В мемориальном комплексе «Хатынь» увековечены огненные деревни Копыльщины

Актуально Общество Память

У 1943 годзе люты цалкам апраўдаў сваю назву – стаў для многіх жыхароў Капыльшчыны сапраўды бязлітасным, жорсткім і пакінуў трагічны след у летапісе нашага краю. Менавіта тады былі знішчаны  Масявічы, Вялікія Прусы, Калодзезнае, Жавулкі, Прагрэс і Рулёва – вогненныя вёскі, што ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». 

На жаль, гэты і без таго немалы спіс далёка не поўны – на Капыльшчыне каля 20 населеных пунктаў былі спалены фашыстамі. Некаторыя з іх пасля Вялікай Айчыннай вайны так і не адрадзіліся і назаўсёды зніклі з карты раёна. Хваля жудаснага вогненнага марафону пракацілася па землях Капыльшчыны ў 1942–1943 гадах. Такая бесчалавечная мера, на думку катаў, павінна была стаць пераканаўчым урокам як для мірных жыхароў, так і для іх родных, што супрацьстаялі націску захопнікаў на палях бітваў. Аднак ці магла страта блізкіх людзей і роднай хаты аслабіць барацьбу?! Нянавісць да ворага толькі расла.

Наогул, спіс спаленых паселішчаў Капыльшчыны адкрываюць Вялікія Прусы, таму што яшчэ ў верасні 1942 года  нямецка-фашысцкія захопнікі палілі хаты і знішчалі мірных жыхароў, не шкадуючы ні малых, ні старых. На ўскрайку гэтай вёскі знаходзіцца брацкая магіла і ўзвышаецца манумент.

Адзін з яго элементаў – тры фігуры – жанчыны, старога селяніна і партызана – застылі ў чаканні расстрэлу. На суровых тварах – непакорлівасць і гнеў. Помнік уваскрашае адну са сцэн страшнай трагедыі. Тады гітлераўцы расстралялі і замучылі 255 чалавек. Чалавечых ахвяр катам аказалася мала, і яны знішчылі ўсе хаты ў вёсцы, якіх налічвалася 121.

Рулёва… Карная экспедыцыя не абмінула і гэта ціхае месца на ўзлеску  недалёка ад вёскі Сінячова (зараз –Калінаўка-2) – населены пункт быў спалены разам з жыхарамі.

Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, як сведчыць кніга «Памяць. Капыльскі раён», там было 11 двароў і 26 чалавек. Але надыйшоў страшны дзень – 23 лютага 43-га. Карны атрад акружыў вёску і сагнаў у хлеў усіх яе жыхароў. Тады ў полымі скончылася жыццё амаль усіх вяскоўцаў. Цудам выратавалася толькі адна сям’я Кубрак: Лізавета Іосіфаўна, яе муж Пётр Іосіфавіч і сын Родзя.

Аднак ім – сведкам тых крывавых падзей – жыць з велізарным цяжарам жудасных успамінаў і ў мірны час было вельмі няпроста. Аб трагічным лёсе іх аднавяскоўцаў напамінае абеліск на брацкай магіле.

Асабліва трагічнай для жыхароў Капыльшчыны аказалася зіма 1943-га – менавіта тады акупанты бязлітасна вынішчалі і людзей, і населеныя пункты. Так, 2 лютага ў в. Масявічы, што мірна тулілася ў маляўнічым месцы недалёка ад в. Руднікі, панавала звычайнае сялянскае жыццё. Нішто не прадказвала бяды.

Фашысты з’явіліся нечакана. Быццам здані, вынырнулі з лесу ў белых маскіровачных халатах. Урываліся ў хаты і ва ўпор расстрэльвалі кожнага, хто там знаходзіўся. А затым усе будынкі запалалі… Назаўтра руднікоўцы ўбачылі на месцы Масявічаў толькі абгарэлыя каміны. Тады выжыў толькі адзін чалавек, аднак і яго далейшы лёс невядомы. А 130 мірных жыхароў, што ў той жудасны дзень сталі ахвярамі зверства фашыстаў, былі пахаваны на грамадзянскіх могілках у Рудніках.

Як сведчаць дакументы, сярод іх было 11 дзяцей да двух і 47 – да дванаццаці гадоў. Самі ж Масявічы (а яны знаходзіліся на поўначы Капыльшчыны, амаль на стыку са Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнамі) пасля вайны так і не паўсталі з попелу.

Цяхоўка — невялічкі пасёлак, што перад вайной туліўся ля былога панскага саду, таксама не адрадзіўся. У 1942 г. фашысты спалілі і саму Цяхоўку, і суседнюю Славінку. Апошняя, праўда, адрадзілася. Але тут жыве ўсяго некалькі чалавек – памерлі старыя, а моладзь даўно падалася ў большыя населеныя пункты. Пра Цяхоўку ж цяпер нагадвае толькі абеліск з прозвішчамі загінуўшых.

У той жа дзень, 23 лютага 1943 года, карнікі загубілі 64 ні ў чым не павінныя жыцці ў вёсцы Рым (альбо Рыме ці Рым’е, а цяпер Дусаеўшчына). Вось як згадвала той страшны дзень сведка трагедыі Маіна Фёдараўна Каспяровіч (запісы яе ўспамінаў захоўваюцца ў Капыльскім сельвыканкаме): «Як сёння перад вачыма тое чорнае ранне. Мама, Стасевіч Марыя Пятроўна, падпаліла дровы ў печцы. Дзеці: пяць дачок, хто спаў яшчэ, а хто бегаў па хаце. Муж Марыі – Фёдар Сямёнавіч – ваяваў на фронце, і клопаты аб сям’і леглі на яе плечы. У душы ўжо некалькі дзён неспакойна. Дайшоў слух, што ў Аножкаўскім лесе партызаны забілі немца…

У другой палавіне дома прачнулася сям’я Акуліч Алены, муж якой быў у партызанах, а на руках было пяцёра дзяцей. Алена чакала ўжо шостае дзіцятка. Гадаваць малых ёй дапамагала старэнькая маці».

Далей падзеі разгортваліся быццам у страшным кінафільме. Прадчуваючы бяду, жанчыны з дзеткамі забраліся пад застрэшак хаты і назіралі за дарогай, па якой рухаліся немцы на матацыклах, падводах з саломай. Убачылі, што каля аднапавярховага драўлянага васьмікватэрнага дома насупраць збіраліся вяскоўцы, каля якіх мітусіліся фашысцкія карнікі. Жанчыны чулі, як немцы выклікалі па імёнах членаў партызанскіх сем’яў. Маці Алены Акуліч, баючыся, што падпаляць іх хату, сказала, што трэба ісці да лю-дзей. Усе спусціліся і далучыліся да натоўпу якраз у той момант, калі выклікалі сям’ю Акуліч. Пасля таго, як пераклічка закончылася, карнікі загадалі разыходзіцца тым, каго не назвалі. Сем’і ж партызан яны зачынілі ў доме, праз вокны накідалі туды саломы і падпалілі…

У 1970 годзе на брацкай магіле вёскі Дусаеўшчына ўстаноўлены абеліск, побач з ім у 1975-м – скульптура і стэла з імёнамі загінуўшых.

У спісе вогненных вёсак і Калодзезнае. Карнікі з’явіліся там 9 лютага 1943 года. Хутка пачалася дзікая расправа з мясцовымі жыхарамі – фашысты ўрываліся ў хаты, расстрэльвалі ўсіх, хто там знаходзіўся, нікога не шкадуючы. Толькі 34 чалавекі з 247-мі засталіся ў жывых пасля зверстваў фашысцкіх акупантаў. У памяць ахвяр фашызму ў 1969 годзе на брацкай магіле быў устаноўлены велічны мемарыял.

З успамінаў Змітровіча Міхаіла Іванавіча (захоўваюцца ў Вялікараёўскай сельскай бібліятэцы-клубе):

«Спачатку мы думалі, усё абыдзецца, але калі ворагі паставілі ўзброеныя пасты, стала зразумела, што будуць забіваць. Наша маці Марыя Іванаўна пайшла ў вёску Руднае, а мы, дзеці, з суседзямі ў трэцяй гадзіне ночы, адчуўшы небяспеку, сталі паціху прабірацца да могілак. У гэты дзень у доме загінуў бацька Іван Іванавіч. Ён быў інвалід і не мог пайсці разам з усімі. Загінулі і ўсе вясковыя прыгажуні, якія не хацелі ісці з немцамі. Фашысты спалілі амаль усю вёску. Нешматлікія, хто ацалеў, сталі ляснымі салдатамі».

У спісе вогненных сясцёр Хатыні значыцца і пасёлак Прагрэс. Да Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіўся на тэрыторыі Пацейкаўскага сельсавета. Тут было 14 двароў і 46 жыхароў. У лютым 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі амаль цалкам спалілі пасёлак і знішчылі 16 чалавек. У мірны час другое жыццё Прагрэс так і не набыў – пасёлак жыве толькі ва ўспамінах ды рэдкіх запісах.

З успамінаў Варанко Марыі Васільеўны, жыхаркі вёскі Пацейкі (захоўваюцца ў Пацейкаўскай сярэдняй школе):

«Жорсткую расправу фашысты ўчынілі над жыхарамі пасёлка Прагрэс. Атрад карнікаў рухаўся з мэтай расправы над жыхарамі вёскі Жавулкі. Партызаны, якія былі ў пасёлку, іх абстралялі. Тады карнікі вярнуліся назад у вёску, а на другі дзень расправіліся над жыхарамі пасёлка. Яны сагналі лю-дзей, хто не змог схавацца, у хату Караля Мікалая і расстралялі.

У гэты дзень карнікі спалілі вёску Жавулкі. З раніцы мы чулі выбухі, а пасля абеду над вёскай успыхнула вялікае полымя пажару. Пад вечар па вуліцы нашай вёскі рухаўся абоз, на санках везлі ў Капыль накрадзенае дабро жыхароў вёскі Жавулкі».

Яшчэ больш жудасная трагедыя напаткала Жавулкі. 5 лютага 1943 года  гітлераўцы ўрываліся ў хаты і аўтаматнымі чэргамі расстрэльвалі ні ў чым не павінных местачкоўцаў, а пасля падпальвалі будынкі… Крывавая лічба, якую каты пакінулі ў летапісе Жавулкаў, шакіруе: ахвярамі зверстваў сталі 512 чалавек. Прычым у асноўным знішчаны былі дзеці, жанчыны і старыя. На ўскрайку вёскі як вечны напамін аб загубленых жыццях высіцца помнік.

З палітданясення намесніка начальніка палітаддзела 1-га механізіраванага корпуса падпалкоўніка канцлера начальніку палітупраўлення 1-га Беларускага фронту генерал-маёру С.Ф. Галаджаву:

«…Даношу для паведамлення ў Надзвычайную Дзяржаўную камісію аб зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у в. Жавалкі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Расследаваннем начальніка палітаддзела 35-й механізіраванай брыгады і ў гутарках з мірным насельніцтвам Жавалкі ўстаноўлена нечуванае злачынства немцаў над насельніцтвам гэтага сяла. Жыхары гэтага сяла не хацелі падпарадкавацца катаржнаму рэжыму немцаў. Яшчэ да вайны з гэтага сяла пайшло ў Чырвоную Армію да 50 чалавек, а калі немцы захапілі гэту вёску, то 48 таварышаў пайшлі ў партызанскія атрады, якія змагаліся ў гэтым раёне з немцамі.

Немцы, палічыўшы гэту вёску небяспечнай, рашылі яе знішчыць. Перад тым, як падпаліць сяло, яны паслалі туды карны атрад, які па распрацаванай схеме разбіўся на некалькі груп па 5–10 двароў, і 5 лютага 1943 г. пачалося пагалоўнае вынішчэнне жыхароў в. Жавалкі.

Жыхар сяла Кузьміч Аляксандр Пятровіч расказвае, што раніцай 5 лютага 1943 г. яны пачулі глухія стрэлы ў хатах і падумалі, што гэта немцы забіваюць партызан. Высветлілася ж зусім іншае. Немцы забівалі ўсіх пагалоўна… Калі жыхары сяла былі знішчаны, вёску спалілі. З 123 хат у вёсцы выпадкова ацалела толькі 3».

ДА ВЕДАМА

На тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Хатынь» знаходзяцца адзіныя ў свеце «Могілкі вёсак», дзе «пахаваны» 186 беларускіх населеных пунктаў. Яны былі знішчаны разам з насельніцтвам у перыяд фашысцкай акупацыі ды так і не адрадзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Увекавечана там і вёска Масявічы. Магіла ўяўляе сабой сімвалічнае папялішча. У цэнтры — п’едэстал з жалобнай урнай, у якой захоўваецца зямля, прывезеная з колішніх Масявіч.

У гонар населеных пунктаў, што пасля вайны здолелі паўстаць з попелу, у Хатыні  ўзведзены помнік «Дрэвы жыцця». Вёскі ўвекавечаны ў камні на сімвалічных дрэвах — шэрых, быццам абгарэлых. Сярод назваў і чатыры вогненныя сястры Хатыні з Капыльшчыны — Вялікія Прусы, Жавулкі, Калодзезнае і Рулёва.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ


Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Памяць. Капыльскі раён» і інфармацыйнага рэсурсу «Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *