казак “Віця Неслух у краіне Мурашоў” і інш.

На ІІ з’ездзе Саюза пісьменнікаў, які праходзіў 17 – 18 кастрычніка 2011 г. Аляксандр Андрэевіч быў абраны членам праўлення СП Беларусі. Ён жа з 2011 года – загадчык аддзела крытыкі часопіса “Полымя”.

Пра творчасць можна пісаць бясконца. Але хто цікавіцца жыццём і лёсам гэтага чалавека, я прапаную прачытаць кнігу “З росных сцяжын” (яны маюцца ў сельскіх бібліятэках). У гэтым зборніку складзены аўтабіяграфіі творцаў слова, у т. л. і Марціновіча “Іншага жыцця не ўяўляю”. Гэта вельмі цікавы аповед пра жыццёвыя і літаратурныя сцежкі. А з якой любоўю ён піша пра свой родны кут, пра бацькоў. Шмат іншага, аб чым можна даведацца толькі ў гэтым артыкуле. З вялікім захапленнем я прачытала ў зборніку і аўтабіяграфію яго жонкі. Гэта вельмі цікавая, творчая, інтэлігентная натура. Яна выхоўвалася ў сям’і, дзе велізарнае месца ў жыцці займалі кнігі. Дзе самае захапляльнае на свеце – свет прыроды, свет прыгожага пісьменства і свет мастацтва – музыкі, тэатра, кіно. І сама Таццяна Міхайлаўна працавала і працуе ў самых розных жанрах.

Уладзіслава ЕРМАЛІНСКАЯ, бібліятэкар Навасёлкаўскай СШ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *