В Копыле в прошлую субботу прошел фестиваль игры и юмора “Капыльскія пацехі”.

Актуально Духоўнасць Праздник

Аднак арганізатары мерапрыемства не абмежаваліся толькі правядзеннем конкурснай праграмы — у гэты дзень цэнтр Капыля ператварыўся ў адзіную гульнёвую пляцоўку. Гумар, смех, дасціпныя жарты несліся адусюль, ствараючы для капылян і гасцей горада добры настрой і жаданне далучыцца да агульнага свята.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. Вядучыя прадставілі журы, якое, як і заўсёды, было вельмі шаноўнае і кампетэнтнае, далі слова старшыні аргкамітэта фестывалю Анатолю Жданеню, які шчыра вітаў гасцей горада і выказаў упэўненасць, што ў гэты дзень сумаваць ніхто не будзе. Пётр Гуд, загадчык кафедры рэжысуры абрадаў і святаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесар, старшыня журы фестывалю, ці як яго яшчэ называюць — галоўны гуляка, пажадаў усім удзельнікам, каб як мага паўней раскрыўся іх талент, іх мастацкія здольнасці. Што, насамрэч, і адбылося.

Своеасаблівы парад удзельнікаў свята ад- крылі пераможцы мінулага, ІІІ абласнога фестывалю гульні і гумару “Капыльскія пацехі”,  гурт народнага гумару і жартаў “Смехаўё” з Любанскага раёна, кіраўніку якога быў аказаны гонар узняць флаг фестывалю — “мех са смехам”.  Адметна, што сёлета ўсе аматары гумару адзначаюць дзве слаўныя даты: 115-ю гадавіну з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 70-годдзе альманаха “Вожык”. Менавіта гэтыя падзеі чырвонай ніткай праходзілі праз усе конкурсныя праграмы. Распачалі конкурс  гаспадары — народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі”, якія выступілі з тэатралізаванай гульнёвай праграмай “На агрышчы ў Агаты”. Сваю долю апладысментаў, якія часта суправаджаліся гучным смехам, атрымалі і іншыя ўдзельнікі свята — як калектывы, так і асобныя выканаўцы ці дуэты. Наш раён, акрамя “Капыльскіх пацех”, прадстаўлялі дуэт з Лоцвін у складзе Валянціны Шыманскай і Станіслава Цвірко і чытальнік-гумарыст Аляксандр Кандыбовіч са Сл.-Кучынкі.

Не менш цікава можна было правесці час і на іншых гульнёвых пляцоўках і быць пры гэтым не толькі староннім назіральнікам, але і непасрэдным удзельнікам. Так, самыя азартныя паспрабавалі шчасце на парасячых скачках. Можна было прагуляцца па Алеі атракцыёнаў, наведаць Горад майстроў і сялянскія па- дворкі, выставу-дэгустацыю “Пацешны шпіталь”, палюбавацца выставай “Сем колераў вясёлкі”, паслухаць выступленні самадзейных артыстаў і паласавацца смачнасцямі, якія прапаноўвала Капыльскае райспажыўтаварыства, паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў і нават атрымаць магчымасць выйграць супер-прызы (імі сталі тры парасяці, якія цярпліва чакалі сваіх новых гаспадароў аж да заканчэння фестывальнай праграмы). Шмат забаў было прапанавана самым маленькім гледачам — для іх быў “пабудаваны” Горад дзяцінства, працавалі атракцыёны, юныя аматары тэхнікі змаглі пакатацца на электамабілях, а ўсе жадаючыя спяшаліся сфатаграфавацца з роставымі лялькамі або ў спецыяльна падрыхтаваных да свята дэкарацыях.

Больш за шэсць гадзін доўжылася конкурсная праграма. У ёй выступілі таксама госці з Брэсцкай вобласці — калектыў “Спораўскі акалот”, і нашы літоўскія сябры — капэла народнай музыкі. Дарэчы, музычная праграма апошніх плаўна перацякла ў танцавальную. Нягледзячы на тое, што літоўскія рытмы крыху адрозніваюцца ад беларускіх, яны адразу ж знайшлі водгук у сэрцах удзельнікаў свята.

Безумоўна, перад членамі журы стаяла няпростая задача — сярод такога мноства калектываў і выканаўцаў вызначыць лепшыя. Тым не менш яны з задачай выдатна справіліся. Без узнагароды не застаўся ніхто. Былі вызначаны таксама пераможцы і прызёры фестывылю (па тры Дыпломы рознай вартасці). Прыемна, што ў ліку лепшых капыльскія артысты. Так, народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі” атрымаў дыплом І ступені, В. Шыман- ская і С. Цвірко — Дыплом ІІІ ступені, быў узнагароджаны каштоўным падарункам і А. Кандыбовіч. Акрамя таго, Ганаровымі граматамі выдавецтва “Літаратура і мастацтва” з нагоды 70-годдзя альманаха “Вожык” сярод іншых былі адзначаны Наталля Царкова, начальнік раённага аддзела культуры, і калектыў “Капыльскія пацехі”, граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзнагароджана Таццяна Серая, дырэктар Капыльскай ЦБС.

Чарговы фестываль гульні і гумару завяршыў сваю работу. Але няма сканчэння тым сяброўскім сувязям, якія толькі мацнеюць год ад года, таму цудоўнаму настрою, запалу бадзёрасці і аптымізму, якімі надоўга назапасілісі ўсе, хто стаў удзельнікамі і гледачамі гэтага цудоўнага свята. “Вясёламу чалавеку — кругом Баянічы” — сцвярджаюць нашы сябры з Любані, і з гэтым нельга не пагадзіцца.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *