Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Имя Героя Советского Союза Николая Ромашки продолжает жить

05.04.2024

Героі сыходзяць, але іх імёны працягваюць жыць у назвах вуліц і, такім чынам, – у памяці людзей.Таму сёння чарга ўзгадаць у праекце Героя Савецкага Саюза Мікалая Васільевіча Рамашку, імя якога ўдастоены вуліцы ў Дусаеўшчыне, Капылі, Елізаве і Магілёве.

Мікалай Рамашка нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў 1913 годзе ў в. Дусаеўшчына Капыльскага раёна. Бацька загінуў у 1919 годзе ў баях за савецкую ўладу. Ужо з 13 гадоў Коля ўлетку пасвіў жывёлу, дапамагаў маці. У 1932 годзе ён скончыў Капыльскую сямігодку і пайшоў працаваць у мясцовы саўгас. У 1935 годзе быў прызваны ў войска, служыў у зенітным артылерыйскім дывізіёне. Юнак палюбіў армейскую службу і застаўся служыць у войску. У 1939 годзе быў прыняты ў рады ВКП(б). З 22 чэрвеня 1941 года (з самага пачатку вайны) па 4 студзеня 1943 г. Рамашка служыў на Паўночна-Заходнім фронце на пасадзе намесніка камандзіра зенітнага артылерыйскага дывізіёна па палітчасці.

Вайна для Рамашкі стала выпрабаваннем на вынослівасць. Ад Масквы да роднай Беларусі ён прайшоў з баямі ў складзе 1359-га зенітна-артылерыйскага палка. Сэрца рвалася сустрэцца на вызваленай радзіме з роднымі і блізкімі ў вёсцы Дусаеўшчына. Заставалася пераадолець нейкіх сто кіламетраў – і можна было завітаць у мясціны свайго маленства.

Фашысты шпарка ўцякалі, але на водным рубяжы, рацэ Беразіне, яны затрымаліся, бо на іх шляху сталі байцы маёра Рамашкі. 30 чэрвеня 1944 года падраздзяленні палка абаранялі чыгуначны мост і пераправу праз раку ад нападу авіяцыі праціўніка. Нашы наземныя войскі вялі бой побач, у раёне вёсак Кастрычнік і Свіслач, дзе трапілі ў акружэнне нямецкія салдаты. Разведчыкі паведамілі: калона фашыстаў выйшла з лесу і спрабуе прарвацца праз мост. Маёр Рамашка аб’явіў трывогу.

Зенітчыкі накіравалі буйнака-ліберныя кулямёты ў бок ворага. Немцы любой цаной стараліся падмяць пад сябе кулямётныя разлікі, аднак іх атака захлынулася, і на мосце засталіся дзясяткі трупаў фашыстаў. Але гітлераўцы перагрупаваліся і, здавалася, зноў пайшлі непераадольнай хваляй. Загінулі ўсе камандзіры рот і ўзводаў, а таксама большасць байцоў. У крытычны момант бою намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы маёр Рамашка замяніў загінулага камандзіра кулямётнай роты, а пасля сам лёг за кулямёт і страляў па ворагу. Калі скончыліся патроны, ён загадаў сяржанту паслаць байцоў па боепрыпасы.

Пакуль вярнуліся пасланцы з патронамі, загінулі і кулямётчыкі, таму Рамашка, перабягаючы ад аднаго кулямёта да другога, бесперапынна страляў па фашыстах. Падчас бою ён быў паранены, а другая рана аказалася смяротнай. Немцы страцілі больш за 200 чалавек. За гэты подзвіг 26 кастрычніка 1944 года Мікалаю Васільевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Мужны афіцэр быў пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Нясята Магілёўскай вобласці, пазней – перазахаваны ў г. Магілёве, у брацкай магіле на Вайсковых могілках, дзе ўстаноўлены помнік. Адна з вуліц абласнога цэнтра, а таксама рабочага пасёлка Елізава носіць яго імя.  На радзіме героя, у вёсцы Дусаеўшчына Капыльскага раёна, каля будынка былой базавай школы ўстаноўлены бюст у гонар славутага земляка. У 1969 годзе яго імя занесена ў раённую Кнігу народнай славы, імем героя названа адна з вуліц Капыля і на малой радзіме героя.

Вялікі ўклад ва ўвекавечанне памяці М.В. Рамашкі ўнесла ветэран педагагічнай працы Анна Іосіфаўна Арлоўская, якая доўгі час працавала намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 1 па выхаваўчай рабоце. Яна вяла перапіску з жонкай і сястрой Мікалая Рамашкі. Дзякуючы намаганням педагога, удалося сабраць матэрыял і стварыць экспазіцыю, прысвечаную М.В. Рамашку, пагутарыць са сваякамі Мікалая Васільевіча, з’ездзіць на месца апошняга бою, наведаць магілу героя ў Магілёве.

Капыльская гімназія № 1 (былая СШ № 1) памятае свайго знакамітага вучня. Па словах намесніка дырэктара ўстановы адукацыі Валянціны Балажынскай, у гімназічным музеі дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная М.В. Рамашку. Захоўваюцца цікавыя і змястоўныя ўспаміны аднапалчан героя, якія ўзгадваюць свайго камандзіра як справядлівага і патрабавальнага, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу. На будынку навучальнай установы ў 2001 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар славутага выпускніка.                       

У 2015 годзе рашэннем Капыльскага райвыканкама гімназіі № 1 прысвоена імя М.В. Рамашкі.

350px Mb romashko


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей