Нялёгкую жыццёвую і творчую дарогу прайшоў літаратар і даследчык Алесь Гурло

Актуально Капыльшчына літаратурная Общество

Сын беднага малазямельнага капыльскага селяніна вучыўся ў мясцовай чатырохкласнай школе, зарабляў надзённай работай.

Бацька хоць і меў званне ветэрынарнага фельчара, але на дзяржаўнай службе не быў, займаўся земляробствам. У Капылі ён лічыўся адным з перадавых сярод сваіх аднавяскоўцаў, быў да пэўнай ступені грамадскім прадстаўніком. Маці была непісьменная.

Вучыцца Алесь Кандратавіч пачаў рана. Спачатку яго вучыў бацька, пасля — вандроўны настаўнік. Жыццёвыя акалічнасці (вялікая сям’я — яшчэ  два браты і дзве сястры) дазволілі паэту скончыць толькі чатырохкласную школу ў мястэчку Капыль. Далей адукоўваўся ён стыхійна і самастойна, бо заняткі яго — вясковы  пастух, потым піцерскі рабочы, пасля матрос царскага флоту — не спрыялі асвеце і адбіралі ўвесь час без астатку. Паэзія ж нараджалася ў душы як неадольная патрэба выказаць у вершах свае перажыванні.

Творчы лёс паэта Алеся Гурло не быў усыпаны ружамі. Ён не зведаў хмелю славы. Сціпласць, як неаддзельная якасць яго натуры, стрыманасць, спакой і разважлівасць — такое  аблічча Алеся Гурло. Такім запомніўся ён усім тым, хто сустракаўся з ім. А яшчэ запомніліся задуменны позірк вачэй, добрая ўсмешка чалавека, які шмат зведаў у жыцці.

Выхад «Нашай нівы», творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, праца ў сацыял-дэмакратычнай арганізацыі разам са сваім земляком і сябрам Ц. Гартным, абуджэнне нацыянальнай свядомасці выклікалі жаданне паспрабаваць сілы ў паэзіі. У снежні 1909 г. «Наша ніва» надрукавала першы яго верш. 3 гэтага часу на старонках выдання сталі часта з’яўляцца вершы Гурло побач  з вершамі Купалы, Коласа, Багдановіча. У лепшых з іх заклік да барацьбы, вера ў будучыню.

Лёс абдзяліў Алеся Кандратавіча, наканаваўшы яму пражыць усяго 46 гадоў. Але яны былі агністымі, бурлівымі, як той час, калі ў суровых паядынках новага са старым на нашай зямлі вялося вялікае адраджэнне.

Рэвалюцыя, як магутная марская хваля, падхапіла Алеся Гурло і панесла яго ў агні класавых бітваў. У час Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі служыў матросам на рэвалюцыйным мінаносцы «Забіяка». Прымаў удзел у рэвалюцыйных  па-дзеях  у  Петраградзе,  штурмаваў  Зімні палац.

Радасным хваляваннем напоўнілася сэрца Гурло, калі ў канцы 1921 года ён атрымаў афіцыйнае запрашэнне ўрада Беларусі аб пераездзе на сталую  літаратурную  работу ў сваю рэспубліку.

3 гэтага часу і да апошніх дзён жыцця Алесь Гурло аддае ўсяго сябе той вялікай справе, якую распачаў беларускі народ, атрымаўшы дзяржаўнасць. Ён працуе ў рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а ў апошнія гады жыцця — у  Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР у слоўнікавай камісіі.

За сваё кароткае жыццё наш зямляк пабачыў нямала цудоўных мясцін. Але з далёкіх і блізкіх дарог яго вабілі да сябе хваёвыя ляскі на схілах крутых пагоркаў, мурожныя паплавы на ўзбярэжжы Каменкі. Як шчыра і натхнёна пісаў ён пра Капыль! У гэтым вершы словы ідуць ад самага сэрца, з глыбінь душы:

Люблю цябе, куток мой родны,

Майго раджэння ціхі край;

У халодны час, у час пагодны

Ты душу радуеш як май…

Хіба гэта не ўзор патрыятычнай лірыкі? I такі ён у сваёй творчасці да канца. У 1938 годзе 4 лютага Алеся Гурло не стала. Зборнікі яго вершаў выдавалі ў серыі «Бібліятэка беларускай паэзіі», якую выпускала выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *