«Нашай маці паклон і пашана»

Праздник

Пад такой назвай праходзіла свята да Дня маці ў Навасёлкаўскім СДК, якое арганізавалі дырэктар СДК Наталля Клыга і сацыяльны педагог ДУА «Навасёлкаўскі ВПК д/с-СШ» Жанна Лобан.

Вечар-ушанаванне мнагадзетных маці Алены Ціхончык, якая выхоўвае 5 дзяцей, Святланы Табака, якая выхоўвае 4 дзяцей, Святланы Касцюковай і Наталлі Няхайчык, якія выхоўваюць па трое дзяцей, пачаўся са слоў, якія кранаюць душу кожнага чалавека:

Дзякуй маці,

што мне падарыла

Ты любоў да зямлі

маёй роднай…

Нездарма, Дзень маці ў нашай краіне зацверджаны менавіта 14 кастрычніка. У гэты ж дзень адзначаецца і вялікае хрысціянскае свята Пакровы. Як і Святая Багародзіца, матулі аберагаюць сваіх дзяцей ад бед і нягод.

3 пяшчотнымі словамі любові і павагі да матуль звярталіся вядучыя праграмы вучні 9 класа ДУА «Навасёлкаўскі ВПК д/с-СШ» Ірына Бурбіцкая і Аляксей Крывецкі. Каб бліжэй пазнаёміць прысутных з кожнай сям’ёй, была прапанавана фотасесія, падчас якой члены сям’і дзяліліся сваімі захапленнямі. У знак бясконцай любові і прызнання, дзеці ўручалі кветкі матулям.

Праз усю святочную праграму гучалі песні ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Навасёлкаўскага СДК — Ж. І. Дудар, Н. В. Клыга. Меладычныя песні ў выкананні Ж.Р. Дарашэвіч і Н. М. Крывецкай гледачы сустракалі працяглымі апладысментамі, а вось песні ў выкананні Івана Віцебскага асаб-ліва прыйшліся даспадобы ўсім жанчынам у зале. Вядома, пачуць словы «дарите женщинам цветы» было вельмі прыемна. Вучні ДУА «Навасёлкаўскі ВПК д/с-СШ» Аляксей Крывецкі і Марыя Галубовіч радавалі прысутных матывамі сучасных песень.

Забываюць, а часам і здраджваюць сябры, пакідаюць каханыя, толькі маці заўсёды з намі. I мы, нашы любыя матулі, ніколі вас не забываем, бо толькі ў вашых вачах ззяюць цёплыя іскрынкі і саграваюць свет вашы добрыя, шчырыя ўсмешкі. Пакуль у нас ёсць маці, мы ў любым узросце застаёмся маладымі. Таму трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх матуль: не гаркату, а толькі радасць і кветкі прыносіць ім.

Жанна Лобан,

в.Навасёлкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *