У Капыльскім раёне адбыўся абласны семінар-вучоба старшынь раённых Саветаў дэпутатаў Мінскай вобласці на тэму “Аб павышэнні эфектыўнасці сумеснай работы органаў тэрыторыі грамадскага самакіравання, сельскага выканаўчага камітэта і падведамасных арганізацый па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”. Асаблівая ўвага дэпутатаў была скіравана на правядзенне планёрак, іх эфектыўнасць у вырашэнні шырокага спектра пытанняў, якія ўзнікаюць у рабоце сельвыканкамаў.

У адміністрацыйным будынку ААТ “Старыца-Агра” Слабада-Кучынскага сельсавета ўдзельнікаў форуму віталі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд. У адкрыцці семінара прыняў удзел старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Ён пазнаёміў прысутных з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, расказаў пра яго перспектывы.
Ужо ў Пацейкаўскім сельсавеце народныя выбраннікі даведаліся пра арганізацыю і правядзенне планёрак старшынёй сельвыканкама Генадзем Лопухам з кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Удзельнікі семінара-вучобы пазнаёміліся з ходам выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, работай з пустуючымі сядзібамі і па навядзенні парадку на зямлі. Асабліва старшыняў райсаветаў дэпутатаў зацікавіў праект парку ў аграгарадку і яго рэалізацыя. Пра гэта падрабязна расказаў аўтар праекта мастак Уладзімір Швайбовіч. Шэраг пытанняў быў адрасаваны і ўчастковаму інспектару міліцыі старшаму лейтэнанту Вячаславу Паўловічу па аператыўным становішчы, прыёме грамадзян. Святлана Герасімовіч адзначыла плённую працу актыву сельвыканкама і падкрэсліла, што калі яна і надалей будзе праводзіцца — вынік не прымусіць сябе доўга чакаць.

Не менш актуальным стаў вопыт правядзення планёрак са старэйшынамі вёсак, які склаўся ў Капыльскім сельвыканкаме. Яго кіраўнік Вольга Купрыенка адзначыла, што такая работа праводзіцца ўжо даўно, таму, калі прыйшла на пасаду старшыні, гэту традыцыю не пакінула без увагі. Цяпер старэйшыны – першыя памочнікі, якія здольныя сумесна з сельвыканкамам вырашаць праблемы сваёй вёскі, кожнага чалавека. Пра работу дома сацыяльных паслуг у в. Чырвоны Партызан расказала яго загадчыца Настасся Сянчук.
У якасці экскурсіі прайшло азнаямленне з тэрыторыяй Доктаравіцкага і Блеўчыцкага сельсаветаў.
Як добраўпарадкоўваюцца аграгарадок Цімкавічы і тэрыторыі іншых населеных пунктаў у выніку сумеснай работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, сельвыканкама і падведамасных арганізацый, распавяла старшыня сельвыканкама Алена Острыкава. Удзельнікаў семінара зацікавіў вопыт работы КУП “Цімкаўлянка”, якое аказвае насельніцтву шырокі спектр паслуг. Стала цікавым і выступленне Алены Мечыславаўны, падмацаваны дэманстрацыяй слайдаў, пра арганізацыю вольнага часу жыхароў сельсавета, добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак.

На пленарным пасяджэнні сваімі назіраннямі ад убачанага падзяліліся старшыні Пухавіцкага, Мядзельскага раённых Саветаў дэпутатаў Юрый Шапавалаў, Алег Бараўко і іншыя. Яны адзначылі важную ролю планёрак у арганізацыі жыццезабеспячэння насельніцтва. Гэта работа дае добры вынік: існуе станоўчая дынаміка ў навядзенні парадку на зямлі, у працы са старэйшынамі і з сельскімі жыхарамі. Святлана Герасімовіч адзначыла таксама, што ў раёне добра пастаўлена работа з кадрамі, ёсць канкрэтнасць ва ўзаемадзеянні з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый.
У цэлым работа раённага Савета дэпутатаў атрымала станоўчую адзнаку. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў падкрэсліла: важна, што ёсць цеснае ўзаемадзеянне і паразуменне дэпутацкага корпусу з выканаўчай уладай.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