Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

У аграриев ОАО "Старица-Агро" задача перед посевной - обеспечение удобрениями

11.01.2024

Гэту агульнавядомую ісціну наўрад ці хто возьмецца аспрэчыць. Тэма забеспячэння арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі суб’ектаў сельскай гаспадаркі асабліва актуальная ў перыяд, які папярэднічае пачатку кожнай пасяўной кампаніі.

Аграрыі ААТ «Старыца-Агра» лічаць, што з найважнейшым кампанентам будучай урадлівасці — арганікай — працаваць больш проста: яе запасы пастаянна папаўняюцца за кошт жыццядзейнасці жывёлагадоўчых ферм. Ёй сёння адводзіцца адна з галоўных роляў, бо ва ўмовах недахопу фінансавых рэсурсаў дастаткова складана ўнесці ў поўным аб’ёме мінеральныя тукі, якія каштуюць немалых грошай. Таму нарыхтоўка і вывазка арганічных угнаенняў — задача першачарговая.

Звыш некалькіх дзясяткаў тон (дакладней каля чатырох) арганічных угнаенняў штодня вывозіцца на палі «Старыцы-Агра» пад яравую сяўбу.

Як заўважыў намеснік дырэктара гаспадаркі Уладзімір Патоцкі, ролю арганікі цяжка пераацаніць: яна выступае ў якасці своеасаблівай «палачкі-ратавалачкі» для любой гаспадаркі.

—  Своечасовая і ў належнай колькасці падкормленая глеба ў ліку правядзення і выканання іншых агратэхнічных мерапрыемстваў дае магчымасць нашаму сельгаспрадпрыемству дабівацца добрых паказчыкаў у раслінаводстве, — адзначае Уладзімір Анатольевіч. — Таму наша галоўная задача — забяспечыць своечасовую вывазку арганікі на палі, прадукцыйна выкарыстоўваючы і зімовы перыяд, а вясной аператыўна ўнесці яе ў глебу з захаваннем тэхналагічнага рэгламенту.

Нарыхтоўкай арганікі на жывёлагадоўчай ферме ў Слабада-Кучынцы займаецца звяно, у скла-дзе якога механізатары Аляксандр Жарнасек, Анатоль Шнітко, Віктар Дарашэвіч, Аляксандр Фяткевіч, Уладзімір Багдановіч. На «Амкадоры» трактары загружае Андрэй Паршын. На комплексе ў Чарнічным вывазкай вадкай фракцыі займаюцца Дзмітрый Дубовік, Аляксей Ліннік, Іван Шыдлоўскі.

— Людзі  адказныя: разумеюць, наколькі важная гэта кампанія, — сцвярджае намеснік дырэктара. — Ім пад сілу любое заданне і ў любы сезон. Нядзіўна, што іх імёны на слыху.

Галоўная задача звяна — своечасова даставіць каштоўнае ўгнаенне на палі. У цэлым старыцкія хлебаробы пэўны задзел ужо стварылі: па стане на 11 студзеня пад яравую сяўбу 2024 года вывезена амаль 72 тысячы тон арганікі, і работы ў гэтым напрамку працягваюцца.

На жаль, значна больш сціплымі тэмпамі вядзецца назапашванне мінеральных угнаенняў — яшчэ аднаго важнага складніка «эліксіру ўрадлівасці». Згодна з разнарадкай, заснаванай на структуры будучых палеткаў севазвароту, гаспадарцы неабходна нарыхтаваць пад патрэбнасць яравой сяўбы і падкорму ўраджаю бягучага года 1940 тон дзеючага рэчыва ўсёй «мінералкі». Перыядычна паступаюць партыі азотных угнаенняў (карбамід, КАСы), якія будуць запатрабаваны ў першую чаргу на падкормцы ўсходаў азімых ранняй вясной.

—  Як і заўсёды, у гэтым годзе пасяўную  ў  ААТ  «Старыца-Агра»  мы будзем праводзіць адказна. І палі, тым больш у  Год якасці, будуць падкормлены належным чынам, — тлумачыць Уладзімір Патоцкі. — Неабходна звярнуць увагу на захаванасць угнаенняў, кошт якіх павышаецца з кожным годам. Напрыклад, у нашай гаспадарцы КАСы захоўваюцца ў спецыяльных ёмістасцях, сыпкія таксама надзейна накрыты.

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей