Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копыльские католики отметили Вербное воскресенье

27.03.2024

У гэтым годзе хрысціяне каталіцкага веравызнання вельмі рана адзначылі адну з важных падзей у жыцці Езуса – Яго ўрачысты ўваход у Іерусалім.

Як сімвал вітання Хрыстуса 24 сакавіка жыхары Капыля і госці горада сабраліся ў касцёле святых Пятра і Паўла з упрыгожанымі вербачкамі.

Зразумела, што само па сабе бласлаўленне вярбы, якое правёў ксёндз Андрэй Калядка, без малітвы і ўсведамлення важнасці падзеі мала што значыць. На парозе Вялікага тыдня Пальмовая нядзеля пабуджае да разважанняў над бясконцай Божай любоўю і грэшнасцю чалавека.

Падчас святочнага набажэнства гучалі ўрыўкі з Евангелля, над якімі прысутныя моўчкі разважалі. Разважанні як сумныя, бо Езусу здрадзіў адзін з апосталаў і ў Пальмовую нядзелю Ён уваходзіць у Іерусалім, каб атрымаць цярновы вянок, так і радасныя: з гэтага дня пачынаецца літургічны перыяд успаміну падзеяў, праз якія здзейнілася збаўленне свету.

– З Вербнай нядзелі Касцёл распачынае Вялікі тыдзень, час падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня, – адзначыў ксёндз Андрэй Калядка. – Вернікі павінны духоўна і годна перажыць Пасхальны Трыдыум – чацвер, пятніцу і суботу, перш-наперш душой падрыхтавацца да Пасхальнай Вігіліі.

– Вербніца. Сёння мы сустракаем свята для таго, каб разам з Езусам «увайсці ў Іерусалім», дзе Збаўца споўніць збаўчую місію, – дзеліцца Жанна Біончык. – Прыйшлі ў святыню, каб разам з Хрыстом распачаць Вялікі тыдзень, каб яшчэ раз перажыць важныя евангельскія падзеі. З удзячнасцю Богу хочам вітаць Яго і праслаўляць Яго вялікую Любоў да ўсіх людзей. Няхай яна паселіцца ў нашых душах, сэрцах, каб мы маглі шчыра дзяліцца ёю з іншымі.

Фота з архіва касцёла


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей