Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Масленичная неделя-2024: как провести семь дней, чтобы не было бед весь год

11.03.2024

З панядзелка пачалася Масленіца – старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды - адраджэннем плодных сілаў зямлі. Гэты перыяд, калі адзначаюцца праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забяспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту  гаспадарцы. Адзначалася на 8-ым тыдні перад Вялікаднем, напярэдадні вялікага посту.

Пра што свята?

Гэта першае веснавое свята, якое завяршае зіму і ўслаўляе прыход вясны, сонца і цяпла. Масленіца святкавалася на працягу тыдня і называлася „шырокай”. Яна была цесна звязана з праваслаўнай абраднасцю — на гэтым тыдні елі малочныя прадукты, бліны, аладкі. Яшчэ тыдзень раней паводле царкоўных законаў трэба было развітацца з мясам. А абрад спальвання пудзіла, які завяршаў тыдзень, ўяўляў сабой не толькі важны момант ачышчэння агнём, але і своеасаблівы момант калектыўнай псіхатэрапіі. Канцэнтрацыя энергіі і вера ўсіх супольнікаў был накіравана на выгнанне смерці, хваробаў, голаду, нечысці, збавення ад бяды.

Адметнасці тыдня

Пачынаючы ад Масленіцы і да самага Вялікадня нельга было ўступаць у шлюбы. Напрыканцы масленічнага тыдня сямейнікі прасілі адзін у аднаго прабачэння за ўсе магчымыя крыўды і грахі. Заканчвалася Масленіца запустамі на малочнае.

Сустрэча Масленіцы

У панядзелак трэба было сустрэць сонца, гаспадыні пяклі бліны і пры гэтым першы блін аддавалі жабракам. З саломы і старога адзення рабілі пудзіла, якое потым ладзілі на шост і з адмысловымі песнямі насілі па вёсцы. Свёкар са свякрухай адпраўлялі нявестку да яе бацькоў, а ўвечары самі прыходзілі да сватоў у госці.

Зайгрышы

У аўторак спраўлялі "зайгрышы" – хлопцы запрашалі дзяўчат да санак, бо з раніцы ладзілі катанне са снежных гор. А для маладых гаспадынь гэтая забаўка мела яшчэ і практычны сэнс: лічылася, што чым далей праедзе на санках маладуха, тым даўжэйшы лён будзе ўлетку ў яе. Усе весяліліся ды частаваліся блінамі. Дарэчы, на вузкую Маслёнку па звычаі пяклі аржаныя ці аўсяныя бліны, а на шырокую – з грэцкай мукі.

Потым хлопцы завітвалі ў госці, дзе і выглядвалі сабе нявест. Агледзіны нявест – неад’емная масленічная традыцыя, бо ужо на Чырвоную горку можна было згуляць з выбранніцай вяселле.

Ласаўка ці Ласун

У сераду, на "ласунак", сямейныя застоліі набіралі моц, бо ласавацца неабходна было столькі, колькі магчыма. Цешчы шчодра частавалі сваіх зяцёў блінамі і запрашал іх на пасядзелкі. Адсюль і прымаўка – "да цешчы на бліны"!

Разгул або "шырокі" чацвер

Калі да гэтага дня яшчэ можна было дарабляць нейкую працу, то з чацвярга ўсялякая праца спынялася. На Шырокую Маслёнку хлопцы запрагалі коней у сані, а самі сані ды конскую вупраж упрыгожвалі званочкамі і стужкамі розных колераў. І самым прывабным лічылася пракаціцца на тройцы коней.

Але ж на тое ён і Разгуляй, каб не толькі ў санях гойсаць! Таму моладзь гушкалася на арэлях, будавала, а потым штурмавала снежныя гарадкі, ладзіла кулачныя баі і, зразумела, спявала разнастайныя масленічныя песні.

Цешчыны вячоркі

Пятніца была прысвечана шанаванню цешчы. Адбывалася гэта так: зяць запрашаў з адваротным візітам любімую цешчу на свае пачастункі – цяпер бліны павінна была пячы яго каханая жонка, гэтак значыць цешчына дачка.

Залоўцы ці Залоўкіны вячоркі

І ўжо ў суботу маладая нявестка запрашала ў госці ўсіх родных, ды не проста так. Радня пільна сачыла за хатнімі іспытамі маладой дзяўчыны, перш за ўсё, кулінарнымі, бо варта было паказаць, якая яна гаспадыня. Таму субота і носіць адпаведную назву – "Залоўкіны вячоркі".

