Першапраходзец мовазнаўства

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Продкі вядомага мовазнаўцы Льва Міхайлавіча Шакуна здаўна жылі паблізу Капыля ў невялікай вёсачцы Вусава. Але лёсам было наканавана будучаму вучонаму нарадзіцца 14 верасня 1926 года ў вёсцы Браткава. Маці Марыя і бацька Міхаіл працавалі ў мясцовай школе настаўнікамі, і калі адкрылася школа ў Вусаве, вярнуліся працаваць на радзіму. Калі Лёва рыхтаваўся ісці ў першы клас, яго бацькоў-настаўнікаў перавялі ў Ляшнянскую дзесяцігодку. Там хлопчык на “выдатна” закончыць 8 класаў.

У хуткім часе пачнецца страшная вайна, у якой Леў стане барацьбітом-патрыётам. Тут ён пазнаёміцца з настаўнікам-паэтам Васілём Аляксеевічам Корневым. Яны разам уступяць у партызанскі атрад імя Чапаева. Будуць удзельнічаць у баях, разведваць сілы ворага. Не раз паспяхова яны прарываліся праз засады паліцаяў і гітлераўцаў. Камандаванне атрада на чале з Іванам Прохаравічам Грыбам даручае Корневу і Шакуну апісаць гісторыю партызанскага руху на Капыльшчыне. Але ў адным жорсткім баі зімою 1943 года гіне Корнеў, і планы напісання хронікі адсунуцца надалей. Дарэчы, маці Корнева разам з яго сястрой будуць помсціць ворагу, удзельнічаць у партызанскіх баях.

“Пасля вызвалення роднай Капыльшчыны мне давялося пайсці ў дзявяты клас СШ № 1 Капыля разам са сваім далёкім сваяком Львом Шакуном,— расказвала мне Марыя Міхайлаўна Лойка, некалі лепшы палявод калгаса “Ленінец” — зараз пенсіянерка. — Лёва вучыўся лепш за ўсіх, і яго часта хваліла тадышні дырэктар школьнай установы Аляксандра Шумінская, а я ганарылася сяброўствам з ім.”

Шмат цікавага са школьнага жыцця паведаміла Соф’я Васільеўна Нікалаеўская (Контусь), былая піянерважатая, яна добра ведала і Лёвіну маму-настаўніцу, а таксама яго настаўнікаў Вітольда Сапешку, Зінаіду Галубоўскую, Канстанціна Мамчыца, якія вучня-Шакуна навучылі любіць нашу гісторыю, родную мову. Пад уплывам любімых педагогаў ён і выбраў кірунак сваёй навуковай дзейнасці. Контусь успомніла, што пасля заканчэння дзясяцігодкі Леў Шакун некаторы час працаваў адказным рэдактарам Капыльскага радыёвяшчання (пасля вайны былі такія пасады) і нават яе запрасіў выступіць на радыё.

У 1946 годзе Леў Міхайлавіч паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры. Пасля заканчэння БДУ займаецца ў аспірантуры, а ў 1953 годзе абароніць кандыдацкую дысертацыю і будзе працаваць у альма-матэр спачатку выкладчыкам, а затым дацэнтам. Ён плённа працуе на кафедры беларускай мовы і вучыць студэнтаў. Доктарскую дысертацыю па гісторыі беларускай літаратурнай мовы паспяхова абароніць у 1965 годзе. Неўзабаве Леў Міхайлавіч становіцца прафесарам і атрымлівае прызначэнне на пасаду загадчыка кафедры. Ён зарэкамендуе сябе выдатным выхавацелем студэнтаў і вучоным, будзе ўзначальваць розныя доктарскія саветы, стане намеснікам адказнага рэдактара часопіса “Веснік БДУ” і адказным рэдактарам штогодніка “Беларуская мова”, навуковым кансультантам многіх энцыклапедычных выданняў.

Вучоны літаральна гарэў на рабоце, і яго калегі заўсёды здзіўляліся, як наш зямляк усё паспяваў. 200 яго навуковых публікацый па гісторыі беларускай літаратурнай мовы і мовазнаўства, словаўтварэння і сёння дапамагаюць студэнтам засвоіць вучэбны матэрыял. Ён чытаў свае цікавыя лекцыі не толькі ў БДУ, але і ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага (зараз імя М. Танка). Ён даў новы кірунак у вывучэнні беларускай мовы і з’яўляецца першапраходцам. Леў Міхайлавіч напіша шэраг дапаможнікаў і падручнікаў для студэнтаў, даследуе розныя пласты фарміравання рускай, беларускай, украінскай моў, таксама выявіць, як старабеларуская мова паўплывала на развіццё нашай сучаснай, роднай мовы.

Шакун прасочвае і аналізуе старажытна-мастацкія творы: беларускія летапісы і статуты, рыцарскія аповесці, рэлігійныя творы, выданні Скарыны, Буднага і іншых нашых асветнікаў. Гарызонты яго даследаванняў вялікія, і нашчадкі не раз добрым словам успомняць вучонога-Шакуна.

На фарміраванне новай беларускай мовы ў 19-м стагоддзі, як піша Шакун, паўплывалі Я. Баршчэўскі, П. Багрым, Я. Чачот, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, Я. Лучына, А. Гурыновіч. Іх роля ярка раскрылася ў яго дапаможніку “Беларуская літмова 19- пачатку 20 стагоддзяў”. На тэму прапаганды беларускай мовы Шакуном напісаны дзясяткі кніг, і адна з іх удастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Пры напісанні сваіх твораў ён улічваў дасягненні ў галіне марфемікі і словаўтварэння.

Вучоны знаходзіў час і клапаціўся аб будучых даследчыках беларускай мовы. Ім падрыхтаваны 21 кандыдат і доктар навук. За плённую працу Леў Міхайлавіч Шакун атрымаў званне “Заслужанага работніка вышэйшай школы БССР” (1979), быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, многімі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, рэктарата і міністэрства, многімі баявымі ўзнагародамі. Не адставала ад сына яго мама — яна атрымала ордэн Леніна і званне заслужанай настаўніцы БССР.

Памёр Леў Міхайлавіч 6 лістапада 1996 года.

Іван ІГНАТЧЫК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *