Ученики Ванелевичской СШ посетили музей истории Великой Отечественной войны

Важное Образование

Як цікава і з карысцю адпачыць на канікулах, чым заняць сябе ў вольны час? Гэта пытанне не паўстае перад вучнямі Ванелевіцкай сярэдняй школы.

У нашай установе адукацыі настаўнікі стараюцца прадумаць занятасць навучэнцаў так, каб было не толькі карысна, але і цікава. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, віктарыны, гульні і квэсты, лекцыі і гутаркі на тэмы маральнасці, кансультацыі, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця і фінансавай пісьменнасці – усё гэта садзейнічае развіццю сацыяльна актыўнай асобы нашых навучэнцаў.

Найлепшы адпачынак для мяне – гэта экскурсія. Падчас зімовых канікул я, разам з вучнямі і настаўнікамі, пабывала ў горадзе Мінску.  Спачатку мы наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Адразу на ўваходзе ў комплекс нас сустрэў экскурсавод, які пазней пазнаёміў з экспазіцыяй, цікава і падрабязна расказаў пра экспанаты, што знаходзяцца ў музеі. Усе яны ўмела расстаўлены, маюць вельмі дакладныя і падрабязныя подпісы, каментарыі. Экспазіцыя дала нам магчымасць завочна пабываць у акопах, бліндажах, танках. Хлопчыкі змаглі сябе адчуць артылерыстамі, вадзіцелямі ваеннай тэхнікі, наводчыкамі, завочна “пастраляць” з аўтаматаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. На выстаўцы таксама прадстаўлены дакументальныя і архіўныя матэрыялы пра незабыўныя падзеі вайны, людзей, якія пакінулі ў яе летапісе мноства гераічных старонак. Мы атрымалі вялікае задавальненне ад наведвання музея. Экскурсавод змог перанесці нас у далёкае мінулае, каб успомніць пра гераічны подзвіг беларускага народа, які заўсёды адстойваў сваю незалежнасць.

Пасля наведвання музея мы некаторы час ішлі моўчкі, кожны з нас думаў пра важны подзвіг савецкага народа, у вачах кожнага быў смутак і адначасова падзяка за мірнае неба, падоранае коштам тысячаў жыццяў. Мы, нашчадкі, павінны захоўваць памяць з удзячнасцю за пакінутую  мірную спадчыну, бо яна робіць гісторыяй імёны тых, каго ўжо няма.

Адчуць сапраўдную атмасферу навагодніх свят нам дапамагла праграма Беларускага дзяржаўнага цырку. Мы з цікавасцю адпачылі на прадстаўленні “Навагодняя вандроўка”. Разам з галоўнымі героямі зачаравальнай казкі  адправіліся ў віртуальнае падарожжа па загадкавай Поўначы, дзе сустрэлі мудрых шаманаў, таямнічых будаўнікоў паветранага карабля, пазмагаліся з хітрымі і падступнымі разбойнікамі, пазнаёміліся з паўночным Дзедам Марозам і нават убачылі яго памагатых – сапраўдных паўночных жывёл! На манежы цырка разгарнулася цудоўная зімовая казка, напоўненая непаўторным каларытам культуры народа Якуціі, яркімі навагоднімі прыгодамі і захапляльнымі трукамі.

Не абмінулі мы і сімвал навагодніх свят – галоўную ёлку ў нашай краіне: высокая, велічная, і багата дэкарыраваная чырвонымі і залацістымі шарамі (іх каля 6 тысяч) і іншымі навагоднімі ўпрыгажэннямі, па традыцыі ўстаноўлена на Кастрычніцкай плошчы. Вянчае ўсё гэта хараство вялікая зорка. Вучні з захапленнем разглядалі навагоднюю прыгажуню, сфатаграфаваліся каля яе.

Дамоў мы вярталіся з вялікімі ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага. Зімовая экскурсія-казка пашырыла наш кругагляд, прывіла нам любоў да Радзімы, далучыла да сацыяльных каштоўнасцей – патрыятызму, грамадзянскасці, гістарычнай памяці, навучыла шанаваць і берагчы культурныя здабыткі краіны, у якой мы жывём.

Анастасія ЛАПОТКА, вучаніца 7 класа Ванелевіцкая СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *