Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Наталья Носова: история и интересные факты

03.12.2023

Калі ў дзяцінстве ў Наталлі пыталі, кім жа яна хоча стаць, зусім не па-дзявочаму адказвала, што яе мара — служыць у міліцыі. І вось, хаця б ускосна, але задумка спраўдзілася. Праўда, сама жанчына не носіць пагоны, але штодзень сутыкаецца з тымі, хто з’яўляецца іх уладальнікамі. Больш за 20 гадоў Наталля Носава працуе ў судзе Капыльскага раёна.

–  Эфектыўнае ажыццяўленне правасуддзя на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца ў руках суда Капыльскага раёна, – гаворыць старшыня суда Таццяна Карпучок. – Сваіх калег я па праве называю калектывам  прафесіяналаў, якія разумеюць пастаўленыя задачы і гатовы да іх рэалізацыі, адданыя справе служэння закону і справядлівасці. Кожны з работнікаў суда выконвае свае функцыі, важныя і патрэбныя для агульнай працы. Немалую нагрузку на сабе нясе ў гэтым працэсе і канцылярыя суда, якую ўзначальвае Наталля Носава.

Канцылярыя – злучальнае звяно ўсёй структуры суда. Бо ўся дакументацыя, карэспандэнцыя, звароты і заявы грамадзян, крымінальныя і справы аб адміністрацыйных правапарушэннях паступаюць сюды, каб пасля неабходнай апрацоўкі і афармлення адправіцца па прыналежнасці для разгляду і прыняцця адпаведных мер. Таму тут сталы і паліцы загружаны папкамі і паперамі, у кабінеце ідзе пастаянна ціхая і магчыма незаўважная, але вельмі напружаная праца.

– Ад дакладнай, аператыўнай дзейнасці канцылярыі суда залежыць шмат, – распавядае Наталля Аляксандраўна. – Наша задача – правільнае і своечасовае афармленне ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі, улік крымінальных, грамадзянскіх спраў і адміністрацыйных матэрыялаў, падрыхтоўка копій працэсуальных дакументаў, накіраванне судовых пастаноў для выканання і многае іншае. На кожную справу заводзіцца картка, усе даныя ўводзяцца ў электронную базу. Кожны дзень у канцылярыю прыходзіць больш за 30 уваходных дакументаў, і прыкладна столькі ж мы адпраўляем.

Наталля Носава працуе на гэтай пасадзе ўжо сёмы год. Яна адзначае, што за гэты час шмат што змянілася: укаранёна аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі і ўліку злачынстваў і правапарушэнняў, значна аблегчыла працу і знізіла паштовыя выдаткі выкарыстанне электроннай і міжведамаснай пошты СМДА.

Але, тым не менш, падкрэслівае Наталля Аляксандраўна, работа загадчыка канцылярыі складаная і адказная: дакументаабарот вялікі, а тэрміны выканання дакументаў трэба строга вытрымліваць. І, нягледзячы на ўсю загружанасць папяровай працай, неабходна быць уважлівым да людзей, якія шукаюць справядлівасці ў сценах раённага суда.

–  Сітуацыі, якія прывялі грамадзян да нас, ва ўсіх розныя, – адзначае Наталля Носава, – людзі прыходзяць, распавядаюць гісторыю свайго жыцця, якая патрабуе прававога вырашэння. І кожны раз, гутарачы з наведвальнікамі, імкнёмся падбадзёрыць іх і дапамагчы зарыентавацца. Бо людзі звяртаюцца найперш у канцылярыю, дзе хочуць атрымаць у нас усю неабходную інфармацыю. А ўвогуле, канцылярыю можна назваць люстэркам суда, таму што своечасовасць і паўната выканання ўсіх судовых пастаноў залежыць ад прафесіяналізму супрацоўнікаў судовай канцылярыі.

Жанчына адзначае, што працаваць у судзе ёй падабаецца, калектыў тут невялікі, але дружны і згуртаваны, калегі разумеюць адзін аднаго з паўслова, заўсёды гатовы дапамагчы.

– Не шкадую, што выбрала для сябе гэтую спецыяльнасць, – кажа суразмоўца. – Чым больш працую, тым мацней прывязваюся да яе. На працы стараюся быць заўсёды аб’ектыўнай і памятаць, што кожны, хто звяртаецца да нас, мае патрэбу ў абароне сваіх правоў.

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей