Народный оркестр народных инструментов «Капыльскія дудары» — в числе лучших по итогам фестиваля «Напеў зямлi маёй»

Актуально Культура

Дыплом ІІ ступені і камплект гукавога абсталявання атрымаў народны аркестр народных інструментаў «Капыльскія дудары» па выніках фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлi маёй».

Да ўдзелу ў творчым спаборніцтве рыхтаваліся загадзя. Кампазіцыю, якая называецца «Успамін старажытнага палаца» па матывах зборніка старадаўняй беларускай музыкі «Полацкі сшытак» спецыяльна для «Капыльскіх дудароў» напісала былая выпускніца Дзіцячай школы мастацтваў, а зараз малады кампазітар Ірына Аўсюк.

■ На сцэне — педагогі Капыльскай ДШМ Крысціна Барысевіч і Дзмітрый Масілевіч

– Ідэя стварэння нумара нарадзілася яшчэ летам, калі мы ўпершыню прэзентавалі гэты спачатку толькі музычны праект падчас правядзення фестывалю гістарычных рэканструкцый, які праходзіў у Нясвіжы, – расказвае пра творчы шлях да поспеху дырэктар ДШМ Уладзімір Чаркас. – Асабліва прыемна, што музыку напісала наша выпускніца. А каб падрыхтаваць нумар, мы звярнуліся да Любові Галубовіч – рэжысёра народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі», які працуе пры РЦК. Яна паслухала мелодыю і прыдумала менавіта такі, у старажытным стылі, нумар. Танцавальную частку рыхтавалі нашы харэографы Людміла Беразоўская і Аляксандра Ермалінская. А на сцэне задуманае ажыццявілі педагогі і навучэнцы.

Дарэчы, усяго ў конкурснай праграме прынялі ўдзел аматарскія калектывы з усіх 22 раёнаў Міншчыны і горада Жодзіна. Паказаць сваё майстэрства гледачам і заваяваць самую высокую ацэнку журы спрабавалі народныя і эстрадныя ансамблі танца, песні, духавыя аркестры, аркестры народных інструментаў і нават клуб традыцыйнага хлебапякарства.

– Конкурс гэты дастаткова прэстыжны, таму і заахвочваць удзельнікаў мы вырашылі сур’ёзна. Напрыклад, ансамбль народнай песні «Марачаначка» з Клецка атрымаў Гран-пры конкурсу і ключы ад новага мікрааўтобуса, – адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Ала Шахоцька. – Мы радуемся і таму, што на сцэне выступаюць дарослыя і дзеці, і таму, што памяць аб традыцыях беларускага народа ўвасабляецца ў мастацтве. Акрамя дыпломаў кожны калектыў-удзельнік атрымаў камплект радыё- і музычнай апаратуры, наборы камп’ютарнай тэхнікі. Упэўнена, што падобныя мерапрыемствы з’яўляюцца правадніком таго, што народ будзе жыць, будзе памятаць свае карані.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота mlyn.by



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *