Чым бліжэй вясна, тым больш увагі надаецца падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ. Аграрыі Капыльшчыны гэтым зараз займаюцца найбольш актыўна.

Як адзначыў галоўны інспектар па наглядзе за тэхнікай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Прахарэня, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, трактары неабходна паставіць на лінейку гатоўнасці да 1 сакавіка.
Як будзе падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка, такім фактычна будзе і ўраджай бягучага года. Гэту простую ісціну добра засвоілі ў ААТ «Прагрэс 2010».

Яшчэ з лістапада мінулага года, калі толькі агрэгаты былі пастаўлены на захоўванне, пачалася работа па рамонце. Нягледзячы на немалы машынна-трактарны парк, у сельгаспрадпрыемстве практычна ўся тэхніка падрыхтавана да вясенняй сяўбы. Засталося ўнесці толькі некаторыя апошнія штрыхі.
— Нашы спецыялісты добра ра-зумеюць, што, перш чым выйсці ў поле, неабходна адрамантаваць плугі, дыскатары, культыватары, камбінаваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, — расказвае галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Мікалай Кандраценка. — Мы пачыналі з рамонту АКШ. Гатовы выйсці ў поле і 9 энерганасычаных трактароў. Дарэчы, адзін з іх зараз знаходзіцца на рамонце ў Капыльскім райаграсэрвісе, дзе, дарэчы, «пралечваюць» і іншыя прыстасаванні.
У мехмайстэрнях аграгарадка Пацейкі ідуць апошнія прыгатаванні. Механізатары і слесары яшчэ раз пераглядваюць давераную ім тэхніку. Напрыклад, Павел Тароцька і Сяргей Севасцьяновіч рыхтавалі да ворыва адваротны плуг.
— Што, хлопцы, хутка ў поле? — пытаемся ў іх.
— Нас гэта ніколькі не палохае, — пачулі ў адказ. — Тэхніка практычна гатовая, а сённяшняе сонечнае, хоць і марознае надвор’е вельмі падбадзёрвае. Засумавалі мы ўжо без поля…
У размову ўключыўся дырэктар гаспадаркі Валерый Тароцька і сказаў, што цяперашнія ўмовы дазваляюць уносіць тукі на палеткі, таму праз некалькі дзён могуць пачаць падкормку калійнымі ўгнаеннямі.
Аграрыі ААТ «Піянер-Агра» ўпэўнены, што вясенняя пасяўная іх знянацку не застане, і важную сельскагаспадарчую кампанію яны правядуць, як заўсёды, на належным узроўні.
Загадчык рамонтнай майстэрні гаспадаркі Яўген Здановіч — малады спецыяліст. Яшчэ няма і году, як ён пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшоў на працу на сваю малую радзіму. Ён не горш за сваіх вопытных калег разбіраецца ва ўсіх справах і іх яму давяраюць. Ужо падрыхтавалі агрэгаты для апрацоўкі пасеваў «Раса». Плугі, культыватары, АКШ таксама чакаюць свайго часу. Дарэчы, запасныя часткі паступаюць своечасова, па першым патрабаванні.
У сельгаспрадпрыемстве засталося крыху паправіць камбінаваныя сеялкі і некаторую іншую тэхніку. Гэтай работай актыўна займаюцца механізатары Канстанцін Саковіч, Сяргей Харошка, Сяргей Бялога, слесар Уладзіслаў Ліннік і іншыя.
Сяргей КОЗЕЛ