“Радуюся таму, што ёсць”

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Разам з загадчыцай аддзялення сацыльнай дапамогі ДУ “Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Святланай Чарніковіч уваходзім у пад’езд шматпавярхоўкі па вул. Партызанскай. Высока падымацца не трэба — толькі на першы паверх. Націскаем на кнопку званка, і з-за дзвярэй чуецца: “Чакайце, зараз іду”. Першае, што ўбачылі ў прыхожай кватэры, — куча бульбы. Вялікая, з ружовымі бакамі, яна насыпам ляжала на посцілцы. “Вось, днямі сацработнікі прывезлі, мне на ўсю зіму хопіць”, — усміхаючыся гаворыць гаспадыня. — А вы праходзьце ў пакой, там пагутарым”.

Святлана Пятроўна Насачова зараз жыве адна, тры яе сыны ўжо даўно выбралі свой шлях у гэтым жыцці, таму да матулі наведваюцца толькі ў госці, альбо тады, калі трэба дапамога. “Мая галоўная памочніца, — усміхаецца Святлана Пятроўна, — Алена Іваноўская. Яна не проста сацыяльны работнік, які абслугоўвае мяне. Леначка мне як дачка, такая клапатлівая, уважлівая, добрасумленная, гатовая заўсёды прыйсці на дапамогу. Наогул я лічу, што такім людзям як я, якім не абысціся без старонняй падтрымкі (Святлана Пятроўна — інвалід І групы — М. С.), вельмі патрэбны паслугі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Да мяне нават цырульніка на дом накіроўваюць, відаць, хочуць, каб прыгожая была!”

Родам Святлана Пятроўна з Расіі, на Беларусь прыехала ў 1980 годзе, уладкавалася на завод ЖБВ, спачатку працавала табельшчыцай, выкарыстоўвала кожную магчымасць, каб зарабіць капейку, бо на руках былі трое малалетніх сыноў. Праз год ёй прапанавалі паехаць вучыцца на курсы кранаўшчыц. Восем месяцаў яна асвойвала новую для сябе справу (па адукацыі Святлана Пятроўны заатэхнік), а калі вярнулася на завод, аказалася вельмі запатрабаванай. Памятае жанчына, як радавалася новай кватэры, якую атрымала ад завода — да гэтага давялося туліцца з дзецьмі на здымнай.

Яе характар загартавалі жыццёвыя нягоды, з якімі давялося сустрэцца з маладосці, таму і сыноў сваіх вучыла быць самастойнымі, адказнымі за свае ўчынкі і словы. Цяжкая хвароба, якая парушыла ўсе яе планы, прымусіла ўжо ў 1996 годзе пакінуць працу.

Аднак, нягледзячы на цэлы букет хвароб, якія ўжо не адзін дзясятак гадоў дапякаюць жанчыну, яна, як і раней, радуецца, як сама кажа, таму, што ёсць, дзякуе добрым людзям за ўвагу і падтрымку.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *