Заслуженный деятель науки Республики Беларусь Александр Коваленя — родом из Копыльского района

Актуально Культура

У багатым шэрагу славутых асоб, што падарыла краіне Капыльшчына, годнае месца займае і імя акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, прафесара Аляксандра Кавалені.

■ Аляксандр Каваленя

«Вёска Садкі, куды пераехала наша сям’я на пастаяннае жыхарства з Капыля, — прыгажэйшы куточак беларускай зямлі, які заўсёды вабіць, кліча, куды хочацца зноў і зноў завітаць, незалежна ад пары года. Пратаптаныя ў дзяцінстве сцяжынкі ў лесе, невялікія лугавіны пастаянна вабяць, натхняюць на роздум, дапамагаюць адпачыць духоўна, падсілкавацца творча, набрацца моцы дзеля пастаяннага пераадолення жыццёвых складанасцей, якія, на жаль, нярэдка ўсё ж з’яўляюцца спадарожнікамі нашага жыцця», — так натхнёна Аляксандр Аляксандравіч апавядаў у адным з інтэрв’ю пра Садкі, якія лічыў сваёй малой радзімай. На свет жа ён з’явіўся 14 сакавіка 1946 года ў тагачасным гарадскім пасёлку Капыль.

Бацькі нашага земляка — Аляксандр Емяльянавіч і Ганна Аляксандраўна — выхавалі шасцёра дзяцей. У такой вялікай і дружнай сям’і, пад наглядам старэйшых братоў Георгія, Уладзіміра, Леаніда, сясцёр Таісы і Зоі, у складаны пасляваенны час разгортваліся жыццёвыя «ўніверсітэты» будучага прафесара.

Дарэчы, бацька Аляксандра Аляксандравіча — кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга за ўдзел у падполлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны — у свой час быў дырэктарам школы ў Старыцы. Менавіта там першакласнік Саша Каваленя і пачаў спасцігаць навуку. Затым вучыўся ў Садках і Бадзяжах, а заканчваў школу ўжо ў Пукаве.

«Яшчэ будучы школьнікамі, мы знаходзіліся ў асяроддзі пасляваеннага жыцця, напоўненага не толькі радасцю, але і велізарнымі стратамі, — успамінаў Аляксандр Аляксандравіч. — Мы шмат ведалі аб дзейнасці партызан і падпольшчыкаў, аб трагічнай гібелі аднаго з першых партызанскіх камандзіраў І.М. Тараховіча. Разам з класным кіраўніком Бадзяжоўскай сямігодкі Паўлам Якаўлевічам Ліннікам наведвалі месцы Старыцкага бою партызан з карнікамі ў лістападзе 1942 года. Заўсёды падыходзілі да разлапістай яліны, дзе прайшлі апошнія хвіліны жыцця партызанскага важака. У гэтых паходах мы з зачараваннем доўгімі часамі слухалі расказы настаўніка аб мужнасці і самаадданай барацьбе многіх нашых землякоў супраць гітлераўскіх захопнікаў».

Ужо пасля школы, уступаючы ў самастойнае жыццё, лёгкіх шляхоў для сябе не шукаў. Жаданне стаць незалежным спачатку прывяло ў Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 23. Але вучобай у ім сябе не абмяжоўваў — адначасова наведваў школу рабочай моладзі. Затым працаваў на будоўлі, паралельна знаходзіў час і для заняткаў у аэраклубе і радыёшколе. Атрыманыя там веды неўзабаве спатрэбіліся падчас службы ў паветрана-дэсантных войсках Савецкай Арміі, дзе прайшоў сапраўдную школу жыцця. Знаходзячыся ў радах армейцаў, Аляксандр Аляксандравіч ажыццявіў 21 скачок з парашутам, а дзякуючы выдатнай фізічнай падрыхтоўцы да таго ж неаднаразова станавіўся пераможцам спартыўных спаборніцтваў.

■ Аляксандр Каваленя з жонкай Тамарай Кузьмінічнай

Вярнуўшыся пасля войска на будоўлю, Аляксандра Каваленю не пакідала мара аб атрыманні вышэйшай адукацыі. А каб больш грунтоўна падрыхтавацца да іспытаў, пашырыць кругагляд і папоўніць веды, шмат чытаў і вандраваў. Нарэшце ў 1970 годзе, пасля трэцяга «заходу», стаў студэнтам гісторыка-геаграфічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Праз некаторы час быў залічаны і ў аспірантуру, якую скончыў з паспяховай абаронай кандыдацкай дысертацыі. Нярэдка тыя, хто прысвяціў сябе навуцы, на гэтым і спыняюцца. Аляксандр Аляксандравіч жа пайшоў далей — жаданне навуковага росту прывяло ў дактарантуру.

«Сталася так, што займацца навукова-даследчай працай мне давялося ўжо ў сталым узросце, — пазней падагульняў ён. — У 35 гадоў, калі іншыя ўжо мелі ступень доктара навук, я толькі пачаў прафесійна вывучаць складаныя і супярэчлівыя праблемы Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. За больш чым паўвекавы стаж працоўнай дзейнасці прайшоў усе ступені навуковай лесвіцы — ад аспіранта да док-тара гістарычных навук, прафесара. З вышыні жыццёвага лёсу відавочна невыпадковасць майго навуковага выбару, які ў многім быў акрэслены развіццём падзей. Не магу назваць сябе фаталістам, але многае ў маім лёсе было прадвызначана абставінамі».

Да свайго 75-гадовага юбілею ўраджэнец Капыльшчыны прыйшоў з вельмі важкімі дасягненнямі. За час навукова-педагагічнай і даследчай дзейнасці ім было апублікавана каля 500 навуковых і вучэбна-метадычных работ, у тым ліку больш за тры дзясяткі манаграфій, 25 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Аляксандр Аляксандравіч выступіў арганізатарам і ўдзельнікам больш чым 150 міжнародных, рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый і навуковых кангрэсаў. Пры гэтым асноўным напрамкам яго навуковай дзейнасці з’яўлялася даследаванне гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, партызанскага руху і падпольнай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, маладзёжнага руху ХХ стагоддзя.

■ Бацькі акадэміка — Ганна Аляксандраўна і Аляксандр Емяльянавіч

Важкія дасягненні вучонага не раз былі адзначаны на самым высокім узроўні. Так, Аляксандр Аляксандравіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і залатым медалём Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «За вялікі ўклад у развіццё навукі». У 2018 годзе за манаграфію «Краіна ў агні 1941-1945» у трох тамах, шасці кнігах у складзе калектыву беларускіх і расійскіх вучоных стаў лаўрэатам Прэміі Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сярод апошніх «лаўраў» — прысваенне звання «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі-2019». Тады ж, у 2019-м, за стварэнне ў складзе аўтарскага калектыву фундаментальнага картаграфічнага выдання «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» быў удастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

«Вядома, што мае творчыя дасягненні непарыўна звязаны з сям’ёй, маімі прыгажунямі — дачушкай Алёнай, жонкай Тамарай Кузьмінічнай і самым любімым чалавекам, хто дапамагае жыць і працаваць, — унучкай Анастасіяй, — тлумачыў у адным з інтэрв’ю Аляксандр Аляксандравіч. — Менавіта яны з’яўляюцца першымі чытачамі і крытыкамі навуковых прац, ствараюць неабходныя ўмовы для творчага рабочага настрою. Сям’я — гэта той свет, вакол якога будуецца лёс кожнага чалавека. Гэта сэнс жыццёвага шляху, які дапамагае пакінуць светлы след для будучых пакаленняў і прадаўжэння роду».

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ


Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы з кнігі «Аляксандр Каваленя: творчы лёс — жыццём абраная дарога» (укладальнік А.А. Марціновіч).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *