Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копылянин - о службе в армии

27.02.2024

Служба ў арміі — гэта тая мяжа, што аддзяляе дзяцінства і юнацтва ад сталасці. Менавіта так думае наш зямляк, ураджэнец аг. Быстрыца  Дзяніс Давідоўскі (на здымку).

Нашы бацькі і дзяды лічылі за гонар прайсці тэрміновую армейскую службу: толькі пасля гэтага можна было лічыць сябе сапраўдным мужчынам. Аднак прыярытэты ў грамадстве пачалі змяняцца, і здараецца, што сучасныя юнакі ўспрымаюць час службы як марна страчаны. Дзяніс жа прызнаецца, што так ніколі не думаў.

Юнак атрымаў павестку ў ваенкамаце і адразу выказаў жаданне трапіць у войскі спецыяльнага прызначэння. Але рэалізаваць задуманае аказалася не так проста: хлопцу давялося прайсці сур’ёзнае субяседаванне, падчас якога высвятляліся як фізічная падрыхтоўка прызыўніка, так і яго маральны стан. Прызнаецца, што цікавіліся нават яго стаўленнем да татуіровак.

У выніку кандыдатура Давідоўскага поўнасцю задаволіла будучых камандзіраў, і праз некаторы час ён апрануў форму радавога роты войскаў спецыяльнага прызначэння Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэта падраздзяленне – вайсковая эліта, трапіць у якую мае шанс, напэўна, адзін з сотні прэтэндэнтаў.

Фізічная выпраўка, моцнае здароўе, псіхалагічная вытрымка. І гэта патрабаванні толькі на першым узроўні. Потым, як падзяліўся ўражаннямі ад службы Дзяніс, пачынаюцца сапраўдныя выпрабаванні: трэніроўкі, выхады ў рэальных умовах, асвойванне розных відаў узбраення. За час службы зямляк неаднаразова ўдзельнічаў у патрульных дзяжурствах, ахоўваючы правапарадак і спакой грамадзян.

– Цяжка было прывыкнуць да карэннай змены не толькі ўласнага распарадку дня, але нават поглядаў на паўсядзённае жыццё. Аднак зараз проста перакананы, што такую школу варта прайсці кожнаму хлопцу, – кажа Дзяніс Давідоўскі. – За час службы я прывык не толькі да дысцыпліны. Цяпер адчуваю ўпэўненасць у сваіх здольнасцях, навучыўся трымаць па-мужчынску моцнае слова, у тым ліку і падмацоўваючы яго дзеяннем. І адказваць самастойна за ўсе ўчынкі.

А яшчэ армейскую службу хлопец называе падмуркам сяброўства. У яго «багажы» дзясяткі не проста тых, хто ацэньвае фота ў сацсетках, але і надзейных таварышаў, з якімі ён мае адзінства інтарэсаў, думак, жыццёвых поглядаў. Тых, з кім не толькі «пойдзе ў разведку», а ўпэўнены, што і вернецца назад.

За час службы Дзяніс за ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў неаднаразова адзначаўся камандаваннем падраздзялення. За добрае выхаванне сына, які самааддана выканаў свой воінскі абавязак перад Радзімай, яго бацькам, простым сялянскім працаўнікам Вользе Міхайлаўне і Віктару Уладзіміравічу, неаднойчы выказвала падзяку ваеннае кіраўніцтва спецназаўскай часці. Ужо больш чым год юнак з’яўляецца апорай для сваіх бацькоў і сястрычак: жыве разам з імі і працуе механізатарам-вадзіцелем у ААТ «Капыльскае».

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей