Неповторимая синева Копыля: узнали, когда появились три озера в городе

Актуально Общество

Усе, хто не прыязджае ў наш гарадок, абавязкова зайдросна заўважаюць: «Ого! Тут ажно тры возеры! Здорава!» Але так было не заўсёды. Тыя штучныя вадаёмы, якія робяць Капыль непаўторным і прыгожым, з’явіліся ў другой палове ХХ стагоддзя.

З навуковых крыніц і не толькі

Тры безыменныя штучныя возеры адносяцца, як мяркуецца, да басейна р. Морач. Рака гэта пачынаецца каля в. Вошкаты на Капыльскай градзе на вышыні 210 м над узроўнем мора, цячэ ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім раёнах. Упадае яна ў Случ недалёка ад в. Морач Салігорскага раёна. Асноўныя прытокі: Удава, Мажа, Волка,  Вызенка.  Рэчышча  амаль на ўсім працягу каналізаванае.

Нельга не ўзгадаць, што і адна з легенд паходжання нашага горада звязана з вадой – а дакладней з ракой Каменкай. Менавіта яна бруілася каля высокіх сцен замка. На яе хвалях гойдаліся княжацкія лодкі. Але здарылася непрадбачанае: загінуў сын чараўніцы, што жыла нападалёк. У роспачы яна пракляла і замак, і рэчку. Сабрала ўсю ваду з Каменкі і схавала яе ў нетры Замкавай гары. Толькі невялікая рачулка засталася ад Каменкі ды тая крынічка, вада з якой сёння славіцца сваёй празрыстасцю і смакам. Старажылы гавораць, калі раскапаць Замкавую гару, вырвецца адтуль вада і пакрые сабою наваколле.

Пра гісторыю з геаграфіяй

Гэта, як кажуць, была прыказка. Аднак, калі мы гаворым пра рэкі і азёры нашага горада, павінны абавязкова ўлічваць і геаграфічныя асаблівасці яго размяшчэння. Месца, дзе пабудаваны Капыль, было амаль цалкам абаронена прыроднымі перашкодамі. Узгорак, на якім зараз знаходзіцца цэнтр горада, з трох бакоў быў абмежаваны рэчкамі Каменкай і Мажай, а ў раёне сучаснай вуліцы Пралетарскай і далей, на паўднёвы захад, калісьці спускаліся некалькі глыбокіх яроў. У першую чаргу яны таксама мелі абарончае значэнне.

Напрыклад, у інвентары 1693 года пералік сажалак маёнтка ўключаў наступныя ў Капылі: «сажалка пад самым Замкам; сажалка ў канцы вала; сажалка пад Замкам; сажалка за Гарадской Студняй; сажалка за Млынам перад Горадам; сажалка за дарогай да Слуцка; сажалка пад Гарой Капыльскай». Гэтыя вадаёмы, звязаныя з Замкам і бліжэйшымі да яго тэрыторыямі, успрымаюцца як выкарыстаныя для гаспадарчай дзейнасці рвы былых умацаванняў. Але сажалка «за дарогай да Слуцка» ў той час была ўжо «пустая», сажалка «пад Замкам» мела патрэбу ў ачыстцы. І хаця некаторыя сажалкі былі зарыблены карпам («пад Гарой Капыльскай»), але адчувалася, што гэтая гаспадарка ў заняпадзе.

Што тычыцца тэрыторыі па-за межамі замка, дык тут, на правабярэжжы р. Каменкі, у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях віравала актыўнае жыццё нашага мястэчка.

Яшчэ ў 30-х гадах ХХ стагоддзя па ўспамінах тых жа старажылаў, рэчка, якая працякае праз Капыль у раёне вуліц Партызанскай і Трактаранай, была глыбокай. Сюды нават прыязджалі адпачываць з розных куткоў Савецкага Саюза. А мой пра-дзед неяк уваліўся ў яе і выйшаў, абвешаны з усіх бакоў піяўкамі. Гэта многа пазней расказала бабуліна знаёмая, якая жыве па той жа Трактарнай побач з рачулкай.

Як нарадзіліся вадаёмы

Тыя азёры, што знаходзяцца ў Капылі, у народзе называюць Старое і Новае. Старое было ўтворана штучна ў 1968 годзе і займае 11,5 га, а яго водазмяшчэнне складае 210 тыс. м3. Новае ж з’явілася ў 1976 годзе і заняло тэрыторыю ў 22 га, водазмяшчэнне – 440 тыс. м3. Як павядамляе «СП» ад 7 красавіка 1977 года, на будаўніцтве Новага возера ў выхадныя дні працавалі сотні капылян: «з ахвотай адзярноўвалі дамбу, залівалі бетон, укладвалі бардзюрныя пліткі на тратуарах, прыводзілі ў парадак зялёную зону адпачынку. Затрат было зроблена вельмі мала, а вось работа выканана вялікая і патрэбная».

■ Па старым возеры гойдаюцца лодкі. Сярэдзіна ХХ ст.
■ Зараз яно выглядае наступным чынам

Пра месца, дзе зараз знаходзіцца Новае возера, капылянка Таццяна Бурак, 1931 г.н., гаворыць, што раней яно называлася Грэбелька. Спякотнымі днямі 30-х гадоў ХХ стагоддзя туды вадзілі выхаванцаў дзіцячага садка, у тым ліку і яе, маленькую дзяўчынку.

■ Выгляд на тое месца, дзе знаходзіцца новае возера
■ А вось такое яно зараз

Ёсць яшчэ побач з гэтымі сажалкамі і самая новая, але назву яна так і не атрымала. Некаторыя з жыхароў Капыля памятаюць, што на гэтым, некалі балоцістым месцы, жылі бабры і знаходзілася іх плаціна. Недзе ў 90-х гадах ХХ стагоддзя тут таксама запрудзілі і зрабілі возера. Займае яно 4,6 га і аб’ём складае 69,2 тыс. м3.  Але асаблівай папулярнасцю вадаём не карыстаецца, хіба што ў рыбакоў.

■ Вось так выглядала тое месца, дзе зараз знаходзіцца новае возера. канец ХХ ст.
■ Самае новае возера: сучаснасць

Успаміны пра мінулае

У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя сённяшні дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова кожныя выхадныя разам з татам хадзіла на лодачную станцыю, якая знаходзілася на старым возеры. На гэтым жа беразе быў шырокі пясчаны пляж. Там жа збіралася і моладзь, каб пагушкацца на вялікіх арэлях. Пры гэтым хлопцы і дзяўчаты набіралі такую вышыню, што аж дух займала!

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота з архіва Капыльскага раённага краязнаўчага музея і Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *