Бывший заместитель директора гимназии № 1 г. Копыля Тамара Дубовик недавно отметила свое 70-летний юбилей

Актуально Общество

У першыя чэрвеньскія дні большасць юнакоў і дзяўчат яшчэ раз задумваецца над выбарам будучай прафесіі.

А былы намеснік гімназіі № 1 г. Капыля Тамара Канстанцінаўна Дубовік, якая днямі, дарэчы, адсвяткавала 70-гадовы юбілей, яшчэ ў дзяцінстве вырашыла для сябе – буду настаўнікам. І паступова, нягледзячы на цяжкасці, ішла да сваёй мары.

Пра асабістае      

З Тамарай Канстанцінаўнай мне давялося пазнаёміцца ў жніўні 2003-га падчас працы намеснікам дырэктара гімназіі па метадычнай рабоце. Што заўсёды звяртала на сябе ўвагу і адрознівала Тамару Дубовік ад іншых калег – неверагодныя спакой і разважлівасць, з якімі яна ставілася да працы, да настаўнікаў і нават да вучняў. І разам з тым – высокі прафесіяналізм і ўменне знайсці агульную мову з кожным чалавекам. Як настаўнік-біёлаг па адукацыі яна цікава выкладала прадмет, як намеснік – з акуратнасцю афармляла дакументы. А яшчэ – з вялікай дакладнасцю карпела над раскладам заняткаў. Той, хто хоць аднойчы рабіў гэта, зразумее ўсю складанасць названага працэсу. Саставіць правільны расклад Тамары Канстанцінаўне ўдавалася нават і тады, калі ў гімназіі ўвялі мультыпрофільнае навучанне, і заняткі састаўляліся індывідуальна для кожнага вучня 10-11 класаў. А колькі педсаветаў, семінараў для калег давялося правесці! Не злічыць… І на кожным гучалі годныя прафесійныя парады калегам.

■ Тамара Дубовік, 70-я гады ХХ ст.

Пра «настаўніцкую» мару…

Прафесію настаўніка Тамара Дубовік выбрала зусім невыпадкова. З самага дзяцінства перад вачыма быў добры прыклад матулі Евы Міхайлаўны, якая вучыла дзетак. Тамарка расла вельмі дапытлівай, і ўжо ў 5 гадоў умела чытаць і пісаць. Тады і нарадзілася мара стаць настаўніцай.

– Вельмі часта, асабліва зімовымі вечарамі, калі мама пісала свае працоўныя планы ці правярала сшыткі, я сядзела побач і ўважліва сачыла за яе працай, – успамінае жанчына. – Аднойчы, калі мама адлучылася, каб зрабіць нешта па гаспадарцы, я ўзяла вучнёўскія сшыткі і стала іх «правяраць», хацела дапамагчы маме. Тады мне было гадкоў 6 ці 7. Сама не ведаю чаму, але дзяўчынкам я ставіла пяцёркі, а хлопчыкам двойкі. Вядома, за такую «дапамогу» гора-настаўніцы крыху дасталося…

У школе Тамара вучылася добра, была стараннай і актыўнай. Узначальвала піянерскі атрад класа, потым піянерскую дружыну Ванелевіцкай СШ. А пазней – і камсамольскую арганізацыю класа. Школу скончыла з сярэбраным медалём. Паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага на факультэт «Прыродазнаўства». Вучыцца было вельмі цікава, асабліва падчас летняй практыкі, калі здзяйснялі розныя падарожжы і знаёміліся з прыродай сваёй неабсяжнай краіны. Вельмі спадабалася практыка ў гарах Паміра.

…І першы працоўны вопыт

Пасля заканчэння ўніверсітэта была накіравана ў Капыльскі раён настаўніцай геаграфіі і біялогіі. Працавала завучам у Бальшавіцкай СШ. У школе Тамара Канстанцінаўна рыхтавала многія пазакласныя мерапрыемствы (вечарыны, канцэрты), а добрым памочнікам быў магнітафон «Вясна». Школа знаходзілася ў вёсцы Лугавая. З-за скарачэння колькасці вучняў у 1979 г. установа адукацыі стала базавай, і Тамару Канстанцінаўну прызначылі яе дырэктарам. У 1980-м школа стала пачатковай, і жанчыну накіравалі працаваць настаўнікам біялогіі і абслугоўваючай працы ў СШ № 1 г. Капыля. З тае пары і да самага выхаду на заслужаны адпачынак гэта школа трывала ўвайшла ў жыццё Тамары Дубовік.

■ Тамара Дубовік (першая злева) на школьнай лінейцы. 80-я гады ХХ ст.

Аднойчы і назаўсёды

У 1986 годзе дырэктар школы Аляксандр Фёдаравіч Семяновіч прапанаваў пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Былі сумненні, бо яна ведала ўсе цяжкасці гэтай прафесіі. Да таго ж увагі і цеплыні патрабавалі дзве дачушкі і муж Уладзімір,  з якім, дарэчы, сёлета адсвяткавала 45-годдзе сумеснага жыцця. Нягледзячы на вялікую занятасць на працы, Тамары Дубовік хапала часу, каб адарыць ласкай любых дзяўчынак Святлану і Вольгу. Разам з мужам Уладзімірам яны імкнуліся больш часу праводзіць з дзеткамі, арганізоўвалі паездкі па гарадах Беларусі.

Крыху падумаўшы, на прапанову дырэктара яна згадзілася. На працягу ўсяго часу працы ў СШ № 1, якая потым стала гімназіяй, Тамара Канстанцінаўна заўсёды адносілася адказна і добрасумленна да выканання абавязкаў. А яшчэ заўсёды памятала матулін наказ: «Стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе». На працягу ўсёй шматгадовай працы Тамара Канстанцінаўна заўсёды паказвала прыклад творчага падыходу, добрасумленнасці і адказнасці, уменне дасягаць вынікаў і пастаўленых мэт. Яна ніколі не спынялася на дасягнутым, вучылася сама і дапамагала ў гэтым калегам. Быў такі перыяд, калі разам працавалі яе былыя вучаніцы – намеснікі дырэктара: па выхаваўчай працы – Валянціна Балажынская, па замежных мовах – Лізавета Чыгрыдава, па пачатковых класах – Ірына Лагвіненка, па метадычнай рабоце – Аксана Бурак.

Ад «піянерскай бабулі»…

Калі надышоў час выходзіць на заслужаны адпачынак, тагачасны дырэктар гімназіі Зінаіда Прыміч, якая добра ведала адказнасць і творчы падыход да работы, прапанавала Тамары Дубовік пасаду… педагога-арганізатара. Праца была знаёмая (успомніўся асабісты вопыт піянерскага лідара ў школе), але крыху засмучаў узрост. Аднак зноў-такі рашылася. І нездарма. З вялікім энтузіязмам Тамара Канстанцінаўна праводзіла работу з піянерамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі ўдзел ва ўсіх конкурсах і аглядах. Піянерская дружына гімназіі заўсёды была ў лідарах. Асаблівае месца ў працы займаў атрад «Міласэрнасць», члены якога наведвалі сацыяльны прытулак «Надзея», дзе знаходзіліся дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай любові. Сама сябе Тамара Канстанцінаўна з гумарам называла «Піянерская бабуля».

За прафесіяналізм, высокія творчыя паказчыкі, адданасць сваёй прафесіі і школе Тамара Дубовік атрымлівала шмат грамат і падзяк, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка, выхавацеля, педагога-арганізатара.

…Да ветэранскага лідара

Як чалавек вельмі адказны, які да кожнага даручэння ставіцца добрасумленна, былыя настаўнікі гімназіі абралі Тамару Дубовік старшынёй ветэранскай арганізацыі.

■ Ветэраны працы Клара Сідзельнікава, Рома Шахоўская, Анна Арлоўская і Тамара Дубовік

– Нягледзячы на тое, што пярвічную ветэранскую арганізацыю Тамара Канстанцінаўна ўзначальвае зусім нядаўна, яна ўжо паспела зарэкамендаваць сябе актыўным лідарам, – з цеплынёй і шчырасцю каменціруе старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Камёнка. – Ды і наогул яе я ведаю вельмі даўно. Памятаю, як давялося працаваць разам у сістэме адукацыі. І толькі добрыя словы магу сказаць пра гэтага чалавека: старанны, вельмі тактоўны намеснік, актывіст прафсаюзнага руху, ды і проста мудрая жанчына. Тамары Канстанцінаўне давялося працаваць з рознымі дырэктарамі спачатку першай школы, а потым і гімназіі, і яна заўсёды знаходзіла да іх падыход, умела падабраць правільныя словы да кожнага настаўніка.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *