В Копыльском районе ведется заготовка кормов для общественного скота

Актуально Экономика

Гэтымі днямі вядзецца ўборка кукурузы на сілас, якая сёлета займае плошчу ў 13 272 га. Па даных райсельгасхарчу, па стане на 21 верасня кукуруза на зялёны корм убрана на 4888 га, нарыхтавана 102 516 т сіласу.

Актыўна вядуць корманарыхтоўчую кампанію працаўнікі ААТ «Ціміразеўскі». Сёлета каралева палёў займае тут плошчу ў 2050 га, з іх на 1450 га яна будзе ўбрана на сілас. Высокі тэмп работ ужо дазволіў сельгасвытворцам убраць кукурузу амаль на 900 га: валавы збор зялёнай масы склаў каля 19 000 т, у сіласныя траншэі закладзена больш чым 15 500  т якасных сакавітых кармоў.

Закладка сіласу звычайна вядзецца недалёка ад месца ўборкі. На ўборцы кукурузы задзейнічаны кормаўборачныя камбайны КВК і Джон Дзір, ад сямі да дзесяці адзінак тэхнікі на адвозцы (у залежнасці ад адлегласці да месца закладкі). Кормаўборачнай тэхнікай кіруюць вопытныя механізатары Уладзімір Казакевіч і Іван Лазук (за дзень яны паспяваюць здрабніць кукурузу на 60-70 га). Да даручанай справы камбайнеры заўсёды ставяцца добрасумленна і адказна.

■ Іван Лазук

Трамбоўку на «Амкадоры» вядзе Віктар Корзун, у якога, як заўважаюць спецыялісты, рабіць гэта атрымліваецца проста ідэальна. Не даюць прастойваць кормакамбайнам, хутка адвозячы масу да месца складзіравання, занятыя на адвозцы вадзіцелі. Разам з імі і механізатар Яраслаў Сабалеўскі, які не вельмі даўно прыйшоў сюды на працу, але ўжо зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку.

■ Віктар Корзун

Корманарыхтоўка ў сельгаспрадпрыемстве вядзецца хуткімі тэмпамі. Рабочы дзень доўжыцца з раніцы і да змяркання, трамбоўка ідзе пазменна. Арганізавана гарачае харчаванне, якасцю якога работнікі цалкам задаволены.

■ Яраслаў Сабалеўскі

Неўзабаве мясцовыя механізатары пачнуць убіраць кукурузу і на зерне, якая займае 600 га.

Па  словах  дырэктара  ААТ «Ціміразеўскі» Сяргея Галко, за якасцю закладкі кансерваванага корму сочаць і агранамічная, і заатэхнічная, і ветэрынарная службы. Але і ўсе працаўнікі, занятыя на корманарыхтоўцы, — людзі надзейныя і адказныя, якія разумеюць усю важнасць праводзімай работы па забеспячэнні галіны жывёлагадоўлі якаснымі кармамі ў дастатковай колькасці.

Застаецца спадзявацца, што і надоі ад каровы, і валавая вытворчасць малака ў сельгаспрадпрыемстве штомесяц будуць толькі ўзрастаць — усе падставы для гэтага ёсць.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *