Творчыя пуцявіны, або Што звязвае Купалу з Капылём

2022 - Год исторической памяти Актуально Общество

Сёлета мы святкуем 140-годдзе з дня нараджэння сапраўднага беларускага песняра Янкі Купалы. з Капыльшчынай паэта звязвалі трывалыя творчыя пуцявіны.

ФАКТ. Адным з прыкметных мерапрыемстваў праграмы святкавання XXVIII Дня беларускага пісьменства ў Капылі стала прэзентацыя кнігі нашага земляка, вядомага публіцыста пачатка ХХ стагоддзя Льва КЛЕЙНБАРТА «Сустрэчы. Янка Купала», якая адбылася ў раённым краязнаўчым музеі. Падчас мерапрыемства дырэктар Купалаўскага музея Алена Ляшковіч расказала, як рыхтавалася да выдання кніга, адзначыла ролю Льва Клейнбарта ў станаўленні творчай асобы народнага песняра Беларусі: Леў Максімавіч спрыяў выданню ў Санкт-Пецярбургу кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця».

Першы біёграф паэта — Леў Клейнбарт

Менавіта Клейнбарт адным з першых убачыў у асобе Купалы цэнтральную фігуру беларускай нацыянальнай культуры. Ён вызначаў творчы метад Купалы як рамантычны рэалізм, які зусім не ўпускаў з поля зроку рэчаіснасці. Леў Клейнбарт лічыў Купалу глыбока народным і арганічна нацыянальным паэтам. Наш зямляк зрабіў неацэнны ўклад у навуковае вывучэнне біяграфіі Купалы, распачатае перапіскай з паэтам.

З Купалам Клейнбарт пазнаёміўся ў Пецярбургу вясною 1910 года праз Цішку Гартнага. Пазней ён сустракаўся і перапісваўся з Купалам на працягу многіх гадоў.

■ Цішка Гартны і Янка Купала, 1926 г.

Ліст Янкі Купалы да Клейнбарта 1910 года стаў першай вядомай аўтабіяграфіяй паэта. У 1913 годзе Купала дасылае Клейнбарту свае вершы. «Высылаю в ваше распоряжение свои книжечки, — піша ён. — Буду очень вам благодарен, если дадите мне возможность ближе познакомиться с русским литературным миром, который меня постоянно интересовал, но который доселе мне совершенно незнаком». Пазней у кнізе «Беларусь маладая» Клейнбарт напіша: «Товарищ моей юности Александр Порфирьевич Еремич — директор Елисеевской больницы в Лесном — сказал мне, что у него имеется на руках свободная наличность, которую он предназначает для издания какого-нибудь поэта из народа. У меня же лежали на столе в это время «Радуница» Есенина, присланная мне им в рукописи, и стихи Янки Купалы, с чем я и пошел к Еремичу на встречу. Белорус по происхождению, он предпочел Купалу… Так и появилась «Шляхам жыцця».

Таксама Леў Максімавіч стаў аўтарам першага манаграфічнага раздзела пра Купалу ў кнізе «Маладая Беларусь», прадмовы да «Зборніка вершаў» Купалы на рускай мове. Ён — і аўтар першай манаграфіі пра Янку Купалу «Янка Купала. Вопыт характарыстыкі літаратурнай і біяграфічнай».

З ліста Купалы да Л. Клейнбарта:

«Первое стихотворение на белорусском языке я написал, если можно так выразиться, случайно. Ехал я в Минск. Передо мною ехали известные мне барышни высшего от меня класса. Вдруг они выпали из повозки довольно в пикантных позах. Вот этот эпизод и толкнул меня написать юмористическое стихотворение… С этого времени я и начал писать».

Месцы на карце

Купала даволі часта прыязджаў у Капыль. Адзін з такіх візітаў, які адбыўся 18 ліпеня 1932 года, быў прысвечаны пастанове ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый». У зале Дома сацыялістычнай культуры (будынак сучаснага ЗАГСа), дзе праходзіла літаратурная вечарына, сабралася шмат народу, усе з вялікай увагай слухалі беларускага песняра.

Ды і ўвогуле ў 30-я гады мінулага стагоддзя Янка Купала не раз наведваў Капыль, прыязджаў пагасцяваць у шчырых сяброў па пяру — Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, Чарнушэвічаў, актывісткі беларускай нацыянальнай культуры Алесі Александровіч.

У адзін з такіх прыездаў летам 1933 года Янка Купала кароткі час адпачываў у Капылі. Жыў ён па Пралетарскай вуліцы, у доме Марозаў, іх яшчэ па-капыльску называлі Балошкі. У гэтых Балошкаў у той час гасцявала іх нявестка Алеся Александровіч з дзецьмі, якую Янка Купала вельмі паважаў і высока цаніў. Дарэчы, у гэты ж час у Капылі жыў Цішка Гартны, а ў Цімкавічах — Кузьма Чорны. Праз некалькі дзён прыехаў Мікола Хведаровіч, які пазней так апісваў сустрэчу: «Янка Купала абрадаваўся майму прыезду… Дні тады выдаліся пагодлівыя. Мы штодня хадзілі на Каменшчыну ў стары сасновы лес, які раскінуўся на пагорыстых схілах невялікай рачулкі… Трымаючыся адзін за аднаго, мы спускаліся з падцаркоўнай гары і, пераскочыўшы

гаманлівы ручай, ішлі лугам, усыпаным  духмянымі  кветкамі. У векавым сасновым  бары  выбіралі цяністую прахалоду  і давалі адпачынак натруджаным нагам. Іван Дамінікавіч знімаў туфлі і лажыўся на мурожны лясны дыван. «Райскі закутак» — так назваў ён гэты бор.

Янка Купала прыехаў у Капыль з новымі творчымі планамі. Ён толькі што вярнуўся з камандзіроўкі… Я ведаў, што Купала пачаў пісаць паэму, хоць ён ніколі пра гэта не гаварыў. Але хіба ж утрымаецца паэт, каб не падзяліцца новымі радкамі свайго твора?

…Разам з намі бываў Цішка Гартны. Ён не даваў доўга ляжаць на адным месцы і ўсё вадзіў у тыя мясціны, дзе некалі адбываліся падпольныя сходкі сацыял-дэмакратаў, паказваў Замкавую гару, расказваў пра ўладара тутэйшых ваколіц, які насыпаў і адбудаваў замчышча.

Нярэдка, узяўшы сетку-таптуху, мы ішлі на рыбалку. Нашы паходы ў рыбу і ў грыбы заўсёды суправаджаў мой меншы брат Саша… I Саша так прывык да Янкі Купалы, што нават вечарамі пачаў забягаць да Балошкаў, каб пагутарыць з ім.

У сувязі з прыездам Янкі Купалы ў Капыль райкам партыі наладзіў агульнагарадскі літаратурны вечар. Усхваляваныя капыляне сустрэлі паэта вельмі ўрачыста і ветліва. Дом сацыялістычнай культуры не мог змясціць усіх жадаючых. Янка Купала чытаў паэму «Магіла льва», а потым строфы з паэмы «Над ракой Арэсай».

У 1982 годзе на будынку былога Дома сацыялістычнай культуры, дзе і праходзілі сустрэчы паэта з капылянамі (на той час — кінатэатра «Мір», а зараз аддзел ЗАГС), з’явілася мемарыяльная дошка. Але пазней яе знялі. Некалькі гадоў таму мемарыяльная дошка ў гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы зноў заняла сваё месца на будынку Капыльскага ЗАГСа.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.