Праводзіны або Даравальная Нядзеля

Апошні дзень Масленічнага тыдня меў важны духоўны сэнс, які ўвасабляўся у неабходнасці асэнсаванага даравання за тое ці іншае здарэнне або недарчны ўчынак. У нядзелю прасілі адзін у аднаго прабачэння, успаміналі сваіх продкаў-нябожчыкаў, наведвалі месцы іх пахавання.

А чаму Праводзіны? На вогнішчы, якое абавязкова разводзілі на гары, спальвалі пудзіла Масленіцы, якое ўвасабляла развітанне з усім старым, аджыўшым свой век, ды прывітанне новай чыстай багатай маладой пары. Так знікала зіма і нараджалася новая вясна – час пачатку новага гадавога цыкла, які калісьці называлі "лета".

Святкуем – блінцы смакуем!

Бліны ранішнія

Спатрэбіцца: 4 шклянкі мукі, 1,5 шклянкі малака, 1 ст. лыжка цукру, 30 г дражджэй, 2 яйкі, 2 ст. лыжкі алею, вада.

Гатуем. Дрожджы развесці ў цёплай вадзе (некалькі лыжак), усыпаць муку, дабавіць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць на ноч. Раніцай спарыць малако і адразу ж уліць у цеста, дабавіць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны. Выпякаць на добра разагрэтай і змазанай скаварадзе. Падаваць з растопленым сметанковым маслам, смятанай або тварагом.

Грэцкія бліны

Спатрэбіцца: па 1,5 шклянкі грэцкай і пшанічнай мукі, 2 шклянкі малака, 20 г дражджэй, 1 сталовая лыжка цукру, 1 ст. лыжка сметанковага масла, 2 яйкі, соль.

Гатуем. Для рошчыны ўліць у ёмістасць дзве трэці падагрэтага да 40ºС малака, развесці дрожджы, усыпаць пшанічную муку, размяшаць да аднароднай кансістэнцыі, накрыць ручніком і паставіць у цёплае месца на 1-1,5 гадзіны.

Калі цеста падыдзе, дабавіць соль, цукар, яечныя жаўткі, растопленае сметанковае масла, грэцкую муку, астатнюю частку падагрэтага малака і, размяшаўшы, даць цесту яшчэ крыху пастаяць у цяпле.

Тым часам узбіць бялкі і акуратна ўвесці ў цеста, якое паднялося. Цяпер можна выпякаць грэцкія бліны і падаваць іх з тварагом, варэннем або падагрэтым мёдам.

Наліснікі

Спатрэбіцца: 1,5 шклянкі пшанічнай мукі, 2 шклянкі малака або сыроваткі, 2 яйкі, 200 г тварагу, 2-3 сталовыя лыжкі сметанковага масла, 0,5 шклянкі смятаны або вяршкоў, соль.

Гатуем. Муку развесці з палавінай малака, добра перамяшаць, каб не было камякоў, дабавіць соль, другую частку малака і ўзбітыя бялкі. На скаварадзе выпечы тонкія блінчыкі.

Для начынкі расцерці тварог, дабавіўшы ў яго крыху смятаны або яечныя жаўткі. Начынку пакласці на блін і закруціць трубачкай. Замест тварагу можна выкарыстоўваць і ягады.

Прыгатаваныя наліснікі пакласці ў гліняны гаршчочак, зверху паліць смятанай або вяршкамі і паставіць у духоўку для запякання. Падаваць са смятанай або варэннем.

Бліны да мачанкі

Спатрэбіцца: 130 г мукі, 200 г сыроваткі (або кефіру), 2 яйкі, 2 ч. лыжкі цукру, 0,5 ч. лыжкі соды, соль і алей.

Гатуем. У сыроватку дабавіць яйкі, цукар, соль, усыпаць муку і перамяшаць, каб не было камякоў. Потым умяшаць соду і можна выпякаць бліны. Падаваць са смятанай або варэннем.

Аўсяныя бліны

Спатрэбіцца: 2,5 шклянкі аўсяных камякоў, 0,5 шклянкі пшанічнай мукі, 1 шклянка малака, 2 яйкі, 150 г сметанковага масла, ¼ шклянкі дробнага цукру (або пудры), ¼ чайнай лыжкі соды (пякарскага парашку), соль і алей для змазвання скаварады.

Гатуем. 2 шклянкі аўсяных камякоў злучыць з мукой і дробным цукрам, перацерці або раздрабніць з дапамогай міксера. Дабавіць яйкі, малако, 100 г сметанковага масла і ўзбіць. Усыпаць соду і астатнія камякі, змяшаць, накрыць ручніком і пакінуць на 10 хвілін.

Выпякаць бліны на разагрэтай скаварадзе і, складваючы горкай, змазваць кожны сметанковым маслам. Падаваць з мёдам або варэннем.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей