Тимирязевские аграрии одни из первых на Копыльщине приступили к севу ранних яровых культур

Актуально Экономика

Сельгаспрадпрыемствы Капыльшчыны распачалі сяўбу ранніх яравых культур. Аднымі з першых да гэтага віду работ прыступілі аграрыі ААТ «Ціміразеўскі».

Землі гэтай гаспадаркі знаходзяцца на поўдні раёна. Менавіта тут раней, чым дзе сышоў снег, і глеба ўжо гатова прыняць зерне. На палетку ва ўрочышчы Ракіні ў мінулы аўторак былі пасеяны першыя 20 гектараў аўса. Распачаць важны працэс даверылі вопытнаму механізатару Івану Корзуну. На сваім энерганасычаным Беларус-3522 з камбінаваным глебаапрацоўчым агрэгатам АПП-6 «Бярэсце» ён засяваў на роўненькім полі гектар за гектарам.

■ Першыя гектары засявае Іван Корзун

— Палетак падрыхтаваны як след, таму зерне кладзецца роўненька ў радкі, — адзначае механізатар. — Працаваць вельмі прыемна, тым больш, што ведаеш — ты пачынаеш закладку новага, спадзяюся, багатага ўраджаю яравых збожжавых культур.Тэхніка працуе без прастояў, сеялку падрамантаваў зімой, цяпер яна дае даволі якасны вынік.

У першы дзень сяўбы на палеткі выйшаў адзін агрэгат, праз некалькі дзён да яго далучыўся другі. Пасля аўса на чарзе — ячмень.

— Сяўбу яравых нам неабходна правесці на 3940 гектарах, — адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Галко. — Глеба падрыхтоўваецца своечасова, насеннем забяспечаны поўнасцю. Галоўнае, што людзі настроены на працу.

Вядуць у гаспадарцы і іншыя работы. Больш чым тыдзень таму пачалі падкормку азімых культур — таксама важны веснавы клопат механізатараў. Гэта адказная справа даручана Алегу Еўсюку і Уладзіміру Казакевічу. Універсальныя агрэгаты «Раса», якія за імі замацаваны, не ведаюць прастояў. З раніцы да вечара мужчыны працуюць на палетках. У выніку азімыя збожжавыя падкормлены на плошчы больш за 700 гектараў, а яшчэ — звыш 150 гектараў рапсу (па стане на 2 красавіка).

■ На падкормцы азімых працуе Уладзімір Казакевіч

— Гэта работа для мяне не новая, — расказаў пры сустрэчы Уладзімір Казакевіч. — Летась таксама працаваў на «Расе».

— Як сёлета ладзяцца справы? — пытаемся.

— У цэлым някепска. Але месцамі вельмі гразка, буксуе «Раса».

Сяргей Галко (у цэнтры) разам з механізатарамі Уладзімірам Казакевічам і Аляксандрам Дзічкоўскім абмяркоўваюць падкормку азімых

Клопатаў у хлебаробаў зараз прыбаўляецца з кожным днём. Акрамя вышэйназваных работ у гаспадарцы зараз вядуць ворыва, закрыццё вільгаці, падрыхтоўку глебы, унясенне арганічных угнаенняў, падкормку траў калійнымі ўгнаеннямі і іншае.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *