Известный белорусский литературовед встретился с учениками СШ №2 г. Копыля

Актуально Общество

Вядомы беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік і крытык, доктар філалагічных навук, прафесар, ураджэнец вёскі Цімкавічы Капыльскага раёна Алесь Бельскі наведаў раённую цэнтральную бібліятэку імя Анатоля Астрэйкі. Тут ён сустрэўся з вучнямі СШ №2 г. Капыля.

Алесь Бельскі адзначыў, што з вучнямі ён завочна знаёмы, таму што ў 6 класе яны вывучалі беларускую літаратуру па вучэбным дапаможніку 2016 года, аўтарам якога з’яўляюцца Алесь Бельскі і Людміла Цітова. У аснову кнігі пакладзена ідэя радаводу, родных вытокаў і каранёў. «Таму што ўсе дарогі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз» (словы Уладзіміра Караткевіча).

– Гэта ідэя мне вельмі блізкая, – дадае Алесь Іванавіч. – У школьныя гады я цікавіўся сваім родам і сям’ёй. А ўсё пачалося з таго, што я напісаў свой першы верш пра родную мову. Мяне падтрымала мая настаўніца Вольга Ільінічна Марціновіч. З таго часу пачаў друкавацца ў раённай газеце «Слава працы».

Пасля Алесь Бельскі друкаваўся ў «Піянеры Беларусі», «Сельскай газеце» і іншых выданнях.

Пісьменнік вельмі ўдзячны лю-дзям, якія ў той час падтрымлівалі яго – Віктару Семянкевічу, Аляксандру Рудніцкаму, Івану Пракарыне, Рыгору Швецу і ўсім супрацоўнікам раённай газеты.

Дарэчы, Алесь Іванавіч прыехаў не з пустымі рукамі. Як заўжды, для землякоў ён падрыхтаваў каштоўныя падарункі.

Падчас сустрэчы пісьменнік чытаў свае вершы, якія былі прысвечаны матулі, настаўніцы, родным мясцінам і іншыя.

Дырэктар раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі Алена Пілат адзначыла, што сувязь пісьменнікаў Капыльшчыны з раённай бібліятэкай непарыўная.

– Штогод да нас трапляюць кнігі і часопісы знакамітых пісьменнікаў, – гаворыць Алена Ігараўна. – Імі можна карыстацца ў паўсядзённым жыцці як дарослым, так і вучням устаноў адукацыі.

Усіх жадаючых пачытаць і атрымаць асалоду ад прозы знакамітага земляка супрацоўнікі раённай бібліятэкі шчыра запрашаюць да сябе.

Наталля ДАВЫДЗЕНКА

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.