Гэты нарыс аб захапляльнай гісторыі жыцця простай савецкай працаўніцы, першай жанчыны-трактарысткі Капыльшчыны, якая дзякуючы сваім асабістым якасцям і любові да Радзімы заслужыла павагу. Размова пойдзе аб Соф’і Пятроўне Рачок.
Соф’я нарадзілася ў 1909 годзе ў сям’і батракоў. Тады, у царскія часы, жанчына не мела амаль ніякіх правоў, а бедная жанчына ўвогуле была нікім. Будучыня не хавала ад маленькай дзяўчынкі яе горкай долі. Бацькі, каб зарабіць капейку, шмат працавалі, але ўсё роўна ежы, адзення не хапала. Яны заўчасна пайшлі з жыцця. І Соф’я ў падлеткавым узросце павінна была ісці працаваць таксама батрачкай да заможных людзей, да кулакоў.
Лёс Соф’і змяніўся толькі ў 1929 годзе, каді яна ўступіла ў калгас «Колас». Перад ёю адкрыліся новыя магчымасці. Авалодаўшы гра-матай па лікбезе, у 1931 г. Соф’я як лепшая актывістка была накіравана на трактарныя курсы ў МТС. А праз некалькі месяцаў яна ўжо сама вадзіла складаную машыну. У 1931 г. Соф’і Пятроўне давяраюць узначальванне жаночай трактарнай брыгады. Але і на гэтым наваяўленая брыгадзір не спынілася. Выпрацоўваючы ў сваім калектыве пры плане ў 270 га цэлых 400 га на трактары пры пераводзе на мяккае ворыва, Соф’я Пятроўна становіцца натхняльніцай і ініцыятарам стаханаўскага руху ў БССР сярод трактарыстаў. Брыгаду Рачок вылучаюць як лепшую, і слава пра працу мужных і адказных жанчын-калгасніц ідзе па ўсёй рэспубліцы!

Тут трэба адзначыць, наколькі важную справу падтрымала наша зямлячка. Калі СССР вырашыў развіваць сацыялістычную індустрыялізацыю, неабходна было і вёску перавесці на сацыялістычны лад, бо яна карміла рабочых, занятых на прамысловасці. Вёска і горад не маглі існаваць на зусім розных, процілеглых гістарычна-эканамічных этапах: з аднаго боку – калектывізм рабочых, прамысловасць, якая хутка развівалася пасля грандыёзнага будаўніцтва, з’яўленне новых вялікіх заводаў на ўсім абшары краіны, з другога – аднаасобныя, дробнатаварныя гаспадаркі сераднякоў і заможных жыхароў вёскі, мноства беззямельных сялян, якія ўвогуле не могуць паставіць на рынак ніякай прадукцыі. У гэтым выпадку трэба было карміць і частку сялян, што прывяло б да ўсеагульнага голаду ў краіне. Але і абагульненне гаспадарак на сяле патрабавала новых сацыялістычных форм працы. Аднымі з іх з’яўляліся ўдарніцтва і стаханаўскі рух, дзякуючы якім была гарантавана бесперабойная і хуткая пастаўка мноства сельгаспрадукцыі мацнеючай краіне. Таму ініцыятыва Соф’і Рачок з’яўляецца праяўленнем грамадзянскай свядомасці і адданасці Радзіме.
Яна займалася таксама грамадскай дзейнасцю, жадала прыносіць карысць людзям не толькі ў прафесійнай справе. 10 чэрвеня 1936 года Соф’я Пятроўна прыехала ў Мінск на нараду 13 брыгадзіраў жаночых трактарных брыгад, на якой абмяркоўваліся важныя справы вёскі і сялянства. Увечары пасля нарады жанчыны былі прыняты Старшынёй Савета Народных Камісараў таварышам Галадзедам, які паставіў перад імі ў якасці першачарговай задачы своечасова і дабраякасна правесці ўборку ўраджаю. На гэтай сустрэчы С. Рачок як брыгадзір Капыльскай МТС паабяцала выпрацаваць (і потым выпрацавала) на трактары «ХТЗ» 1000-1100 гектараў. За сваю гераічную працу ў тым жа годзе яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай ЦВК БССР. А дагэтуль прэміравана грашыма больш 10 разоў! Потым быў ХІ Усебеларускі з’езд Саветаў, дзе яе абралі членам ЦВК БССР, а потым і членам яго Прэзідыума…
Нарэшце, наступіла восень 1937 года. Падчас выбараў у Вярхоўны Савет СССР Народых саюзных рэспублік вылучаюць лепшых сваіх прадстаўнікоў у дэпутаты галоўнага дзяржаўнага органа краіны. Адпаведна са Сталінскай Канстытуцыяй 1936 г. кожная ССР павінна была абраць 25 дэпутатаў у Савет Нацыянальнасцей – адну з дзвюх палат Вярхоўнага Савета. У адпаведнасці з главой ХІ артыкула 137 жанчынам надавалася права выбіраць і быць абранай нараўне з мужчынамі.
З гэтага моманту ў БССР пачынаецца «гарачая» пара. Нарэшце, 15 лістапада ў «Калгасніку Уздзеншчыны» (як і ў іншых газетах) перад вачыма тысяч будучых выбаршчыкаў раёна з’яўляецца навіна: Соф’я Пятроўна Рачок зарэ-гістравана ў якасці кандыдата ў дэпутаты Слуцкай сельскаакруговай выбарчай камісіі. Велізарная колькасць людзей садзейнічала гэтай пастанове, бо ў тыя часы ніякі чалавек, нават такога ўзроўню, як Соф’я Пятроўна, не мог сам прапанаваць сваю кандыдатуру ў дэпутаты, за яго гэта рабілі іншыя, хто добра ведаў яго ўчынкі, справы, усё жыццё.
Такім чынам, вышэйназваная камісія павінна была скрупулёзна разбіраць кіпу пратаколаў агульных сходаў працаўнікоў райбальніцы, работнікаў сувязі, служачых саўгаса імя Дзяржынскага Капыльскага раёна, гарнізона Цімкавіцкага Чырвонасцяжнага пагранатрада НКУС, рабочых Капыльскай МТС, кааператыўных работнікаў Грэскага раёна, а таксама сходаў цэлага шэрагу калгасаў некалькіх раёнаў выбарчай акругі. Усе яны прапаноўвалі кандыдатуру С. Рачок. А вось што пісаў праз некаторы час той жа «Калгаснік Уздзеншчыны»: «Тав. Рачок сваю вытворчую работу спалучае з вялікай і адказнай грамадскай работай. Яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод мас. Соф’я Пятроўна ўдзельнічала ў першым Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў, на якім выпрацаваны і зацверджаны статут сельгасарцелі. Яна ўздельнічала ў VII і VIII гістарычных Усесаюзных з’ездах Саветаў і мела вялікае шчасце галасаваць за зацвярджэнне Сталінскай Канстытуцыі…»
У хуткім часе пачалося друкаванне выступленняў працоўных на перадвыбарчых мітынгах. На адным з іх Соф’я Пятроўна казала:
– Перш за ўсё дазвольце, таварышы, вам шчыра падзякаваць за той велізарны давер, які вы мне аказваеце…
Дзе гэта, у якой краіне магчыма, каб такая, як я, вясковая дзяўчына, цёмная і непісьменная ў мінулым батрачка, выбіралася ў вышэйшы орган улады? Нідзе гэтага няма! У капіталістычных краінах такіх за людзей не лічаць. Яны прыгнечаны і бяспраўны. Галеча і бесчалавечы здзек эксплуататараў – такі лёс працоўных у краінах капітала. На VII Усесаюзным з’ездзе Саветаў мяне выбралі членам ЦВК СССР. На гэтым з’ездзе я прымала ўдзел у рабоце разам з любімым правадыром народа таварышам Сталіным, разам з яго саратнікамі таварышамі Молатавым, Кагановічам, Варашылавым, Калініным. Няма слоў, каб выказаць небывалую ў маім жыцці радасць пры сустрэчы з дарагімі кіраўнікамі партыі і ўрада, каб выказаць прастату і дабрадушнасць нашага роднага бацькі Сталіна.

Неверагодная актыўнасць народа, яго шчырая цікаўнасць да прамога ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці білі ўсе рэкорды. Яўка на выбарчыя ўчасткі 12 снежня была каласальнай. Калі ў Маскве колькасць выбаршчыкаў склала 99 з лішнім працэнтаў, дык у іншых гарадах і рэспубліках гэта лічба амаль што не адрознівалася.
Неўзабаве абраная дэпутатам Соф’я Пятроўна павінна была ехаць у сталіцу. Яе чакалі клопаты і самая вялікая адказнасць у жыцці. У наступным 1938 годзе адкрылася І-я сесія Вярхоўнага Савета СССР першага склікання. Даведацца, як працавалі і якія дзяржаўныя пытанні вырашалі на ёй разам з усімі нашы землякі-дэпутаты, было б вельмі цікава. Але гэта ўжо іншая старонка гісторыі.
Вольга РУСАКОВІЧ,
г. Мінск