Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Доброе слово про доброе дело

29.12.2023

Кожны з нас валодае рознымі душэўнымі якасцямі: адны раўнадушныя да чужых праблем і бяды, іншыя ж, наадварот, не пройдуць міма, калі бачаць нечыя цяжкасці. Вось пра такую спагадлівую жанчыну хачу расказаць.

Жыве і працуе мая гераіня ў вёсцы Душава, загадчыкам гаспадаркі ў мясцовым дзіцячым садзе. Нядаўна яна ляжала ў міжраённым уралагічным аддзяленні г. Нясвіжа. Я таксама праходзіла там лячэнне, дзе і пазнаёмілася з Надзеяй Сяргееўнай Жукавай (на здымку). Мяне прыемна здзівіла яе энергія, камунікабельнасць, увага да людзей. Яна не толькі цікавілася тымі, хто побач, але і дапамагала.

У прыватнасці, у палату перавялі пацыентку, якая не магла хадзіць, адмаўлялася есці, калі ёй прапаноўвалі медсёстры ці санітаркі. Тады за справу ўзялася Надзея: яна здолела ўгаварыць хворую, мякка, але настойліва пераконвала яе ў неабходнасці паесці. І намаганні не прапалі дарэмна, хворая падмацавала сілы, а Надзя не адыходзіла, пакуль не пакарміла яе абедам ці вячэрай, дапамагала ўстаць і сесці. Што характэрна: да той пацыенткі прыязджалі дзеці з Баранавіч, спрабавалі пакарміць маці, але не здолелі. За справу зноў узялася Надзя.

Вось такая душэўная чуласць, здольнасць дапамагчы заслугоўваюць увагі і добрага слова. Хаця зараз жанчына чакае дзіця, і, магчыма, самой не вельмі лёгка, але яе спагада да іншых жыве ў душы. А яшчэ яна памыла валасы жанчыне, у якой рука не падымалася ўверх. Была пацыентка са Стаўбцоўшчыны Тамара Сцяпанаўна, і ёй спачувала, прыносіла лекі, ежу са сталовай, мерала ціск. Калі Сцяпанаўна выпісалася, Надзя панесла яе сумку да ліфта і праводзіла да машыны. Падапечная плакала ўдзячнымі слязьмі.

А Тамара Аляксандраўна Гаціла сказала так: «Надзя – гэта наша памочніца, спагадлівая, добрая. У цяжкую хвіліну гатова падставіць плячо, мае схільнасць да суперажывання».
Калі пажылыя пацыенткі не спраўляліся з дробнымі праблемамі ў смартфоне, Надзея Сяргееўна і тут падказвала. А дома яна не праходзіць міма, калі бачыць інваліда на калясцы, падвязе ці паднясе каму што трэба. У Душаве яе чакаюць муж і дачка-падлетак, дамашняя гаспадарка. Несумненна, што Надзея з усім спраўляецца паспяхова. Здароўя ёй і дабрабыту!


Раіса ХВІР, г. Нясвіж Автор: Раіса ХВІР, г. Нясвіж
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей