«Вспоминаю время, когда во всех школах Копыльщины начали создавать первичные ветеранские организации»

Важное

На сходзе пенсіянераў, а іх у той час было звыш 15 чалавек, была прынята пастанова выбраць кіраўніка ветэранскай арганізацыі СШ № 1 г. Капыля. Ветэраны працы прапанавалі абраць мяне – Анну Іосіфаўну Арлоўскую.

Мне было вельмі цікава, чым яны кіраваліся?

Карнейчык Алена Антонаўна, напэўна, кіравалася тым, што я была вельмі актыўнай у дзейнасці партыйнай арганізацыі, многія гады працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Яе думку падтрымала Станавенка Вольга Мікалаеўна, падкрэсліўшы, што я магла знайсці агульную мову з усімі ветэранамі, была добразычлівай і не забывала пахваліць кожнага за станоўчы ўклад у нашу вучэбна-выхаваўчую працу. За выдатную і выніковую дзейнасць Казлоўская Валянціна Адамаўна лічыла мяне прыкладам для ўсіх настаўнікаў. Да 2002 года я была старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі  вучэбнай установы. А з 2002-га – мела дзве пасады: старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ў гімназіі і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы.

Лічу вялікім дасягненнем, што мы змаглі зрабіць вялікі ўклад ва ўвекавечванне імя нашага выпускніка, Героя Савецкага Саюза Мікалая Васільевіча Рамашкі. Пошукавая работа вялася на працягу доўгага часу.

З класнымі кіраўнікамі Валянцінай Мікалаеўнай Власавец і Верай Георгіеўнай Буцэвіцкай з піянерамі 5-х і 6-х класаў мы знайшлі месца гібелі героя, нашага выпускніка, Мікалая Рамашкі. Перапіска з аднапалчанамі  Рамашкі доўжылася да 1988 года. У гэтым жа годзе і быў адчынены мемарыяльны музей Рамашкі, які знаходзіўся ў школе.

У 2015 годзе нашай гімназіі было прысвоена імя Героя Савецкага

Саюза. Гімназісты вельмі ганарацца гэтым званнем, называюць сябе «гімназісты-рамашкаўцы». У зборы матэрыялаў для прысваення імя дапамагла і падтрымала Ірына Іванаўна Абас.

2020 год стаў значнай падзеяй для нашай раённай ветэранскай арганізацыі. Гэта быў справаздачны перыяд для ўсіх нас, старшынь пярвічных ветэранскіх арганізацый. Мне думаецца, я выканала даручэнне райсавета ветэранаў добрасумленна і своечасова. Педагогі-ветэраны, як і ўсе астатнія ветэраны, зрабілі ўсё, каб моладзь, выхаваная намі сумесна з творча працуючымі настаўнікамі, у гэтым годзе зрабіла дастойны крок у вучобе. А таксама каб юнакі і дзячаты выказвалі ўдзячнасць ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, людзям старшага пакалення на сваіх сапраўды прыгожых патрыятычных мерапрыемствах (напярэдадні 75-годдзя Перамогі) і ў шчырай любові да сваёй малой радзімы.

Маё супрацоўніцтва з класным кіраўніком, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Алай Уладзіміраўнай Панашчык і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі гімназіі Алай Іванаўнай Була  паказвае, што наша мінулая і цяперашняя педагагічная праца на высокім узроўні. Нашы «гімназісты-рамашкаўцы» ўшаноўваюць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны на класных гадзінах, уроках мужнасці і не толькі ў юбілейныя святы нашай Радзімы.  Памятаюць хлопчыкі і дзяўчынкі і пра трагічны лёс жыхароў спаленых ворагам вёсачак Капыльшчыны.

Другога і трэцяга лютага ўрокі ў гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі заўсёды пачынаюцца з хвіліны маўчання. Успамінаюцца трагедыі ў Масявічах, Рулёве, Кало-дзезным, Жавулках і іншых населеных пунктах.

З 2002 па 2014 год мне давялося ўзначаліць раённую ветэранскую арганізацыю педагагічных работнікаў. Адказнасць была высокая. Наша раённая педагагічная арганізацыя працавала шчыра і адказна. Кожны раз  напярэдадні Новага года арганізоўвалі агеньчыкі з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі для ветэранаў школ горада і раёна.

Больш за ўсё мне падабаліся абласныя семінары. Асабіста мне яны дапамаглі ў набыцці вопыту.

У мінулым годзе ў мяне пагоршыўся зрок. Таму старшынёй ветэранскай арганізацыі гімназіі выбралі ветэрана працы, былога намесніка дырэктара названай установы адукацыі  Тамару Канстанцінаўну Дубовік.  Пажадаем ёй поспехаў!

Анна АРЛОЎСКАЯ,

ветэран педагагічнай працы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *