В Копыльском районе прошли конкурсы на лучшее ветеранское и молодежное подворьи

Актуально

На працягу ліпеня-жніўня 49 ветэранскіх і 10 маладзёжных гаспадарак былі пад пільнай увагай журы конкурсаў “Лепшы ветэранскі падворак” і “Лепшы маладзёжны падворак”. Гэтыя два па-сутнасці асобныя мерапрыемствы мелі адзіную мэту – паказаць вялікае жаданне, творчы падыход і любоў, з якімі невялікі прысядзібны ўчастак ператвараецца ў сапраўдны квітнеючы сад. А яшчэ — гэта магчымасць прадэманстраваць астатнім, як можна зрабіць сваё жыццё больш поўным і багатым, а наш край – больш прыгожым.

Ала Раеўская ўручае прыз Станіславе Маляўцы

У мінулых нумарах “Слава працы” падрабязна расказвалася пра маладых удзельнікаў конкурсу. Таму хацелася б цяпер засяродзіць увагу чытачоў на падворках людзей паважанага ўзросту. У розных кутках раёна, а дакладней – у кожным сельскім Савеце, знайшоўся канкурсант, якому не сорамна было сустракаць членаў журы і дэманстраваць свае поспехі ў ландшафтным дызайне, вядзенні гаспадаркі. Нямала пабачылі арганізатары конкурсу прыгожых клумбаў, цікавых і нават рэдкіх раслін, багатых на жыўнасць падворкаў. Як адзначыла старшыня раённага савета ветэранаў, намеснік старшыні журы раённага конкурсу “Лепшы ветэранскі падворак” Казіміра Ганчар, вельмі складана было аддаць перавагу таму ці іншаму гаспадару. Тым не менш, узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў.

 

Марыя Рымашэўская ў сваім кветніку

У жыхаркі в. Доктаравічы Ніны Сівец акрамя цудоўных зон адпачынку, створаных ля дома, ёсць яшчэ чацвёра свіней, больш за паўсотню розных хатніх птушак і 40 (!) пчоласем’яў. Зусім нядаўна гаспадыня трымала сем кароў і была лідарам па здачы малака дзяржаве. Бясспрэчна, што без дапамогі дзяцей з такой вялікай гаспадаркай адной было б цяжка справіцца… Журы прысудзіла падворку Ніны Васільеўны трэцяе месца.

Вялікая колькасць кветак як у агародчыку, так і ва ўсіх пакоях хаты, радуе абаяльную жанчыну і добрую гаспадыню Марыю Рымашэўскую з в. Андросаўшчына. Свой падворак жанчына ўтрымлівае ва ўзорным парадку, які дапамагаюць ствараць двое сыноў. Невыпадкова падворку Марыі Сцяпанаўны прысуджана другое месца.

Казачны куток Ганны Каваліу (аг. Лясное)

Пераможцай конкурсу стала гаспадарка былога начальніка паштовага аддзялення сувязі в. Руднае, а цяпер – ветэрана працы Станіславы Маляўкі. У падсобнай гаспадарцы ёсць карова, свінні, пчолы,  хатняя птушка. Але асаблівы гонар гаспадыні — яе прысядзібны ўчастак. Плошчу ў 0,75 га аздабляюць 50 відаў шматгадовых, 15 — аднагадовых раслін і больш за 10 — дэкаратыўных кустоў, а альтанка, дэкаратыўныя аркі, два вадаёмы, фантан, куточкі для адпачынку і мноства маленькіх скульптур дапаўняюць незабываемы прыгожы ансамбль

У розных намінацыях конкурсу, якіх было вельмі шмат, пераможцамі сталі Міхаіл Данілевіч (аг. Мажа), Анатоль Буцько (аг. Скабін), Паліна Коўзусь (в. Лоцвіны), Ніна Калевіч (аг. Лясное), Ганна Кунцэвіч (в. Чарнагубава), Марыя Рудзеня і Марыя Лосік (в. Душава), Аляксандра Нячай (в. Блеўчыцы), Барыс Касцюк (аг. Старыца), Святлана Швайбовіч (в. Сцяпуры), Тамара Лявар (аг. Цімкавічы) і Ніна Майсейчык (аг. Браткава). Падчас ушанавання лепшых гаспадароў падворкаў ім дасталіся ўзнагароды ад прафсаюзных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, ветэранамі якіх з’яўляюцца гэтыя творчыя, апантаныя прыгажосцю і любоўю да роднай зямлі людзі.  Памятныя падарункі ад Капыльскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ганне Каваліу (аг. Лясное), Ніне Івановай (в. Праснакі) і Ніне Міхневіч (в. Пятрылава) уручылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд і намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская. Пасля ўшаноўвання пераможцаў для прысутных адбыўся невялікі канцэрт з удзелам артыстаў мастацкай самадзейнасці.

Альтанка, зробленая Міхаілам Данілевічам

У гэтым годзе конкурс паказаў, што ў нашым раёне жывуць людзі, якія не толькі вядуць гаспадарку на высокім узроўні, але і праяўляюць добры густ, творчасць, неардынарны падыход у афармленні сваіх падворкаў. І з кожным годам куточкаў, якія патанаюць у кветках, дэкаратыўных раслінах, становіцца ўсё больш.

 

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *